Пра смерць беларускага аўтара і культурнага дзеяча Аляксея Стрэльнікава паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.
«Трагічная навіна. Лёшы больш няма з намі. Няшчасны выпадак здарыўся сёння.
Ведаю гэтага добрага і светлага чалавека больш за 20 год, ён хросны майго сына. Разумею, якая гэта вялікая страта для яго сям’і, бацькоў, жонкі Алены і сына Льва…», — напісаў Сяргей.
Аляксей Стрэльнікаў нарадзіўся ў Новасібірску, але «ўсё свядомае жыццё пражыў у Беларусі». Закончыў журфак БДУ, тэатразнаўчую аспірантуру Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Кандыдат мастацтвазнаўства. Як апісваў Аляксей сваю дзейнасць на ніве тэатральнай крытыкі, «пісаў пра тэатр прыктычна паўсюль, дзе можна ў Беларусі і трошкі ў Расіі». Выступаў як арганізатар, рэжысёр, лектар. Працаваў у Цэнтры беларускай драматургіі, Цэнтры візуальных мастацтваў «Арт Карпарэйшн», Цэнтры эксперыментальнай рэжысуры. Неаднаразова быў запрошаны ў журы фестываляў драматургіі. Выкладаў у Акадэміі мастацтваў. Пасля падзей 2020 года, калі крытыка звольнілі за актыўную пазіцыю (Аляксей Стрэльнікаў далучыўся да страйку), аспрэчваў з навучальнай установай сваё звальненне праз суд. Апошнім часам як рэжысёр і менеджар ставіў монаспекталі, ладзіў закрытыя паказы ў Мінску. «Калі мяне затрымаюць, мне ёсць што паказаць сукамернікам у творчым плане», — жартаваў ён.
Сяргей Будкін аб’явіў збор для дапамогі сям’і крытыка. Звяртацца тут.
Аляксею Стрэльнікаву было 39 гадоў.