Прыезд Кіркорава ў Мінск абурыў беларускую публіку, але поўную залу спявак сабраў

Выданне «Наша ніва» заўважыла ў інстаграме відэа Філіпа Кіркорава, у якім ён распавядае пра канцэрт у Мінску. Ён дарэчы, ужо адбыўся ў Палацы Рэспублікі пры поўнай зале. Аднак каментары пад відэа даволі красамоўныя. «Бацька, як ты мог дапусціць гэты цуд у пёрах у Беларусі?», «Філя, малайчына, што прыехаў у Беларусь, але не ўздумай напяліць калготкі і абвешаць сябе пёрамі. А то Бацька выпрэ, зганьбішся».

У дзень канцэрта Кіркораў запісаў відэа на фоне афіцыйнага беларускага герба ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Ён звярнуўся да фанатаў: «Нарэшце маё шоу ў Мінску, у маім любімым Мінску, на беларускай зямлі».

Ябацькі былі незадаволены, піша «Наша ніва», бо лічаць Кіркорава, як самі пішуць, «рассаднікам гомасэксуалізму». Дарэчы, у мінулым годзе сярод ворагаў артыста была Вольга Бондарава — яна спрабавала скасаваць яго канцэрты і нават збірала подпісы за іх адмену. Мінгарвыканкам тады паабяцаў ёй у афіцыйным адказе — Кіркораў не будзе выконваць песню «Марыя Магдалена» ў Мінску, а ўпраўленне культуры Мінгарвыканкама правядзе маніторынг канцэрта. Але шоу тады не пабачылі ні ў Мінску, ні ў Гродне. Па афіцыйнай версіі — гэта адбылося «ў сувязі з непераадольнымі абставінамі, якія перашкаджаюць дастаўцы тэхнічнага абсталявання і артыстаў».

Цяпер у каментарыях беларусы згадалі Кіркораву адмену канцэрта ў 2020 годзе з-за каронавіруса. Тады не ўсе фанаты вярнулі квіткі, нехта да апошняга чакаў новыя даты шоу і ў выніку страціў грошы. Для кагосьці гэта стала нагодай ігнараваць новыя канцэрты спевака.

Беларускія гледачы нагадалі Кіркораву і пра тое, што падчас пандэміі ён намякаў журналістам, што заразіўся кавідам падчас «Славянскага базару» ў Віцебску. Тады Лукашэнка асабіста ўручаў артысту ўзнагароду «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення».

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.