«Прыпынак Еўропа» — спектакль пра досвед ваеннай эміграцыі беларусаў і ўкраінцаў пакажуць у Варшаве

Як уплывае эміграцыя на нацыянальную ідэнтычнасць? Што адбываецца з беларусамі і ўкраінцамі ў часы вайны і вялікіх узрушэнняў? Ці магчымы яшчэ дыялог паміж двума народамі? І ці могуць сем’і, унутрана раз’яднаныя ў выніку выбару розных палітычных варыянтаў, знайсці згоду? Такія пытанні падымаюцца ў дакументальным спектаклі «Прыпынак Еўропа» беларускай рэжысёркі Валянціны Мароз, створаным у супрацы чэшскіх, беларускіх і ўкраінскіх тэатральных дзеячаў. 4 і 5 верасня пастаноўка, заснаваная на асабістых гісторыях беларусаў і ўкраінцаў, будзе паказана на сцэне Інстытута Тэатральнага ў Варшаве.

Прэм’ера спектакля па тэксце Анастасіі Рэлітавай адбылася яшчэ ў 2023 годзе ў пражскім тэатры Divadlo X10. Зараз «Прыпанак Еўропа» атрымаў магчымасць быць сыграным перад познаньскай і варшаўскай публікай.

Сцэна са спектакля. Фота: Dita Havránková.

Як распавядаюць пра пастаноўку яе стваральнікі?

«Прыпынак Еўропа» на прыкладзе сітуацыі беларусаў і ўкраінцаў разглядае глыбокія змены, якія перажываюць людзі падчас вялікіх узрушэнняў. Для беларусаў пераломным пунктам сталі пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў у жніўні 2020 года. Грамадская апазіцыя выклікала беспрэцэдэнтную хвалю рэпрэсій, якая вымусіла сотні тысяч грамадзян пакінуць радзіму. Для ўкраінцаў пераломны момант наступіў 24 лютага 2022 года, калі мільёны людзей, у асноўным жанчын і дзяцей, былі вымушаныя пакінуць свае дамы, бо расійскія войскі пачалі няспынныя абстрэлы і бамбёжкі.

«Прыпынак Еўропа» звяртае ўвагу на ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці і прадстаўляе праблемы, якія ўзнікаюць пры адаптацыі да новых сітуацый і месцаў пражывання, — дадаюць аўтары. — Ды таксама спектакль спрабуе праліць святло на змены адносін паміж украінцамі і беларусамі. Ён пытаецца, ці ёсць шанц аднавіць дыялог», — зазначаюць яны.

Сцэна са спектакля. Фота: Dita Havránková.

У акцёрскіх ролях задзейнічаны: Эле Нова, Ганна Сабалеўская, Хрысціна Валавік, Канстанцін Жыроў.

Драматургія — Каця Чэкатоўская, Онджэй Навотны. Сцэнаграфія — Люцыя Пангракава.

Дызайн касцюмаў — Ганна Казакова і Валянціна Мароз.

Музыка — Йіндржых Чыжэк. Відэа — Юсупава.

Спектакль іграюць на беларускай, украінскай і рускай мовах з польскімі і англійскімі субтытрамі.

Важна дадаць, што «Прыпанак Еўропа» нарадзіўся ў выніку супрацоўніцтва чэшскіх інстытуцый Rekultur, Divadlo X10 і беларускай Social Theatre Lab, якая існуе з 2017 года. Нагадаем, мэтай беларускай Сацыяльнай Тэатральнай Лабараторыі, якую ўзначальвае Валянціна Мароз, было і ёсць — праз тэатр звярнуць увагу людзей на сацыяльна важныя, траўміруючыя і часта недаацэненыя тэмы і праблемы беларускага грамадства.

Набыць квіткі на пастаноўку можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!