У ноч з суботы на нядзелю 16 красавіка, на Вялікдзень, у лютэранскай кірсе Вільні пройдзе першае набажэнства праваслаўнай супольнасці ў юрысдыкцыі Сусветнага Патрыярхата.
На велікодную літургію, якая будзе весціся на беларускай мове, запрашае беларусаў протаіерэй Георгій Рой. Нагадаем, што некаторы час таму Георгій Рой разам з іерэем Аляксандрам Кухтам былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі ў Літву з-за пераследу ўладаў. У Літве яны звярнуліся да Патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея з просьбай прыняць іх пад свой амафор. Усяленскі Патрыярх прыняў станоўчае рашэнне адносна беларускіх святароў — і яны перайшлі з-пад юрысдыкцыі Маскоўскай патрыярхіі пад юрысдыкцыю Канстанцінопальскага патрыярха.
Георгій Рой звярнуўся да вернікаў у сваіх сацсетках.
«Дарагія сябры! Набліжаецца Велікодная ноч Хрыстовага Уваскрэсення. У Вільні, дзе я цяпер служу, на Вялікдзень адбудзецца першая літургія нашай беларускай абшчыны. Мы збіраемся ў Велікодную ноч па адрасе: Vokiečių, g. 20. Пачатак велікоднай ютрані ў 0:00 гадзін«, — запрасіў беларусаў Вільні на святочнае набажэнства беларускі святар.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram