Кніга, выстава, спектакль… Праект беларускага фатографа і аўтара Сяргея Лескеця «Шэпт», прысвечаны бабулям-шаптухам і іх знікаючай справе, за мінулыя гады трапіў у лік самых яскравых падзей культурнага жыцця ў Беларусі. Ён займеў самыя розныя ўвасабленні і прачытанні, ды і сёння працягвае жыццё, атрымоўваючы новыя прапановы ад рэжысёраў, мастакоў і выдаўцоў. Але за мяжой «Шэпт» пакуль існуе як набор фатаграфій невядомага аўтара. Да такой высновы можна прыйсці, дазнаўшыся пра інцыдэнт у польскім тэатры TR Warszawa. Выява беларускага фатографа была задзейнічана ў новым спектаклі інстытуцыі, але пра гэта аўтар даведаўся цалкам выпадкова.
Што за спектакль?
«Кацяня памачылася на мой сцяг. Хронікі з Данбаса» (Mój sztandar zasikał kotek. Kroniki z Donbasu) — тэатральны праект па творах украінскай аўтаркі Лены Лягушонкавай быў прэзентаваны публіцы напрыканцы красавіка. Яскравая пастаноўка польскай рэжысёркі і акторкі Аляксандры Паплаўскай злучае некалькі п’ес драматургіні — перад гледачом паўстае гісторыя сям’і, якая жыве ў невялікім мястэчку ля Данбаса. Гісторыя, якая заснавана на асабістым досведзе Лены Лягушонкавай, «не толькі дае зразумець кантэкст цяперашняй вайны з Расіяй, але, перш за ўсё, паказвае лёсы людзей, якія пад націскам гісторыі спрабуюць застацца ў жывых і захаваць сваю годнасць». Так гучыць анатацыя да спектакля.
«Праект «Кацяня памачылася на мой сцяг” – гэта новая форма талакі – узаемадапамогі і супольнасці, дзе аб’ядноўваюцца польскія і ўкраінскія мастакі. Калісьці ва Украіне збіраліся на талаку падчас жніва ці высечкі лесу – сёння для адбудовы вызваленых вёсак. Раней талака пачыналася з частавання, якое часта суправаджалася музыкай і танцамі, і заканчвалася сытнай ежай і напоямі. Мы запрашаем вас на нашу рэйв-падобную талаку, на чырвоную дарожку, разгорнутую ў адноўленым, вольным Луганску. «Таму што Луганск прыгожы, як Каны», — вітае публіку і вызначае адметнасць падстаноўкі на сайце тэатра TR Warszawa рэжысёрка Аляксандра Паплаўская.
У спектаклі задзейнічаны польскія і ўкраінскія акторы. Над яго сцэнаграфіяй працаваў польскі мастак, але таксама ў камандзе, адказнай за сцэнічнае афармленне, былі і ўкраінскія творцы.
Пастаноўка ўжо выклікала ўвагу прэсы, атрымала добрыя рэцэнзіі, і яе паказы анасуюцца на бліжэйшыя месяцы.
Здавалася б, трапіць у такі праект для кожнага аўтара — поспех. Але калі фатаграфію з твайго праекта выкарыстоўваюць без твайго дазволу — магчымы поспех пераўтвараецца ў скандал.
Як гэта высветлілася?
Тое, што фотаздымак з нашумелай у Беларусі серыі і кнігі трапіў у новую пастаноўку TR Warszawa, высветліла беларуская тэатральная менеджарка Лена Канцэвіч. Адмыслоўца — не першы год у індустрыі тэатра, і, у прыватнасці, толькі на пачатку года працавала над сумесным нямецка-беларускім праектам «Купалаўцы: Kuo vadis?», у якім твор Сяргея Лескеця акурат атрымаў рэжысёрскае прачытанне Рамана Падаляка.
Наша субяседніца выбралася на новы спектакль у TR Warszawa свядома — TR Warszawa лічыцца прагрэсіўным і адным з найлепшых тэатраў на польскай сцэне. Гэтаксама Лена Канцэвіч з’яўляецца прыхільніцай твораў украінскай драматургіні Лены Лягушонкавай.
— Я бачыла пастаноўку «Маць Горкага» па яе п’есе ў Штутгарце, — дзеліцца адмыслоўца. — Вельмі класны спектакль. Калі я пачула, што новая пастаноўка ў Варшаве ў TR Warszawa будзе па яе драматургіі, вырашыла схадзіць абавязкова.
Менеджарка купіла квіткі, трапіла на спектакль, і практычна адразу, у першых сцэнах, убачыла на адмысловай канструкцыі на сцэне праекцыю фатаграфіі Сяргея Лескеця.
— Не пазнаць яе было немагчыма. Сяргей Лескець выступіў са сваёй кнігай у беларускай прасторы надзвычай яскрава. Яго вобразы бабулек-шаптух моцна запамінаюцца. І тым больш гэтая ж самая фатаграфія была i ў пастаноўцы Ромы Падаляка на нашым праекце. Разоў сто бачыла яе ў нашых декарацыях, — дадае яна. — «Ого! Варта павіншаваць Сяргея», — падумалася мне тады, калі з’явілася праекцыя фотаздымка. Але на ўсялякі выпадак я вырашыла пашукаць імя Сяргея на сайце тэатра.
Але згадку пра працу суайчынніка на старонцы TR Warszawa Лена не знайшла.
Тут варта дадаць, што фотаздымак беларускага аўтара з’яўляецца ў спектаклі не аднойчы. Лена адзначыла, што праекцыя фатаграфіі выкарыстоўваецца на пачатку тэатральнага дзеяння; затым фатаграфія «ажывае» ў сцэне замовы — здымак анімавалі ў мастацкіх мэтах; і таксама напрыканцы пастаноўкі яна становіцца часткай агульнага калажу.
— Згодна з сюжэтам спектаклю, бабуля галоўнай гераіні — шаптуха. Адпаведна фотаздымак беларускага фатографа адыгрывае ролю візуальнага ўвасаблення гэтага персанажа, — удакладняе кантэкст Лена Канцэвіч.
Калі менеджарка пасля сваіх пошукаў звязалася з беларускім фатографам наконт яго працы, высветлілася, што пра выкарыстанне фотаздымка ва ўкраінска-беларускім праекце ён нічога не ведае.
— Гэта быў сюрпрыз для яго, — канстатуе наша субяседніца. — Тады я параілася з Сяргеем і прапанавала яму ад свайго імя звязацца з тэатрам і пазначыць праблему. Мне падалося важным не пакідаць гэту справу, — распавядае беларуска.
«Гэта далёка не першы выпадак»
Сяргей Лескець прызнаўся, што калі пачуў ад Лены навіну пра свой здымак, ён быў агаломшаны.
— Я ўжо не першы раз у сваім жыцці сустракаюся з практыкай, калі маімі напрацоўкамі карыстаюцца чужыя людзі. Нібыта так і трэба. І тое, што гэта адбываецца ў нашай беларускай прасторы, — ні для каго не сакрэт, у нас бы яшчэ сказалі, што сам вінаваты, — смяецца аўтар. — Але калі сустракаешся з такімі парушэннямі аўтарскага права ў замежных краінах — гэта расстройвае, — дадае мастак.
Сяргей Лескець распавёў, што калі фотаздымкі з яго серыі бабулек-шаптух пачалі з’яўляцца ў публічным полі, друкавацца ў замежных часопісах, ён атрымліваў нямала прапаноў «сумніўнага кшталту» ад розных культурных дзеячаў.
— Часта такія прапановы паступалі ад маладых куратараў і куратарак, менеджараў і менеджарак, мастачак і мастакоў, — тых людзей, якія толькі пачынаюць сваю кар’еру, — кажа фатограф. — Яны звязваюцца з табой і хочуць хуценька дамовіцца на бясплатнае выкарыстанне прац. Прычым часта інфармацыю як, у якім кантэксце будзе выкарыстана твая праца — мала хто лічыць важным паведаміць, — дзеліцца досведам Сяргей.
У выпадку з украінска-польскай пастаноўкай беларускага творцу моцна здзівіла тое, што, уласна, вядомы польскі тэатр дапусціў такі недагляд.
— Падобная адсутнасць этыкі звычайна назіраецца ў людзей з постсавецкай прасторы, — выказаў сваю думку фатограф.
Сяргей Лескець прызнаўся, што яму быў бы цікавы досвед удзелу ў міжнародным праекце.
— І такім як гэты спектакль, — дадае ён. — Толькі я быў хацеў ведаць, у якім кантэксце з’явіцца мая праца, хацеў бы, каб са мной звязаліся загадзя…. А так — усялякая матывацыя адпадае. І тым больш вымалёўваецца сітуацыя, што калі б Лена і іншыя беларусы не трапілі б на спектакль і не пазналі б фатаграфію, усё працягвалася б, як і належна.
Беларуская талака
Як высветлілася, акрамя лістоў у адміністрацыю тэатра ад Лены Канцэвіч, гэтаксама уTR Warszawa звярнулая «па тым жа пытанні» беларуская тэатральная менеджарка Марына Дашук.
— Я супрацоўнічаю з польскімі тэатрамі ўжо даўно і ведаю, што ў іх пытанні захавання аўтарскага права адсочваюцца вельмі сур’ёзна, — падзялілася яна сваёй экспертызай. — У кожнага тэатра ёсць аддзел аўтарскіх правоў — у яго падаюцца спісы аўтараў, творы якіх выкарыстоўваюцца ў кожным спектаклі. Далей супрацоўнікі гэтага аддзела звязваюцца з мастакамі, рэжысёрамі, дызайнерамі, фатографамі і заключаюць з імі дамову. Тое, што імя Сяргея не было пазначана ў гэтым спісе — гэта відавочна. На маю думку, хтосьці не палічыў важным яго ўзгадаць, — кажа яна.
Беларусы ў адстойванні правоў свайго суайчынніка раптам выступілі таксама талакой.
І гэтыя захады далі свой плён.
Чым завяршылася гісторыя?
Тэатр TR Warszawa выйшаў на сувязь з беларускімі менеджаркамі і фатографам.
Адказы на лісты атрымала Лена Канцэвіч. У Марыны Дашук адбылася вялікая размова з прадстаўнікамі тэатра. Таксама тэатр звязаўся з Сяргеем Лескецем.
— Так, са мной звязалася прадстаўніца тэатра і папрасіла прабачэння, — распавёў фатограф вынік гісторыі. — Яна прызналася, што для іх гэта вялікая рэпутацыйная страта. Мне прапанавалі дамову на выкарыстанне выявы, — дадае ён. — Спектакль дабрачынны — частка заробленых з яго грошай ідзе на дапамогу, таму я аддаў права тэатру вызначыць суму майго ганарару, сыходзячы з сітуацыі, — распавёў і пра свае крокі насустрач аўтар «Шэпту».
Па словах Сяргея Лескеця, тэатру не было даведзена, што фатаграфія, якая задзейнічана ў set-афармленні, належыць беларускаму аўтару. Але чыя канкрэтна гэта віна — у фармуліроўцы не гучала.
Лена Канцэвіч падзялілася сваім развагамі па выніках рэакцыі тэатра.
— Я радая, што канфлікт удалося вывесці ў прадуктыўнае рэчышча, — падсумоўвае яна. — Тут гучала думка, што падобнае стаўленне да працы Сяргея мае палітычную падаплёку. Маўляў, гэта беларусы, з імі можна не дамаўляцца. Але я не згодная — на маю думку, гэта сітуацыя — вынік ляноты і недапрацоўкі, адсутнасці культуры прававога поля. Давайце не забываць пра яе, і вучыцца гэтаму.
На пытанне, што падштурхнула яе ўвогуле праявіць прынцыповую пазіцыю, наша субяседніца адказвае.
— Мяркую, што гэта часткова звязана з тым, што я — у індустрыі. І гэта важная праблема — павагі працы адно аднаго. З аднаго боку, гэта сітуацыя цягне на скандал. З іншага, ніхто з бакоў скандаліць не хоча. І я думаю, што самае найлепшае тут выйсце — вынесці з гэтага канфлікту ўрок.
***
На актуальны момант на сайце тэатра з’явілася пазнака пра аўтарства фатаграфіі Сяргея Лескеця. Але дамову аб супрацоўніцтве беларускі фатограф пакуль не атрымаў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: