7 чэрвеня а 21.00 на пляцоўцы Village East by Angelika ў межах нью-ёркскага фестывалю Tribeca адбудзецца прэм’ерны паказ ігравой стужкі «Пад шэрым небам» беларуска-польскай рэжысёркі Мары Тамковіч. Поўнаметражны фільм, натхнёны постацямі і гісторыяй Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, будзе паказаны на вядомым форуме незалежнага кіно, заснаванага Робертам Дэ Ніра, Джэйн Розенталь і Крэйгам Хаткофам.
Нагадаем, што фільм распавядае пра пару беларускіх журналістаў, якія намагаюцца захаваць сябе і адно аднога пад ціскам рэпрэсіяў пасля 2020 года. Анатацыя да стужкі на сайце фестываля гучыць так:
«Калі антырэжымную журналістку Лену (Аляксандра Вайцэховіч) арыштоўваюць за прамую трансляцыю жорсткага разгону дэманстрацыі пратэсту супраць беларускіх выбараў 2020 года, яе муж Ілля (Валянцін Навапольскі) сутыкаецца з немагчымай сітуацыяй. Падвяргаючыся далейшым міліцэйскім рэйдам і сутыкаючыся з магчымай рэальнасцю, што яго жонка правядзе гады ў турме, Ілля павінен лічыцца з тым, ад чаго яму, магчыма, давядзецца адмовіцца, застаўшыся з Ленай. У той жа час на зняволеную Лену ціснуць улады, каб яна адмовілася ад сваёй актыўнасці і здрадзіла сваім прынцыпам».
Мара Тамковіч падкрэслівае, што «Пад шэрым небам» не з’яўляецца спробай зафіксаваць падзеі ў дакументальным ключы — зрабіць свайго кшталту храналогію.
— Для мяне карціна сталася спробай зразумець, што адбываецца з Беларуссю, усімі намі пасля 2020 года. А таксама спробай знайсці надзею, падавалася б, у безнадзейным, — раскрывае пасыл свайго твора кінематаграфістка. — І гэтыя спробы завялі мяне да пошуку рэчаў, якія не даюць здавацца, нават калі ты змагаешся з праціўнікам, відавочна мацнейшым за цябе. Мне было важна пашукаць гэтыя рэчы не на ўзроўні вялікага палітычнага дзеяння, а на чалавечым узроўні, на ўзроўні вельмі няпростага, складанага, цяжкога, даўгога, асабістага перажывання гэтага працэсу.
Заўважым, што «Пад шэрым небам» вырасла з папярэдняй кароткаметражнай стужкі Мары Тамковіч «У жывым эфіры», адзначанай на шматлікіх фестывалях. У поўнаметражным фільме здымаліся акторы з кароткага метру: у першую чаргу, выканаўца галоўнай ролі Аляксандра Вайцяховіч; гэтаксама з’явяцца ў кіно Паліна Чабатарова і Андрэй Новікаў. Героя Ігара Ільяша будзе граць Валянцін Навапольскі.
Акрамя прэм’ернага паказу 7 чэрвеня фільм можна будзе паглядзець на фестывалі «Трайбека» ў Нью-Ёрку:
Нагадаем, што «Пад шэрым небам» быў адабраны ў конкурс «Найлепшы замежны ігравы фільм» амерыканскага фэсту з сотні прэтэндэнтаў з усяго свету. З ім у секцыі будуць спаборнічаць сем стужак рэжысёраў з Харватыі, Швецыі, Бразіліі, Сінгапура, Германіі ды іншых краін.
Карціна на 90% была прафінансавана Польскім інстытутам кіно. Яе бюджэт — вельмі сціплы па мерках еўрапейскага кіно — 1 мільён злотых. Стужка была знятая ў вельмі сціслыя тэрміны — за 15 дзён.
Сёлета Tribeca Film Festival пройдзе з 5 па 16 чэрвеня. Набыць квіткі на стужку можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram