У ліпені выйшла шмат чаканых дзіцячых кніг, у тым ліку перакладных. А таксама Уладзімір Някляеў зрабіў усім падарунак на свой дзень нараджэння, Алег Груздзіловіч спарадкаваў турэмныя лісты для ўнукаў, а Алесь Белы нарэшце прапанаваў паласавацца стравамі яўрэйскай і беларускай кухняў.
Выдаўцы анансуюць новы зборнік вершаў Вольгі Гапеевай як «падарожжа па мовах і краінах, рэальнасцях і планетах, дзе меланхолія мяжуе з іроніяй, дзе ёсць месца ўдумлівым разважанням і няпростым пытанням, дзе спалучаецца трагічнае і камічнае, штодзённае і трансцэндэнтнае».
У кнігу ўвайшлі вершы апошніх гадоў (2020–2024). Як і ў папярэдніх зборніках, аўтарка застаецца адданай сваім гуманісцкім прынцыпам і фемінісцкім перакананням.
Выдавецтва «Скарына»
Набыць можна тут.
Пад адной вокладкай сабрана больш за 100 паэтычных твораў класіка беларускай літаратуры. Кнігу адкрывае верш «Орша», які быў упершыню надрукаваны ў сакавіцкім нумары часопіса «Полымя» за 1956 год, пазней увайшоў у дэбютны зборнік Уладзіміра Караткевіча «Матчына душа».
Укладальнікам зборніка вершаў Уладзіміра Караткевіча з’яўляецца паэт Віктар Шніп.
Выдавецтва: Выдавецкі дом «Звязда».
Набыць можна ў беларускіх кнігарнях.
Уладзімір Някляеў, якому 9 ліпеня споўнілася 78 гадоў, выпусціў новы зборнік паэзіі «Без Айчыны. Кніга турмы і замежжа».
«78. У нумаралогіі гэтая лічба кажа, што трэба бачыць сітуацыю такой, якая яна ёсць. Талковая лічба. Зыходзячы з сітуацыі, якая яна ёсць, новую кнігу назваў «Без Айчыны», — напісаў аўтар у сацсетках з нагоды дня свайго нараджэння, анансуючы выхад кнігі.
Ерусалім
Як зброю, Слова ўзяў – і кінуў выклік Богу.
«Не Ты мне – вусце. І не Ты – выток».
Пяском на шкле намаляваў дарогу.
Свой лёс на ёй. А вецер знёс пясок.
Наўпрост за ветрам рушыў. Без дарогі.
Па тым пяску, які пад ногі лёг.
Не сталася над Богам перамогі.
І нават лёс свой ён не перамог.
За крокам крок дакрочыў да пустэчы,
Да прорвы ў ёй, куда сцякаў пясок…
Сіл не знаходзіў на апошні крок.
Цямнела бездань. Ён ступіць не мог.
І нехта ззаду падштурхнуў у плечы.
Ён азірнуўся. Гэта быў не Бог.
Выдавецтва: «Kollegium Europy Wschodniej (KEW)».
Вершы і малюнкі пра арыштанта «дзядзю Віцю», што ўвайшлі ў гэтую кнігу, Алег Груздзіловіч напісаў і намаляваў на Валадарцы для ўнукаў Евы, Сафіі, Кастуся, Аляўціны ды Анатоля, але адтуль частка лістоў не дайшла на волю праз цэнзуру.
«На «Валадарцы» я пачаў ліставацца ня толькі са сваёй жонкай і дарослымі дзецьмі, але і з унукамі, — расказаваў аўтар у адным з інтэрв’ю. — На той момант у мяне было іх чацьвёра, а цяпер пяцёра. Я склаў шасьцірадкоўе пра турэмную «кармушку», і мне прыйшла ідэя пра ўмоўнага «дзядзю Віцю», які трапіў на «Валадарку» і перажывае ўсё гэта. Я стаў па адным вершы ў лістах дасылаць сваім унукам. Выявілася, што ім гэта спадабалася, нявестка напісала, што яны з задавальненьнем чакаюць новых, і пайшла сэрыя. Аднак тыя, якія больш сур’ёзныя, перасталі праходзіць цэнзуру. І неўзабаве я наогул атрымаў ліст ад цэнзара з просьбай не маляваць нічога, што паказвае «ўнутраную кухню» камэры, турмы. Вонкавае іх не хвалявала. Напрыклад, верш і малюнак пра турэмны двор дайшлі».
Журналіст Алег Груздзіловіч быў арыштаваны ў снежні 2021 года за тое, што асвятляў пратэсты, ён не прызнаў віны і быў асуджаны на 1,5 году зняволення. Адбываў пакаранне ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага і ў калоніі пад Магілёвам.
Уступ да кнігі напісала псіхолаг Вольга Вялічка.
Выдавецтва: «Kamunikat».
Набыць можна тут.
У ваколіцах завулка Калініна дзеецца нешта незразумелае. Чаму Алесь не паспявае выканаць на кантрольнай усе заданні? Хто зламаў любімы зэдлік Жан-Жаха? І чаму ў горадзе пахне грыбамі? Калі загадак робіцца занадта шмат, кату Шпроту і яго сябрам, прывідам Мары, Жан-Жаху і Зязюлі, застаецца толькі адно – выправіцца на пошукі разгадак. І яны прыводзяць іх да вежы гадзіннікавага завода.
Гісторыя, напісаная Ганнай Янкутай у 2021-м, нарэшце выходзіць у друк з ілюстрацыямі Ліліі Давыдоўскай. «Калі змест кнігі ні для каго не сакрэт, — піша Ганна Янкута, — я ўпэўненая, што каляровы свет, створаны Ліліяй, дасць кнізе новае гучанне. У яе ілюстрацыях – шмат восені і цяпла, а яшчэ, як заўсёды, шмат дробных сакрэтаў, пра якія я яшчэ буду расказваць. Ёсць там штодзённыя побытавыя сцэны, а ёсць падзеі, якія ўжо можна назваць нашай важнай гісторыяй».
Грошы на прадрыхтоўку ілюстрацый былі сабраныя краўдфандынгам.
Выдавецтва «Янушкевіч».
Набыць можна тут.
Выйшаў працяг дзіцячай кнігі пра Мешу — маленькую мілую міфічную істоту. Першая кніга гісторыі «Чаму Меша не мае хаты» аўтарства Надзеі Ясмінскай і мастачкі Кацярыны Дубовік выйшла ў 2018 годзе ў выдавецтве «Кнігазбор» у серыі Саюза беларускіх пісьменнікаў «Каляровы ровар». У першай частцы засталася таямніца пра тое, як Меша знайшоў свой хвост, таму ў другой — мастачка і пісьменніца вырашылі гэтую таямніцу раскрыць.
Мастачка ператварыла выданне ў кнігу-гульню. Кожная старонка багата ілюстраваная: гартаючы кнігу, можна ўбачыць мноства дэталяў і цікавостак, пазнаёміцца з ляснымі жыхарамі і патрэніраваць уважлівасць.
Выдавецтва «Папуры».
Кнігу можна купіць ў кнігарні «Параграф 45» па адрасе: Мінск, вул. Леаніда Бяды, 45. А таксама на wildberris арт. 244698765.
«Паліяна» – адна з самых вядомых дзіцячых кніг у свеце.
Гэта гісторыя пра маленькую дзяўчынку, якая ўмее знаходзіць, чаму парадавацца ў любых абставінах. Пасля смерці бацькоў адзінаццацігадовую Паліяну з пачуцця абавязку бярэ да сябе яе цётка. Паліяна вучыць усіх навокал «гуляць у радасць» так, што ўвесь горад перамяняецца і нават самыя зласлівыя і няшчасныя людзі пачынаюць зноў радавацца жыццю. Але надыходзіць час выпрабаванняў і для самой Паліяны. Ці зможа яна знайсці, чаму парадавацца ў такіх абставінах?
Пераклад з англійскай Францішка Корзуна.
Выдавецтва «Капітал Прынт».
Набыць можна тут.
Зборнік складаецца з 20 пяшчотных гісторый, якія пацешаць дзетак і напоўняць іх сны ўтульнасцю і спакоем.
Фармат выдатна пасуе для вечаровага чытання і абмеркавання для дзяцей 0+. Вокладка кнігі пульхная і прыемная на дотык.
Кніга аздобленая малюнкамі французскіх ілюстратараў.
Пераклад з французскай Кацярыны Маціеўскай.
Выдавецтва «Папуры».
Набыць можна тут.
Галоўнаму герою, Адаму Цісоўскаму, сямнаццаць. Д’яблам яго празвалі не за дрэнныя паводзіны, а за тое, што ён умее разгадваць вельмі складаныя, невырашальныя на першы погляд задачы. І зусім ён не д’ябал, а шчыры, сумленны, адказны і адважны хлопец. Падзеі – загадкавыя, прыгодніцкія, дэтэктыўныя – пачынаюцца ў Варшаве, а потым пераносяцца ў шляхецкую сядзібу непадалёк ад Вільні. Адась і яго сябры, разблытваючы таямніцы і загадкі, шукаюць адказы ў здарэннях 1813 і 1863 гадоў.
Кніга ўваходзіць у канон польскай літаратуры і вывучаецца ў 6-м класе польскай школы.
Выдавецтва «Gutenberg».
Пераклад з польскай Людмілы Дрык.
Набыць можна тут.
У серыі «Паэты планеты», у якой друкуюцца здабыткі сусветнай вершатворчасці, выйшла новая кніга — выбранае Восіпа Мандэльштама.
Восіп Мандэльштам (1891 — 1938) — расійскі паэт, эсэіст, перакладчык і літаратурны крытык. Пачынаў як сімваліст. Адзін з прадстаўнікоў літаратуры «сярэбранага веку». Быў рэпрэсаваны.
Пераклад з рускай Георгія Ліхтаровіча.
Серыя «Паэты планеты».
Набыць кнігу можна ў Беларусі, у «Акадэмкнізе» на пр. Незалежнасці, 72.
Раман мае аўтабіяграфічную аснову. У цэнтры аповеду настаўнік вячэрняй школы і яго штодзённая педагагічная праца, поўная кур’ёзных сітуацый і парадоксаў. Канфлікт паміж дабром і злом трансфармуецца ў канфлікт паміж асобай і сістэмай (школьнай і грамадскай), у якой асоба вымушана існаваць. Станіслаў Ракус выкарыстоўвае новыя для славацкай літаратуры кампазіцыйныя і сюжэтныя прыёмы, што робіць яго творчасць наватарскай.
Пераклад са славацкай Святланы Богуш.
Выдавецтва «Тэхналогія».
Набыць можна тут.
Гэтая кніга — даніна памяці вялікаму паэту, адкрывальніку новых даляглядаў у беларускай літаратуры. Кола аўтараў вельмі шырокае. Сярод іх вядомыя грамадскія дзеячы, навукоўцы, пісьменнікі, выдаўцы, мастакі, мастацтвазнаўцы, журналісты, настаўнікі, якія добра ведалі яго як чалавека і творчую асобу.
Аўтары — а яны не толькі з Беларусі, але і з Польшчы, Германіі, Швейцарыі, Літвы, Расіі — дзеляцца сваімі ўспамінамі пра сустрэчы, супрацоўніцтва з Алесем Разанавым, думкамі пра ягоную творчасць.
Кніга змяшчае таксама ўспаміны родных, згадкі самога паэта пра сваё дзяцінства, стэнаграфічны запіс дыскусіі 2011 года і паэтычныя прысвячэнні яму.
Багата ілюстраваная архіўнымі фотаздымкамі.
Выдавецтва «Тэхналогія».
Набыць можна тут.
Новая кніга, незвычайная, — піша выдавецтва ў анатацыі. — Пра габрэйскую і беларускую кухню адначасова. І нават болей: пра кухню трох гістарычных персанажаў, што да пары жылі на адной зямлі: селяніна, пана, местачковага рамесніка і гандляра.
Як такое магчыма?
А бо і пан, і жыд, і мужык – маючы розную свядомасць і розныя традыцыі – елі той самы крупнік. Або бабку. Або кішку. Хоць і гатавалі іх крыху па-рознаму, і елі пад розныя нагоды. Гэтая кніга – пра знакавыя супольныя стравы трох культур.
Пра самы цымус.
15 нарысаў і некалькі дзясяткаў арыгінальных рэцэптаў ад выдатнага знаўцы гістарычнай кухні Алеся Белага.
Аўтарскія ілюстрацыі Юрыя Таўбкіна.
Выдавецтва «Gutenberg».
Набыць можна тут.
Літаратуразнавец-медыевіст, кандыдат філалагічных навук Аляксандр Бразгуноў разглядае працэс станаўлення аўтарскай самасвядомасці ў беларускім пісьменстве эпохі Рэнесансу і барока, калі адбываўся складаны пераход ад сярэднявечных прынцыпаў творчасці да новых форм мастацкага самавыражэння. Даследаванне грунтуецца на багатым шматмоўным літаратурным матэрыяле XVI–XVII стст., прадстаўленым разнастайнымі жанрамі (прадмова, акафіст, хроніка, паэма, дыярыуш, апісанне падарожжа) і аўтарамі.
Выдавецтва «Беларуская навука».
Набыць можна ў кнігарні «Акадэмкніга».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram