Перфоманс з опернымі элементамі пра сутнасць тыраніі. У Варшаве адбудзецца паказ новага спектакля Юрыя Дзівакова

«Clausa fores» — новы спектакль аднаго з найяскравейшых сучасных беларускіх рэжысёраў — Юрыя Дзівакова — будзе дэманстравацца 25 і 26 студзеня на сцэне Тэатральнага інстытута ў Варшаве. Пастаноўка пра сутнасць тыраніі, якая прагучала напрыканцы 2023 года ў межах тэатральнага фестываля BLISKI WSCHÓD у Любліне, сталася бенефісам для Аляксандра Казела — актора-купалаўца, які ўвасобіў у незвычайным шоу «чалавека, які валодае неабмежаванай уладай».

«Шоу ўяўляе сабой займальную прыгоду […] Гэта перфарматыўнае дзеянне з опернымі элементамі, якое паказвае сутнасць тыраніі і яе разбуральнае ўздзеянне на асобу і грамадства, — адзначаецца ў анатацыі да «Clausa fores». — Крыніцай натхнення для спектакля паслужылі разважанні аб самадастатковасці дыктатуры і аб той парадаксальнай ролі, якую мы адыгрываем як бяссільныя назіральнікі як за яе працягласцю, так і за непазбежнай смерцю. Глядач можа толькі пасіўна назіраць за наступнымі этапамі ажыццяўлення апошняй волі самадзержца, які з глыбокай пашанай здзяйсняе рытуальныя колы паўсядзённага жыцця, атрымліваючы асалоду ад поўнай улады і кантролю над жыццём і смерцю».

Фота: сацсеткі Festiwal Bliski Wschód.

Над сцэнаграфіяй і графікай пастаноўкі працавала Таццяна Дзівакова. Кампазітар — Вольга Падгайская. Відэа — Сяргей Навіцкі. Гукавое афармленне — Віталь Эпаў.

Гледачы, які бачылі «Clausa fores», адзначаюць яго нечаканую форму — у монаспектаклі акцёр дзейнічае на фоне відэа — відзяжы дасылаюць то да беспрасветнай шэрай рэальнасці, то да шыкоўных фантасмагорый.

Фота: сацсеткі Festiwal Bliski Wschód.

Спектакль ідзе на італьянскай мове з беларускімі і польскімі субтытрамі.

Набыць квіткі на адзін з найцікавейшых перформансаў апошняга часу можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!