Выдавецтва Litaralna прэзентавала ў аўдыяфармаце кнігу Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» – містычны твор ад аднаго з пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры. Альгерд Бахарэвіч называе пісьменніка «братамі Грым белліту».
Творчасць Яна Баршчэўскага прасякнутая беларускім фальклорам і любоўю да жыхароў гарадоў і вёсак Паўночнай Віцебшчыны: Полацка, Глыбокага, Расонаў ды шматлікіх іншых. Ён адным з першых спрабаваў звярнуць увагу сучаснікаў на беларускую міфалогію.
— Шляхціц Завальня жыў каля возера Нешчарда. Узімку ён прымаў у сябе вандроўнікаў, якіх адаграваў каля коміна, даваў ім начлег і прасіў за гэта распавядаць казкі, паданні, гісторыі. Было гэта акурат перад Калядамі, таму зараз найлепшы час, каб прасякнуцца магіяй гэтай кнігі, — кажа заснавальнік выдавецтва Litaralna Уладзімір Пугач.
— Па сваім значэнні Баршчэўскі — браты Грым белліту; прычым і Вільгельм, і Якаб у адной асобе. Ад Якаба ў яго ўся этнаграфія, ад Вільгельма – чараўніцтва: казкі, пачвары, прыгоды. Розных Якабаў на тутэйшых абшарах хапала і да, і пасля Баршчэўскага, але ніводзін з іх не меў адпаведнага літаратурнага таленту. Інакш кажучы – не ўмеў чараваць, бо літаратура ёсць найперш чараўніцтвам, усё астатняе для яе неістотна, – тлумачыў пісьменнік Альгерд Бахарэвіч у вялікім артыкуле пра «Шляхціца Завальню» для «Радыё Свабода».
Паслухаць аўдыякнігу бясплатна можна на сайце, там жа можна падтрымаць далейшую працу Litaralna данатамі. Гэта ўжо пяты праект выдавецтва. Да гэта былі агучаны ўсе нумары газеты «Мужыцкая праўда» з удзелам Лявона Вольскага ды іншых вядомых беларусаў, а таксама кнігі «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага, «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча ды «Аповесць майго часу» Ігнація Янкоўскага.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: