Пераможцай Беларускага конкурсу «Паўночнага ззяння» стала драма «пра праўду і надзею» — «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч

Стужка, натхнёная гісторыяй Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, «Пад шэрым небам» стала пераможцай Беларускага конкурсу фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне». Міжнароднае журы фэсту вырашыла прысудзіць узнагароду фільму беларуска-польскай рэжысёркі Мары Тамковіч аднагалосна.

Журы Беларускага конкурсу, у склад якога ўвайшлі эстонская кінапрадзюсарка Марэянэ Острат, кінапрадзюсарка і дырэктарка кінафестывалю goEast Гэлеэн Хэрытсэн, беларуская рэжысёрка і журналістка Ганна Бадзяка, так абгрунтавала свой выбар:

«Праз разумныя і ўпэўненыя мастацкія выбары рэжысёрка дае нам прымераць боты смелай беларускай журналісткі, арыштаванай за вядзенне трансляцыі з жорсткага падаўлення мірных пратэстаў. Мы разумеем і ўхваляем экзістэнцыйны выбар галоўнай гераіні і спачуваем яе мужу, пакуль яна працягвае змагацца з дзяржавай, якая разбурае іх ранейшае сямейнае жыццё. Журы вырашыла прысудзіць узнагароду за найлепшы фільм Беларускага конкурсу аднагалосна».

Нагадаем, што зараз Кацярына Андрэева і яе муж Ігар Ільяш знаходзяцца па-ранейшаму ў зняволенні.

Кадр з фільма «Пад шэрым небам». Фота: tribecafilm.com

Таксама эксперты Спецыяльнымі адзнакамі ўганаравалі два фільмы.

Дакументальную карціну «Непажаданае сваяцтва», у якой беларуска-нямецкі рэжысёр Павел Мажар даследуе сістэматычны характар ваенных злачынстваў ва Украіне і ўласную адказнасць за гэтую вайну.

Кадр з фільма «Непажаданае сваяцтва»

Абгрунтаванне журы гэтага выбару гучала так:

«Журы вырашыла прысудзіць ганаровую адзнаку фільму пра ўдзел Беларусі ў вайне Расіі ва Украіне. Зняты далёка ад лініі фронту, твор узнімае вострае пытанне адказнасці, ён прапаноўвае рэжысёрскі погляд, але засяроджваецца на грамадзянскіх ахвярах вайны і іх ашаламляльных сведчаннях, падкрэсленых яркім кантрастам са спакойнымі, светлымі кадрамі. Журы цэніць маральную інтраспектыўнасць карціны, якая заходзіць далёка за лінію фронту».

Ды таксама не абмінулі ўвагай кінематаграфісты карціну Андрэя Кашперскага (поўнаметражная версія серыяла) — «Працэсы».

Кадр з фільма «Працэсы».

«Другая ганаровая адзнака дастаецца смелай сатыры «Працэсы» Андрэя Кашперскага пра прыгнёт, гвалт і палітычную індактрынацыю. Эпізодная структура фільма дазваляе агледзець Беларусь бы праз калейдаскоп, як тэатр абсурду. Канцэпт і арыгінальнасць фільма ўразілі журы», — патлумачылі свой выбар гэтага фільма Марэянэ Острат, Гэлеэн Хэрытсэн, Ганна Бадзяка.

Нагадаем, што фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін сёлета ладзіцца з 4 па 21 лістапада. Яшчэ сёння на сайце форуму можна паглядзець стужкі міжнароднай праграмы: эстонскую карціну «Нябачны бой» Райнера Сарнета, фінскую «О не, Ласэ падае!» Рыста-Пека Блом і нямецка-турэцкую «Фарук» Аслы Озге.

Пачытаць жа пра фільмы-пераможцы Беларускага конкурсу — можна тут, тут і тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!