Праект «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра» мяркуе развіваць беларускую незалежную школьную адукацыю. 12 студзеня ў Вільні адбылася прэзентацыя новай пляцоўкі разам з яе партнёрамі — Міжнародным кансорцыумам «ЕўраБеларусь», Офісам Святланы Ціханоўскай і Беларускай Радай культуры.
Падкрэсліваецца, што Vasminoh будзе даваць новыя адукацыйныя магчымасці для беларускіх школьнікаў як унутры краіны, так і за мяжой. Маецца на ўвазе стварэнне лічбавай платформы адукацыі і грантавай сістэмы для адукацыйных ініцыятыў.
«Будзе створана лічбавая платформа і серыя анлайн-курсаў, арыентаваных на аўдыторыю ўнутры краіны і па-за яе межамі, — распавёў пра прынцып працы праекта на прэзентацыі яго кіраўнік Аляксей Канстанцінаў. — Мы будзем падтрымліваць адукацыйныя ініцыятывы ад удзельнікаў, якія пражываюць у Беларусі».
Кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін звярнуў увагу на беларусацэнтрычнасць платформы.
«Такія праграмы падтрымкі як “Васьміног” могуць паспрыяць зменам у сістэме адукацыі і зрабіць яе беларусаарыентаванай, — давёў ён. — Каб нашы дзеткі ганарыліся сваёй культурай і гісторыяй і раслі сапраўднымі беларусамі”.
Святлана Ціханоўская заўважыла, што Vasminoh адкрывае магчымасці і для настаўнікаў, якія пацярпелі ў выніку рэпрэсій у Беларусі.
«Гэтая платформа зможа вярнуць сумленным беларускім настаўнікам магчымасць займацца любімай працай — вучыць і выхоўваць дзяцей, не ідучы на здзелку з сумленнем», — сказала на сустрэчы лідарка беларусаў.
Дадаецца, што Vasminoh таксама мусіць закласці падмурак будучым рэформам школьнай адукацыі ў Беларусі. Ён будзе працаваць і як Канцэптуальная Лабараторыя.
«Праект будзе спрыяць засваенню дзецьмі разнастайных ведаў пра Беларусь, культываваць здольнасці самастойнага мыслення», — давяла сутнасць новай ініцыятывы прадстаўніца па адукацыі і навуцы Офіса Святланы Ціханоўскай Таццяна Шчытцова.
Ужо на сёння вядома, што на развіццё адукацыйнага праекта «Васьміног» Еўракамісія вылучыла 1 млн еўра.
Сайт ініцыятывы можна паглядзець тут. Сацсеткі — тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram