Учора на расійскай платформе START з’явіўся трэйлер серыяла «За паўгадзіны да вясны» («За полчаса за весны»), створанага ў кааперацыі беларускіх і расійскіх кінавытворцаў. Reform.by сабраў звесткі пра кінапраект, які распавядае гісторыю музыканта, стваральніка і кіраўніка ансамбля «Песняры» Уладзіміра Мулявіна.
1. Ідэя праекта нарадзілася яшчэ ў 2014 годзе
Аказваецца, гісторыя праекта сягае ажно ў 2014 год, калі прадзюсар беларускай прыватнай «Першай КінаВідэаКампаніі» Віктар Лабковіч і яго калега Аляксей Трацюк, генеральны прадзюсар расійскай кінакампаній Yellow, Black and White, вырашылі стварыць фільм пра Уладзіміра Мулявіна.
Па словах Віктара Лабковіча, разам з Аляксеем Трацюком, які, дарэчы, родам з Брэста, яны працавалі над гэтай ідэяй шмат гадоў, і толькі ў 2020 годзе іх сумеснай заяўцы ўдалося выйграць тэндар Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на вытворчасць васьмісерыйнага серыяла. Усяго спробаў падавацца на конкурс Мінкульта было тры, прызнаваўся спадар Віктар, і толькі ўпартаць беларускага прадзюсара дала плён.
Расійская кінакампанія Yellow, Black and White, вядомая такімі гучнымі серыяламі і фільмамі як “Кухня”, “Папіны дочкі”, “Івановы-Івановы”, “Халоп”, выглядала дла беларускага ведамства гарантыяй акупляльнасці будучага прадукта. Яшчэ на той час узгадваўся і расійскі Першы канал, лагатып якога цяпер узнікае на пачатку трэйлера, — ён быў агучаны ў партнёрах расійскай кампаніі яшчэ ў 2020-м. Як бачым зараз, па звестках Film.ru, Yellow, Black and White па-ранейшаму засталіся ў вытворцах серыяла, як і ў галоўных прадзюсарах — Аляксей Трацюк, які на сёння ўжо з’яўляецца і сузаснавальнікам анлайн-кінатэатра START — пляцоўкі, дзе будзе прэзентаваны «За паўгадзіны да вясны».
Бюджэт серыяла на момант запуску складаў 4,9 мільёны беларускіх рублёў, палова з якіх была вылучана Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.
Можна сказаць, што галоўныя партнёры, заяўленыя на пачатку, не змяніліся за гэты час, але ж змяніўся, уласна, грамадска-палітычны кантэкст, у якім сумесны беларуска-расійскі прадукт ужо не выглядае тым альянсам, якім ён быў на момант лета 2020 года.
2. Але хто ў стваральніках?
У рэжысёрах серыяла — расіяне Сцяпан Каршунаў, Аксана Баркоўская, і беларус, які 20 гадоў жыве ў Расіі, — Кірыл Папакуль. Сярод сцэнарыстаў праекта — акрамя расіянкі Ганны Графковай значыцца Руслан Старыкоўскі — сцэнарыст і беларускі музычны менеджар, які супрацоўнічаў у свой час з J:МОРС і Серегой.
Галоўныя ролі ў музычным баёпіку сыгралі акцёры з Расіі — Арцём Валабуеў, Ганна Баншчыкава, Анатоль Лабоцкі, Глеб Калюжны, Ганна Дзямідава, але сярод выканаўцаў можна заўважыць і, скажам, экс-акцёра РТБД Максіма Шышкова, іншых беларускіх артыстаў.
Беларускі ўдзел у карціне, які больш-менш яўна адзначаецца з расійскага боку, — гэта кансультацыі ад старэйшай дачкі Уладзіміра Мулявіна — Марыны Мулявінай. Яшчэ ў ліпені 2020 года Віктар Лабковіч казаў у беларускіх СМІ, што Марына Уладзіміраўна дадала ў сцэнар і фільм свае ўспаміны пра бацькоў, сваякоў, а гэтаксама і калег музыканта. Яна дапамагала ў стварэнні вобразу бацькі і Арцёму Валабуеву, выканаўцу яго ролі. Гэтаксама беларускі прадзюсер распавядаў пра сустрэчы з музыкантамі «Песняроў» Валерыем Дайнекам, Уладзіславам Місевічам, іх парады таксама ўлічваліся пры стварэнні серыяла.
У цэлым, менавіта момант удзелу Марыны Мулявінай, бадай, толькі падкрэсліваецца расійскай кампаніяй у прамоцыі фільма, у астатнім — у прыватнасці, на платформе START Reform.by нідзе не ўдалося адшукаць звестак, што серыял створаны пры ўдзеле «Першай КінаВідэаКампаніі».
Вядома, што здымкі карціны ладзіліся ў Беларусі — у Мінску, Лагойску, Барысаве, а гэтаксама ў Расіі — Калінінградскай і Маскоўскай абласцях, у Маскве.
3. Так пра што будзе «За паўгадзіны да вясны»?
Планавалася, што серыял ахопіць часавы адрэзак з 1948 да 1990-х гадоў. Музычны баёпік адлюструе тры этапы станаўлення галоўная героя: знаёмства юнага Уладзіміра Мулявіна з музыкай у 1950-я, нараджэнне «Песняроў» у 1960-я, поспех ансамбля ў 1970-я і стварэнне першай рок-оперы «Песня пра долю» па паэме Янкі Купалы.
Стваральнікі падкрэсліваюць «эпічнасць» і «маштабнасць» «За паўгадзіны да вясны».
«Пошук вакалістаў і музы, адносіны з жонкай і дачкой і супрацьстаянне нядобразычліўцам — у маштабным праекце аб геніі, які пакарыў расійскую і заходнюю сцэну. Арыенцір для ўсіх, хто хоча ствараць насуперак усяму», — адзначаецца ў анатацыі да фільма.
Віктар Лабковіч у сваіх сацсетках прызнаўся, што ён вельмі доўга чакаў гэтай карціны. «Гэта лепшае, што было, і будзе..», — эмацыйна напісаў беларускі прадзюсар, для якога выхад на экраны «За паўгадзіны да вясны» — гэта этап завяршэння вялікай працы, якую ён і яго партнёры давялі да канца.
Але якім паўстане створаны серыял — цяжка сказаць, хутка пабачым. Першая серыя з дзевяці, паводле Film.ru, мусіць з’явіцца ў сеціве 31 мая.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram