«Прыватная прастора сноў, болю і трывог»: фестываль «Паўночнае ззянне» анансаваў Беларускую праграму

12 фільмаў беларускіх аўтараў і аўтарак былі адабраны ў адну з галоўных праграм фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне». IX эдыцыя форума, заснаванага прадзюсаркай і кінематаграфісткай Воляй Чайкоўскай, пройдзе сёлета з 13 па 26 лістапада бясплатна ў online і па квітках offline ў Вільні і Таліне.

«Чырвонай ніткай праз сабраныя ў конкурсе фільмы праходзіць рэфлексія, пераасэнсаванне падзей 2020 года ў Беларусі і непасрэдна галоўная тэма кінафэсту сёлета — адлегласць», — адзначае каманда фэсту.

У праграму ўвайшлі: «Радзіма» Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзяка, «У жывым эфіры» Мары Тамковіч, «Калыханка» (ананімны аўтар), «Усё добра. Я сплю» (ананімны аўтар), «Ператрымка» Андрэя Кашперскага, «Ястраб памерам з каня» Сашы Кулак, «Чатыры колы далей ад цэнтра» Лены Ле, «Смеццевая галава» Юрыя Сямашкі, «Котка» Наты Карнеевай, «Дзённік Анастасіі» Максіма Буйніцкага, «Мяцеліца» Лізаветы Багатка. Па-за конкурсам будуць паказаныя «Беларусь. OST» Янкі Банкоўскага і нашумелы альманах «COOL», які сабраў навэлы французскіх, рускіх, румынскіх, валійскіх, украінскіх, нямецкіх рэжысёраў, а гэтаксама беларускіх аўтараў на тэму беларускіх навін.

Праграмны дырэктар Беларускага кіно Ігар Сукманаў даў больш разгорнуты каментар пра аблічча сучаснага беларускага кіно на прыкладзе складзенай праграмы.

«Феномен беларускага кіно сёння не мае дакладных абрысаў, межаў і індустрыйных перспектыў. Відавочна толькі тое, што з гэтых часціц (беларускіх фільмаў) складаецца выява сучаснай рэчаіснасці, — разважае ён. — Беларусь і свет, убачаныя вачыма маладых рэжысёраў-мастакоў, — гэта вельмі прыватная прастора сноў, болю і трывог.

Гэта не цалкам поўнамаштабная з’ява. Беларускае кіно, хутчэй, існуе ў выглядзе эскізаў ці накідаў вялікіх праектаў. Але нават у такім фармаце малых форм гэтыя работы валодаюць адной бясспрэчнай якасцю. Наколькі б ні былі аўтары маладымі, іх фільмы не ўзнімаюцца над рэальнасцю і не падмяняюць яе. У іх расказваюцца гісторыі пра перажытае і асэнсаванае, пра разнастайныя бакі жыцця, у якіх сапраўдныя драмы стагоддзя і мастацкая выдумка сведчаць аб нашым цяжкім, абсурдным і парадаксальным часе, які патрабуе ад кожнага адвагі і пачуцця годнасці. Такі сумленны погляд у беларускім кіно заўсёды быў у дэфіцыце, але сёння гэта становіцца галоўнай адметнай рысай нацыянальнай кінематаграфіі, якая існуе насуперак ідэалагічным дыктатам і законам кінабізнесу».

Беларускія фільмы на фестывалі будзе ацэньваць міжнароднае журы. У яго склад увайшлі: украінская прадзюсарка Дар’я Бассель, беларускі рэжысёр Аляксей Палуян, дырэктар Еўрапейскага кінарынку Berlinale з Германіі Дэніс Ру.

Каманда форума адзначае, што ўпершыню на «Паўночным ззянні» стужкі, якія адзначаць журы, будуць уганараваныя грашовымі прызамі. Фільм, які заваюе Гран-пры, атрымае грашовы прыз у памеры 1200$, а тая стужка, якой сябры журы прысудзяць Спецыяльны прыз, атрымае 800$. Прызавая падтрымка прадастаўляецца тэлеканалам «Настоящее время».

Фестываль «Паўночнае ззянне» сёлета мае патрэбу ў падтрымцы, таму каманда форума будзе ўдзячная сваім гледачам за данаты.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!