Фільм «Спатканне ў Мінску» Мікіты Лаўрэцкага перамог у міжнародным конкурсе Festival Internacional de Cinema Doclisboa. Карціна беларускага кінематаграфіста, знятая адным дублем на айфон, схоплівае адзін вечар з жыцця яго самога і яго дзяўчыны — актрысы Вольгі Кавалёвай.
Мікіта і Воля робяць выгляд, што сустрэліся ў першы раз — у рэгістры ігры і імправізацыі яны спрабуюць перазапусціць адносіны, размаўляючы на спатканні ў вечаровым Мінску не толькі пра свае стасункі, але і пра палітыку, эміграцыю ды сітуацыю, у якой апынуліся сёння беларусы ў краіне.
Аператарам стужкі выступіла вядомая рэжысёрка Юлія Шатун («Заўтра», «Апошні дзень гэтага лета», «Межы»).
Матывацыя ўзнагароды, якую Мікіта Лаўрэцкі атрымаў з рук мэра Лісабона Карласа Манадэса, гучала ў фармуліроўцы міжнароднага журы наступным чынам:
«За кінематаграфічную канцэпцыю, сучасныя тэматычныя аспекты, аўтэнтычныя дыялогі і перформансы, а таксама тонкае перапляценне важных палітычных меркаванняў журы аднагалосна прысуджае прэмію [фільму] «Спатканне ў Мінску» Мікіты Лаўрэцкага».
У інтэрв’ю маскоўскаму кінакрытыку Барысу Нелепо на пытанне, ці лічыць Мікіта свою стужку камедыяй або ўсё ж такі драмай, беларускі рэжысёр адказаў так:
— Няма вялікай драмы без элемента камедыі, і наадварот. Праўдзівыя рэчы — смешныя, паколькі яны прымушаюць нас адчуваць сябе некамфортна; і для мяне гэты фільм — помнік праўдзе, нават нягледзячы на тое, што ўся перадумова абсурдная і фальшывая. Усе мае фільмы — камедыі. Усе мае фільмы — гэта драмы. Божа, я спадзяюся, што прагляд майго фільма не будзе падобны на чытанне цэлага рамана – я больш імкнуўся да 100-старонкавага графічнага рамана, калі ўжо на тое пайшло.
Мікіта Лаўрэцкі — беларускі кінакрытык і рэжысёр, вядомы па такіх стужках як «Беларускі псіхапат» (лепшы фільм у Нацыянальным конкурсе «Лістапад-2015»), «Каханне і партнёрства», «Некалькі сцэн з маёй дзяўчынай Волечкай Кавалёвай», «Мікіта Лаўрэцкі», «Сашына пекла», «Дзіцячы фільм» ды іншыя працы. Аўтар канцэпцыі «беларускага кончанага кіно».
Акрамя «Спаткання ў Мінску», у конкурсе эксперыментальных стужак Doclisboa прымала ўдел яшчэ адна праца аўтара — «Жарты пра вайну». У ей рэжысёр спалучае развагі на камеру для TikTok беларускага стэндап-коміка Аляксея Суханава з навінамі пра падзеі на фронце ва Украіне, а таксама з выявамі разбомбленых украінскіх гарадоў. Анатацыя да стужкі гучыць так: «Аляксей Суханаў, беларускі стэндап-комік, перажывае жах вайны па суседстве, адпускаючы вострыя жарты на гэтую тэму. На жаль, гэты механізм самаабароны не выратоўвае яго ад нервовага зрыву«.
Doclisboa — фестываль дакументальнага кіно ў Лісабоне, які ладзіцца з 2002 года. У фокусе ўвагі кінафоруму — новыя фарматы развіцця дакументальнага кінематографа, а гэтаксама — пошук рэжысёраў, якія спалучаюць палітычныя і мастацкія аспекты ў кіно.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: