Беларускае безнадзейнае кіно ці ў арыгінальнай фармуліроўцы «белорусское конченое кино» — тэрмін рэжысёра Мікіты Лаўрэцкага («Беларускі псіхапат», «Каханне і партнёрства», «Сашына пекла», «Дзіцячы фільм»), якім ён апісвае адмысловы рух беларускага кінематографа. 10 і 12 студзеня ў пражскім Kino Petrohradská пройдуць паказы трох стужак аўтараў, якіх можна далучыць да незалежнага кінаруху.
Тэрмін «беларускае кончанае кіно» нарадзіўся ў рэжысёра фільмаў у паджанры «мамблкор» Мікіты Лаўрэцкага ў адказ на абставіны стварэння кіно ў Беларусі. Калі ў краіне адсутнічае Кінафонд, дзяржаўнае фінансаванне на кінавытворчасць ідзе пераважна на цэнзураваныя фільмы кінастудыі «Беларусьфільм», ва ўладаў няма разумення ўвогуле, як функцыянуе здаровая кінаіндустрыя — у такіх умовах адзін са шляхоў, што застаецца аўтарам, — гэта здымаць кіно сваімі сіламі. З дапамогай тых сродкаў і рэсурсаў, што ёсць — са сваімі сябрамі і аднадумцамі. «Кончаны» кінематограф мае на ўвазе малы бюджэт, але пры гэтым вялікую творчую свабоду. Ён можа дазволіць сабе ўсё тое, што «рызыкоўна» ў іншых дзейных кінаіндустрыях — эксперыменты з жанрамі, самавыяўленне аўтараў, выхад за звыклыя нормы. «КК», шукаючы ўласныя шляхі размовы са светам, «адрываецца» — і ў гэтым яго ўразлівасць і адначасова выклік.
У прыватнасці, у пражскім Kino Petrohradská гледачам прапануецца праграма з трох стужак беларускага кінаруху.
«Состоятся международные премьеры двух моих фаворитов года — «Семьянина» Виктора Лебедева и Анны Дэн и «Лето 1989» Владимира Козлова, — праанансаваў праграму на сваёй старонцы ў Facebook адзін з арганізатараў паказаў, аўтар маніфеста «кончанага кіно», рэжысёр Мікіта Лаўрэцкі. — А также чешская премьера «Свидания в Минске» (рэжысёр — сам Мікіта — Reform.by), на разогреве перед которым я покажу киномикстейп из моих любимых видео про Минск».
Нагадаем, што «Спатканне ў Мінску» Мікіты Лаўрэцкага атрымаў Гран-пры Міжнароднага кінафестывалю Doclisboa ў Партугаліі. Гэта фільм, зняты адным дублем на айфон, мае яскравую канцэпцыю: Мікіта і яго дзяўчына Вольга сустракаюцца ўжо восем гадоў, але ў час здымак карціны дамаўляюцца пра тое, што бачаць адзін аднога ў першы раз — гэта іх першае спатканне ў Мінску.
У рэгістры ігры і імправізацыі героі спрабуюць перазапусціць адносіны, размаўляючы на спатканні ў вечаровым Мінску не толькі пра свае стасункі, але і пра палітыку, эміграцыю ды сітуацыю, у якой апынуліся сёння беларусы ў краіне. Кіно тут становіцца новай рэальнасцю і спробай разабрацца ў тым, што адбываецца проста цяпер з табой і светам, з тваім горадам. Варта дадаць, што рэжысёр тут выбудоўвае новые стасункі паміж усімі ўдзельнікамі працэсу — публіка таксама мусіць «перазагрузіцца» і выбудаваць наноў свае іерархіі з кіно — для пачатку проста паспрабуйце вызначыць, якое кіно вы глядзіце — гульнявое ці ўсё ж дакументальнае?
«Лета 1989» — гэта новы фільм пісьменніка, сцэнарыста і рэжысёра Уладзіміра Казлова, вядомага па кнігах «Гопнікі», «Плацкарт», «СССР: Дзённік пацана з ускраіны», «КГБ-РОК» ды іншых творах. У фільмаграфіі Уладзіміра Казлова ўжо восем стужак, і «Лета 1989», створанае ў 2022 годзе, — бадай, самая лепшая з ягоных карцін. Уладзімір — майстра дыялогаў, у яго кіно героі заўжды раскрываюцца праз гаворку; яны паўстаюць асобамі са сваёй філасофіяй, светапоглядам, і гэты цуд «жывых» персанажаў асабліва атрымаўся ў «Лета 1989». Ды таксама героі ў стужках кінематаграфіста прамаўляюць не толькі пра сябе, але і пра час (дакладней, час прамаўляе ў героях) — і 1989 год у кіно Уладзіміра Казлова паўстае часам прадчування зменаў, надзей і пералому. Мінімалістычная, стыльная казка пра «эпоху Горбі», у якой сельскія гопнікі пакуль яшчэ не вярнуліся з падмацаваннем…
На жаль, трэцюю стужку праграмы — «Семьянин» Віктара Лебядзева і Ганны Дэн — аглядальніку Reform.by паглядзець пакуль не ўдалося. Таму скарыстаемся анатацыяй да гэтага займальнага хорару з сеціва: «Малады бацька сямейства ў парыве лютасьці забівае жонку і дачку. Пасля зробленага ён разумее, што пакаранне непазбежна, і прыдумляе, як пазбегнуць пакарання на ўсе сто — сысці з жыцця добраахвотна. У лесе недалёка ад дома ён вырашае павесіцца, але провад не вытрымлівае вагі забойцы і абрываецца. Пасля гэтага, яшчэ трохі падумаўшы, у галаву герою прыходзіць больш каварны спосаб скончыць жыццё…».
«Ці з’яўляецеся вы заўзятым кінаманам ці проста цікавіцеся беларускім кінематографам, на гэтым мерапрыемстве знойдзецца нешта для кожнага», — абяцаюць арганізатары паказаў і раяць не прапусціць «унікальныя і магутныя фільмы».
Уваход на міні-фэст — вольны.
Падрабязнасці пра падзею — тут і тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: