На канферэнцыі «Новая Беларусь» абмеркавалі тэму захавання і ўмацавання беларускай ідэнтычнасці.
Мадэраваў дыскусію выконваючы абавязкі дырэктара Белсат TV журналіст Аляксей Дзікавіцкі. Удзельнічалі: старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў, прадзюсар, журналіст і кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін, літаратуразнаўца Наталля Русецкая, куратарка Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча Паўліна Вітушчанка, пісьменніца і журналістка Ганна Златкоўская.
Дыскусія доўжылася больш за гадзіну, выбралі з яе галоўныя моманты.
Напачатку дыскусіі мадэратар Аляксей Дзікавіцкі пацікавіўся ва ўкраінскага палітолага Яўгена Магды, як ён бачыць беларускую ідэнтычнасць. «Мы з вамі знаходзімся на адным этапе — фармавання палітычнай нацыі. І я спадзяюся, што ўкраінцы і беларусы не будуць часткай трыадзінага славянскага народа, а стануць падвойным антыімперскім цэнтрам». А агентамі перамен будуць моладзь і сярэдні клас.
Украінскі досвед, — сказаў спадар Яўген, — патрэбны будзе беларусам толькі ў якасці працы над памылкамі. Але тая трыяда, якая паўстала ва ўкраінцаў пасля 2014 года, армія — мова — вера, шмат у чым дапамагла ім у 2022 годзе падчас расійскага ўварвання. Беларусам жа трэба шукаць сваё, тое, што вызначае менавіта іх. Яўген Магда бачыць сваю трыяду для беларусаў: мір — Еўропа — веды.
Генадзь Коршунаў прапанаваў тры тэзісы, праз якія можна зразумець стан беларускай ідэнтычнасці.
Па-першае, ідэнтычнасць — гэта працэс, сёння — асабліва зменлівы. І за апошнія пяць гадоў беларуская ідэнтычнасць прайшла праз некалькі хваляў сэнсаў.
Па-другое, беларуская ідэнтычнасць не маналітная. Як мінімум, можна казаць пра нацыянальную і савецкую ідэнтычнасці, і нейкія іх прамежкавыя варыянты.
Па-трэцяе, для разумення сённяшняга стану нацыі важна асэнсаваць тое, як на беларускую ідэнтычнасць паўплывалі 2020-2021 гады. Гэта справа як экспертаў і інтэлектуалаў, так і творчых людзей: «Спачатку мы шмат казалі пра 2020 год, але апісальна, не аналітычна, пасля мы сталі казаць, што захраслі ў 2020 годзе і трэба ісці далей. Аднак сапраўднага аналізу так і не адбылося».
Рух да стварэння мірнай еўрапейскай нацыі патрабуе вялікіх высілкаў, — сказаў Сяргей Будкін. У тых нацый, якія сфармаваліся цалкам, ідэнтычнасць прысутнічае як факт і фон жыцця. У Беларусі, калі мы хочам быць прыналежнымі да мірнай еўрапейскай ідэнтычнасці, трэба кожнаму рабіць выбар і прыкладаць высілкі. Гэта рух насуперак.
«Ідэнтычнасць акрэслівае набор фактараў, якія мы лічым, што яны нас яднаюць, — патлумачыла Паўліна Вітушчанка. — Як было заўважана, наша ідэнтычнасць неманалітная, нас ніколі не аб’ядноўвала адна рэлігія, цяпер нас не яднаюць мова і дэмакратычныя каштоўнасці. Адзінае, што яднае ўсіх беларусаў — гэта жаданне быць у сабе і на сваім».
— Важная частка ідэнтычнасці — мова. Ці магчыма непрымусовае ўвядзенне дзяржаўнай мовы ў краіне? — задаў пытанне мадэратар.
— Калі параўноўваць з 1990-мі гадамі, з аднаго боку, гэта больш складаная задача, бо мова выціснутая з паўсядзённага жыцця, — адказаў Генадзь Коршунаў. — У 1990-х усе глядзелі «Калыханку», слухалі радыё, большая частка навінаў ішла на беларускай мове. І людзі чулі беларускую мову ў паўсядзённым жыцці. Цяпер гэтага няма, але, з іншага боку, статус беларускай мовы моцна змяніўся. Цяпер гэта мова супраціву, яна становіцца моднай ці, як моладзь кажа, «сэксі». Мова павінна быць паказнікам моцы, моды і якасці.
— Самы просты спосаб падняць прэстыж беларускай мовы, — патлумачыў Сяргей Будкін, — ствараць якасны кантэнт.
Усё, што з’яўляецца фонам будзённага жыцця ў іншых краінах, ствараецца на нацыянальных мовах. Чым больш мы створым такога кантэнту, тым больш ён будзе ўплываць на людзей, і больш магчымасцей з’явіцца ў наступных пакаленняў.
— Беларусы, якія вымушаны выехалі з радзімы, засвойваюць мовы тых краін, у якіх апынуліся, — заўважыла Наталля Русецкая. — Гэта адкрывае іх на вывучэнне моў і змяняе рускацэнтрычнае ўспрыманне свету.
— Беларуская мова для нас з’яўляецца камплектам каштоўнасцей, вартасцей, яна — знак таго, што мы не паддаліся ўплывам, што мы выбралі сябе і выбралі сваё, — зазначыла Паўліна Вітушчанка. — Важна разумець, што мова — не проста інструмент, за мовай ёсць вялізны фон, за які мы цяпер і змагаемся.
Ганна Златкоўская нагадала, што Беларусь — білінгвальная краіна, чаго не трэба саромецца. «Але Лукашэнка забараняе беларускую мову, а наша любімая гульня рабіць усё, каб пазлаваць Лукашэнку. Калі нешта забараняюць, мы супраціўляемся».
Адзін з тэзісаў вырашэння моўнай праблемы і выбудоўвання моцнай ідэнтычнасці — стварэнне якаснага кантэнту на беларускай мове.
Мадэратар папрасіў пералічыць такія творы. «Я магу адразу назваць топ-100, сярод іх будзе 20-30 прадуктаў з Беларусі, якія мы цяпер не можам назваць», — адказаў Сяргей Будкін. Сярод таго, што ён паспеў згадаць, былі: серыял «Працэсы», гурт Nürnberg, опера «Дзікае паляванне» Беларускага свабоднага тэатра, кнігі Альгерда Бахарэвіча, паэзія Вальжыны Морт. Іншыя суразмоўцы дадалі дзейнасць спявачкі Русі, Мікіты Мелказёрава, Маляваныча і іншых.
«Мова — гэта тое, што бачна і па мове перадусім апазнаеш свайго, але думаць трэба шырэй, не толькі пра стварэнне моўнага кантэнту, — адказаў на пытанне гледачоў Генадзь Коршунаў. — Глядзець трэба шырэй. Кантэнт можа быць беларускім не толькі на беларускай мове, сэнсы, героі, кантэкст, змест — усё гэта можа быць не толькі на беларускай мове. І калі мы працуем на прасоўванне вобраза Беларусі, то гэта павінна быць не толькі ангельская мова, гэта трэба рабіць на польскай, літоўскай і іншых мовах».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram