Сышоў Ален Дэлон — выбітны актор і зорка французскага і сусветнага кінематографа, які стварыў славу і быў часткай «залатой эры» французскага і італьянскага кіно. «Упалы анёл», «самурай», «актор, які спалучаў у сабе душу д’ябла і аблічча анёла», найпрыгажэйшы артыст, якому ўдавалася ўвасобіць у ролях складаных людзей з двайной ідэнтычнасцю — у постаці Алена Дэлона сканцэнтравана не адна эпоха, і паміж тым за «іконай» заўжды праступала асоба — са сваім поглядам на жыццё, прынцыпамі і характарам. Узнаўляем культавыя ролі актора, які сышоў сёння на 89-м годзе жыцця.
«На яскравым сонцы» (1960)
Фільм Рэне Клемана, пасля якога малады актор атрымаў прызнанне ў французскім кіно і вядомасць далёка за межамі Францыі. Сёлета публіка абмяркоўвае міні-серыял «Рыплі» ад «Нетфлікс» з Эндру Скотам у галоўнай ролі, а паміж тым гісторыю ашуканца Рыплі ў далёкім 1960-м увасобіў 25-гадовы Ален Дэлон. Па-д’ябальску прыгожы, малады артыст прапанаваў гледачу абаяльнага і амаральнага персанажа, які, нагадаем, забівае свайго багатага сябра, каб у выніку скрасці яго «салодкае жыццё». Рэжысёр карціны быў уражаны здольнасцю Дэлона выканаць на пляцоўцы «самыя неверагодныя рэчы».
«Рока і яго браты» (1960)
Італьянскі рэжысёр Лукіна Вісконці заўважыў Дэлона акурат на карціне «На яскравым сонцы» Клемана і запрасіў маладога актора сыграць аднога з братоў беднай сям’і Парондзі. Каб пракарміць сям’ю, якая перабралася з роднай вёскі ў Мілан у пошуках лепшай долі, герой мусіць пайсці ў баксёры. На стужцы Вісконці робіць нечаканае — ён не эксплуатуе знешнасць французскага актора. Дэлон грае ў фільме маладога чалавека неверагодна добрага, самаахвярнага і адданага сям’і, без какецтва і залішняй брутальнасці — пры тым, што герой зарабляе на жыццё боксам. Гэта ўжо амплуа не спакушальніка і амаральнага тыпа з «На яскравым сонцы», а «чыстая душа» ў абліччы сына, брата, каханага. Работа Дэлона пакідае моцнае ўдзеянне.
Дадамо, што ў 1962 годзе артыст здымецца ў яшчэ адной карціне Лукіна Вісконці— «Леапард». Гэта будзе роля афіцэра караля Савойскага — Такрэдзі. За работу ў гэтай карціне актор будзе намінаваны на прэмію «Залаты глобус».
«Зацьменне» (1962)
У драме Мікеланджэла Антаніёні Дэлон грае разам з Монікай Віці. «Зацьменне» завяршае вядомую трылогію адчужэння італьянскага рэжысёра, у якой майстар фіксуе страту ў сучасным грамадстве блізкасці і міжасабовых сувязяў. Французскі актор увасабляе ў карціне біржавога маклера П’еро, пачуцці якога атрафіраваны, выхалашчаны. Моніке Віці і Алену Дэлону трапна ўдаецца перадаць стомленасць (ці несаспеласць) душ герояў і іх няздольнасць пабудаваць сувязь у «глухім» гарадскім асяродку.
«Чорны цюльпан» (1964)
Перамесцімся адразу ў 1964 год, калі выйшла кінакарціна «Чорны цюльпан» Крысціяна-Жака, у якой французскі артыст заваёўвае свет як герой прыгодніцкага жанру. Увасабляючы ў стужцы дзве постаці — мужнага і эгацэнтрычнага графа Гіёма дэ Сен-Прэ і яго рамантычнага і зараджанага ідэямі Французскай рэвалюцыі брата, Дэлон скарае жанчын свету і, у прыватнасці, Савецкага Саюза. У кінапракаце СССР фільм з «двайным Дэлонам» займае 20-е месца па наведвальнасці сярод замежных стужак. Падчас паўторнага праката карціны ў 1984 годзе «Чорны цюльпан» паглядзелі 28,9 мільёны гледачоў. Агульная аўдыторыя за два выпускі ў пракат склала 76,7 мільёнаў чалавек.
«Самурай» (1967)
У 1967 годзе выходзіць на экраны неануар Жана-П’ера Мельвіля, у якім створаны Дэлонам вобраз кілера Жэфа Кастэла становіцца культавым. Аблічча стрыманага і адслоненага забойцы ў стыльным плашчы і капелюшы стане іканічным, аказаўшы ўплыў і на сусветны кінематограф, і ў тым ліку на моду.
Актор ў стужцы грае кілера-самурая, убудаванага ў сістэму, кожная хвіліна дня якога ўпісана ў жорсткі расклад. Знешне непарушны і спакойны, гэты стрыманы забойца раптам дазваляе сабе экзістэнцыйны збой праз шэраг знешніх выпадковасцяў — і вызваляецца з закальцаванай руціны праз свядомае рашэнне памерці.
Карціна стала папярэднікам такіх стужак як «Сабака-прывід. Шлях самурая» Джыма Джармуша, «Кілер» Джона Ву, «Забойца» Дэвіда Фінчара і іншых.
«Месье Кляйн» (1976)
Стужка, у якой Дэлон пасля шэрагу крымінальных роляў рызыкуе і спрабуе нешта для сябе новае. У карціне Джозефа Лаузі ён увасабляе не крутога хлопца, а звычайнага буржуа — прыстойнага гандляра мастацтвам Рабера Кляйна ў акупаванай немцамі Францыі. Ён не цікавіцца, як гаворыцца, палітыкай, але ўсё пачынае мяняцца, калі Кляйн высвятляе, што ў горадзе ёсць габрэй з такім жа самым як у яго імём і прозвішчам. Невыпадкова за выкананне гэтай ролі актор быў намінаваны на прэмію «Сезар» — артыст дазволіў сабе ў кіно адкрыцца ў нечаканым амплуа, а не пайсці пратораным шляхам.
«Наша гісторыя» (1983)
Адна з апошніх акторскіх удачаў Дэлона — роля пакамечанага алкаголіка Рабэра Аўрана ў сатырычнай драме Бертрана Бліе «Наша гісторыя». Персанаж французскай зоркі закахаўся ў жанчыну-німфаманку (як грае Наталі Бай) і апантана за ёй крочыць. Яму нічога ад яе не трэба, толькі каб яна дапамагла яму завязаць з мінулым жыццём і падарыла Бертрану сваю ўсмешку. Гэта амаль пародыя на папярэдніх мужных, нешматслоўных і бездакорных герояў, увасобленых Дэлонам у 1970-я, не выклікала асаблівых сімпатый у публікі — карціна правалілася ў пракаце. Але работу Алена Дэлона ацанілі прафесіяналы — актор быў ўганараваны за яе прэміяй «Сезар» у намінацыі за найлепшую мужчынскую ролю.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram