Праўладныя блогеры ўбачылі ў Малевічы пагрозу духоўнасці. Па «тэхнічных прычынах» у Мінску прыпынілі выставу «1,10 КВАДРАТА»

Главное
Падчас адкрыцця выставы «1,10 КВАДРАТА». Фота: фейсбук Саюза мастакоў.

1 лютага ў Палацы мастацтва ў Мінску адкрылася выстава, прымеркаваная да 110-годдзя «Чорнага квадрата» Казіміра Малевіча «1,10 КВАДРАТА». А ўжо праз дзень у сацсетках мастацкай галерэі з’явілася аб’ява, што праект прыпынены па «тэхнічных прычынах». Што здарылася? Не абышлося без «народных» экспертаў — праўладных блогераў, якія ў сваіх ТГ-каналах назвалі творчасць Малевіча і яго паслядоўнікаў «маргінальным мастацтвам».

Праект «1,10 КВАДРАТА» задумваўся як галоўная з серыі выстаў, прымеркаваных да юбілею твора, які назаўжды змяніў гісторыю мастацтва.

«Чорны квадрат» — гэта візуальнае выказванне Казіміра Малевіча, намёк сучаснікам мастакам і інтэлектуальнай публіцы, што рэалізм у мастацтве паняцце неадназначнае і ўтрымлівае ў сабе невычэрпныя магчымасці і асацыятыўныя кампазіцыйна-вобразныя рашэнні,адзначалася ў анатацыі да экспазіцыі.— Квадрат – гэта ўсяго толькі знак, сімвал руху ў прастору новых рэальнасцяў у мастацтве».

Праўладныя блогеры ўбачылі ў Малевічы пагрозу духоўнасці. Па «тэхнічных прычынах» у Мінску прыпынілі выставу «1,10 КВАДРАТА»
Падчас вернісажу. Фота: фэйсбук Саюза мастакоў.

Нагадаўшы, што супрэматычны твор Малевіча прагучаў у поўны голас у 1915 годзе ў межах выставы «0,10» у Петраградзе, Беларускі саюз мастакоў, які з’яўляецца арганізатарам падзеі, падкрэсліў, што іх праект — гэта амаж — выстава-прысвячэнне «вялікаму звяргальніку традыцый».

«Выставачны праект спрабуе прасачыць сённяшнюю «лінію жыцця» «Чорнага квадрата» – на ўзроўні ідэі, формы, знака, матыву, сімвалічнага прадмета. Для прадстаўленых у экспазіцыі мастакоў дыялог з «Чорным квадратам» — пластычная гульня, з мноствам варыянтаў хадоў і камбінацый. Простыя формы, з якіх у свой час складаліся супрэматычныя кампазіцыі, сталі першаасновай для творчых эксперыментаў нашых сучаснікаў», — творчае аб’яднанне намагалася данесці ідэю свайго калектыўнага праекта гледачам.

Але для праўладных блогераў спробы беларускіх мастакоў пераасэнсаваць супрэматычную спадчыну аднаго з сусветнавядомых мастакоў, — усяго толькі пусты гук. Убачанае падчас «інспекцыі» на вернісажы 1 лютага яны акрэслілі не іначай як «маргінальнае мастацтва».

Праўладныя блогеры ўбачылі ў Малевічы пагрозу духоўнасці. Па «тэхнічных прычынах» у Мінску прыпынілі выставу «1,10 КВАДРАТА»
Афіша да выставы ў Палацы мастацтва. Фота: фэйсбук Саюза мастакоў.

Галоўнай «нападніцай» тут выступіла праўладная блогерка Таццяна Сідаровіч у сваім ТГ-канале «Белоруска «топит». 1 лютага яна размясціла фатаграфіі работ аўтараў з экспазіцыі з саркастычным подпісам: «Публикую «работы», комментировать вам. Если есть у кого лишние кирпичи, не выбрасывайте, мы свои работы в следующий раз представим. Вообще, всё, что не нужно в хозяйстве тоже подойдёт: стекло, верёвки, гвозди, замки, доски, фанера и т. д.», — пракаментавала блогерка тыя творы, што яны ўбачыла. Яе моцна здзівіў выбар незвычайных матэрыялаў для аб’ектаў у экспазіцыі.

У прыватнасці, яна размясціла відэа, у якім зняважліва мацае рукамі ў пальчатках работу мастачкі Галіны Амбросавай — аб’ект уяўляе сабой дзве апрацаваныя цэглы. «Это глина», — каментуе блогерка твор мастачкі, зводзячы работу аўтаркі адно да выбару матэрыялу.

Далей — атака на праект пачынае разварочвацца. Пад уздзеяннем ад наведвання «1,10 КВАДРАТА» Сідаровіч распачынае ў сваёй стужцы анлайн-выставу парадыйных і не толькі малюнкаў сярод падпісчыкаў.

«Сейчас время, когда должно быть «Вставай страна огромная», мобилизация должна быть и в художественной среде, но в центре Минска и в год 80-летия освобождения у нас просто мракобесие какое-то», — піша яна.

Выклікае абурэнне ў праўладнай актывісткі і выстава, прымеркаваная да юбілею «Чорнага квадрата», якая адкрылася і на іншай пляцоўцы — у Нацыянальнай бібліятэцы. Беларускі саюз мастакоў, паўторымся, запланаваў серыю з экспазіцый у розных установах.

Праўладныя блогеры ўбачылі ў Малевічы пагрозу духоўнасці. Па «тэхнічных прычынах» у Мінску прыпынілі выставу «1,10 КВАДРАТА»
Афіша да выставы ў Нацыянальнай бібліятэцы. Фота: фэйсбук Саюза мастакоў.

«Если «маргинальное искусство» давно и прочно УКОРЕНИЛОСЬ в выставочных залах Дворца искусств, то в Национальной библиотеке подобный проект вызывает, мягко говоря, недоумение, — выклікае заклапочанасць блогерка. — Ведь 16 января было подписано соглашение о сотрудничестве между Беларусской православной церковью и национальной библиотекой, состоялся круглый стол «Духовность и культура: традиции и современность».

«Черный квадрат» Малевича по сути олицетворяет собой манифест – «конец искусству», и в год 80-летия освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков мы уделяем такое внимание маргинальному искусству. (Выставки к этой дате БСХ организованы не были)».

Далей Сідаровіч у сваім пасце «прывязвае» вяртанне Малевіча да 1990-х — у якіх «з’явіўся БНФ, бчб-сімволіка, разнастайныя НДА і творы, падобныя «квадрату».

«Уместно вспомнить, что пристальный интерес к таким произведениям появился в пресловутую перестройку и в начале 90-х, когда появился БНФ, бчб-символика, различные НКО, и произведения, подобные «квадрату» , олицетворяющие собой «свободу творчества», «свободу от всего» — от настоящего национального духовного искусства стали активно пропагандироваться и внедряться в культурную среду, тем самым нивелируя заслуги перед Отечеством таких выдающихся художников, как Савицкий, Громыко, Ващенко, Кищенко, Цвирко, Ахремчик, Жолток, Кудревич, Суховерхов и другие. На каких примерах мы воспитываем молодое поколение, и неужели «Черный квадрат» является символом эпохи?», — «топіць» беларуска.

Пра тое, што акурат цяпер у Нацыянальным мастацкім музеі ідзе персанальная выстава таго ж Гаўрыіла Вашчанкі, Сідаровіч паспяхова забывае.

«Дастаецца» ў стужцы актывісткі і Аляксандру Мацясу, культурнаму аглядальніку АНТ — на думку сяброў блогеркі, ён зрабіў «няправільны» рэпартаж з праекта ў Палацы мастацтва.

Праўладныя блогеры ўбачылі ў Малевічы пагрозу духоўнасці. Па «тэхнічных прычынах» у Мінску прыпынілі выставу «1,10 КВАДРАТА»
Падчас адкрыцця выставы «1,10 КВАДРАТА». Фота: фэйсбук Саюза мастакоў.

Ляцяць папрокі і ў адрас міністра культуры, які ганарыцца культурнымі дасягненнямі па краіне. «Интересно было бы получить комментарий после принятия Кодекса о культуре и его личном посещении выставки, стыкуется ли то, что принимаем и демонстрируем?» — не хавае сарказму блогерка.

Ідуць заклікі звярнуць увагу на сітуацыю да кандыдатаў у дэпутаты: «Также хотелось бы обратиться к баллотирующимся кандидатам в депутаты — обратите внимание, что у нас происходит на художественных площадках! Как говорится, не словом, а делом!».

І гэтак далей і да таго падобнае. Усё, як гаворыцца, «па класіцы» — прапагандыстка «б’е» па ўсіх франтах.

Як вынік вялікую выставу ў Палацы мастацтва, якая мусіла працаваць да 3 сакавіка, прыпыняюць па «тэхнічных прычынах» пасля дзвюх дзён працы.

Не вядома, ці «пратрымаюцца» іншыя экспазіцыі з серыі праектаў, прымеркаваных да 110-годдзя «Чорнага квадрату», але тое, што дзякуючы высілкам блогераў крамолу сёння ў Беларусі можна разгледзець і ў цэгле, не выклікае сумневаў.

Дарэчы, адна з версій знакамітай карціны «Чорны квадрат» Казіміра Малевіча сёння вісіць у Эрмітажы, арыгінал 1915-га года — у Трыццякоўскай галерэі, прыцягваючы ўвагу турыстаў. Але чамусьці спадарыня Сідаровіч у гэтым выпадку не ўздымае пытанне пра прысутнасць «маргінальнага мастацтва» ў сценах аднаго з найвядомых музейных комплексаў. Напэўна, у дадзеным выпадку ёй проста духу не хапае.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: