Штомесяц адзін унікальны экспанат з калекцыі польскага Падляшскага музея дэманструецца ў холе беластоцкай Ратушы. Гістарычнай каштоўнасцю месяца ў снежні была выбрана талерка з прэсаванага шкла, вырабленая ў шкляной гуце Столе ў беларускім горадзе Бярозаўка.
Шкляная гута Столе – гэта знакаміты шклозавод «Нёман» з багатай гісторыяй, якую якраз і дэманструе артэфакт, прадстаўлены ў Падляшскім музеі.
Завод быў заснаваны ў 1883-м для вырабу бутэлек, а ў 1891 годзе яго арандатарамі сталі Вільгельм Краеўскі і Юліюс Столе — дасведчаныя тэхнолагі і арганізатары шкляной вытворчасці, якія пашырылі асартымент і ўвялі новыя тэхналогіі. Ужо ў наступным годзе яны правялі першыя ўдалыя варкі крыштальнага шкла.
У Першую сусветную вайну завод быў разбураны, у 1921-м адноўлены як шклозавод «Нёман» фірмы «Ю. Столе». Вырабляў, сярод іншага, шклянкі, лямпавае і аптэкарскае шкло, ізалятары для чыгунак, пошты і тэлеграфа і інш. У 1930 годзе завод выпускаў пятую частку ўсяго экспарту Польшчы.
А ў 1935 г. майстар гуты “Нёман” Эдмунд Мяткоўскі вырабіў урну з блакітнага шкла, у якую было пакладзена сэрца Юзафа Пілсудскага.
Прадстаўленая талерка выраблена ў 1930-я ў стылі моднага тады арт-дэко. Такую прадукцыю выконвалі з таніраванага, часам матавага шкла. Яны атрымалі міжнароднае прызнанне і экспартаваліся ў розныя краіны свету.
У 1939 годзе завод быў нацыяналізаваны. У савецкі перыяд прадукцыя завода, як і ў 1930-я, зноў займела сусветную вядомасць, таму што пошукі мастакоў завода ў масавай і аўтарскай вытворчасці былі прыярытэтнымі.
Сёння шклозавод “Нёман” па-ранейшаму займаецца вытворчасцю шкла і крышталю. У мінулым годзе яны правялі рэбрэндынг, каб выйсці з працяглага крызісу. Бо нядаўняя гісторыя “Нёмана” – прыклад выжывання постсавецкай вытворчасці. Большасць шкляных заводаў былых рэспублік спынілі сваё існаванне, замест іх з’явіліся невялікія прыватныя прадпрыемствы.
У першай палове 2000-х з мэтамі эканоміі шклозавод амаль утрая скараціў штат супрацоўнікаў і пераабсталяваў асобны цэх дзеля вытворчасці шкловаты. Сёння шкловата працягвае вырабляцца, аднак завод запрашае на працу майстроў і нават галоўнага канструктара. У межах праведзенага рэбрэндынгу кіраўніцтва паставіла мэту выпускаць прадукцыю, якая будзе карыстаецца папулярнасцю. Дзеля гэтага для легендарнага беларускага крышталя распрацавалі актуальную ўпакоўку і адкарэктавалі пазіцыянаванне. Аддзел маркетынгу праводзіць апытанні і маніторыць сацсеткі, каб вывучыць, які посуд больш за ўсё фатаграфуюць.
Завод «Нёман» быў папулярны сярод мастакоў шкла з-за сваёй эксперыментальна-мастацкай дзейнасці, але пэўны час прадпрыемству было не да эксперыментаў, яно стала абслугоўваць дзяржаўныя, карпаратыўныя і спажывецкія заказы.
На трыенале дэкаратыўнага мастацтва “Дэкарт”, на галоўнай выставе, якая апошнія дні праходзіць ў мінскім Палацы мастацтва, можна ўбачыць пазітыўныя вынікі плённага супрацоўніцтва мастакоў шкла з заводам “Нёман”. У сакавіку 2022 года на прадпрыемстве прайшоў сімпозіум мастацкага шкла, падчас якога пяць аўтараў з Мінска рэалізавалі свае аўтарскія мастацкія праекты разам з брыгадай майстроў-выдзьмувальшчыкаў высокага класа. На выставе творы гэтых мастакоў шкла, якія атрымалі выдатныя тэхналагічныя магчымасці для сваёй працы, выразна вылучаліся крэатыўнасцю і майстэрствам.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: