Платформа Antiwarcoalition.art, заснаваная беларусамі ў эміграцыі, ладзіць выставу салідарнасці ў Кіеве

Выстава Міжнароднай кааліцыі дзеячаў культуры ў знак салідарнасці з Украінай — Antiwarcoalition.art — адкрылася ў кіеўскай Dymchuk Gallery. Экспазіцыя, на якой прадстаўлены відэапрацы з калекцыі анлайн-платформы, даступная для публікі па чацвяргах і пятніцах з 15:00 да 19:00, а таксама па суботах і нядзелях з 11:00 да 19:00 да 3 сакавіка.

Нагадаем, што анлайн-платформа Antiwarcoalition.art, заснаваная Ambasada Kultury і суполкай беларускіх культурных работнікаў у эміграцыі разам з украінскімі куратаркамі, выступае супраць вайны, гвалту, дыктатуры і іншых формаў прыгнёту чалавека. Платформа збірае і аб’ядноўвае выказванні па тэме мастакоў з усяго свету, і ў даробку аб’яднання ўжо не адна падзея на буйных форумах сучаснага мастацтва. Кааліцыя ладзіла культурныя і мастацкія мерапрыемствы ў супрацоўніцтве з Manifesta 14 (Прышціна, Косава), Documenta 15 (Кассель, Германія), 59-й Венецыянскай біенале, Цэнтрам мастацтваў і медыя (Карлсруэ, Германія) ды іншымі інстытуцыямі. Выстава ж у галерэі Дымчук з’яўляецца першай публічнай прэзентацыяй дзейнасці платформы ва Украіне.

У адмысловай праграме паказаў ва ўкраінскай інстытуцыі — 8 відэапрац, прысвечаных вайне на ўсходзе Украіны, якая пачалася ў 2014 годзе. Гэта работы мастакоў з розных краін — Зоі Лакціёнавай, Ахмета Агюта, Яраслава Пабежана, Хіты Стэерл, Марыі Стаянавай, Тэты Цыбульнік і Эліяса Парвулеска, Клеменса В. Ведэмеера і Fantastic Little Splash. Большасць прац аўтараў удзельнічала ў міжнародных кінафестывалях.

Афіша да выставы.

«Вайна разбурае ўсталяваныя рэжымы стабільнасці; сітуацыя бесчалавечных абстрэлаў, татальнай дэгуманізацыі і разбурэння энергасістэмы Украіны прыводзіць да пачуцця безнадзейнасці, разгубленасці і ўнутранага выгарання. Выстава спрабуе стварыць магчымасці супрацьстаяння ўнутранаму згасанню і супраціву сродкамі сучаснага мастацтва. Прапануе знайсці ўнутраную апору і запаліць святло — як у штодзённым фізічным значэнні гэтага слова, так і ў сэнсе пошуку магчымасцей для будучыні. Выбраныя творы даюць магчымасць зірнуць на нас сённяшніх праз прызму крывавых і траўматычных падзей вайны, а таксама ў гістарычным ракурсе», — пазначаецца ў анатацыі да экспазіцыі.

Выстава аб’ядноўвае мастацкі, сацыяльны і гуманітарны складнікі.

«Падчас адключэння святла галерэя працягвае працаваць. Нягледзячы на жудасныя абставіны, галерэя ператвараецца ў месца сустрэчы і месца, якое спрыяе зносінам і ўзаемадзеянню. Нават падчас адключэння святла гледачы могуць наведаць галерэю як месца яднання, дзе можна зарадзіць тэлефоны, скарыстацца Wi-Fi, выпіць гарачай гарбаты, паглядзець сучаснае мастацтва і проста пагутарыць», — дадаюць арганізатары выставы.

Адрас Dymchuk Gallery — Кіеў, Яраслаўская, 21.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!