7 студзеня на 93-м годдзе жыцця памерла Святлана Яўсеева — паэтэса, перакладчыца, празаік. Жонка беларускага пісьменьніка Артура Вольскага і маці музыкі Лявона Вольскага. Пра смерць творцы паведаміла ў сваіх сацсетках пісьменніца Аксана Спрынчан.
Развітанне са Святланай Георгіеўнай адбудзецца заўтра, 10 студзеня.
Святлана Яўсеева нарадзілася 4 верасня 1932 года ў Ташкенце ў сям’і вайскоўца. Скончыла Ташкенцкі педагагічны інстытут (1956) і Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага (1962). У 1962 годзе выйшла замуж за беларускага пісьменніка Артура Вольскага (1924—2002) і пераехала ў Мінск.
Першая кніга аўтаркі «Жанчына пад яблыняй» (1962) была вельмі добра сустрэта чытачамі і крытыкай. Кніга была ўхвалена Барысам Пастарнакам, Міхаілам Святловым, Давідам Самойлавым. Зборнікі лірычных вершаў «Маладзік» (1965), «Клічу!» (1974), «Еўразія» (1979), «Апошняе развітанне» (1983), «Шукаю чалавека» (1988) пацвердзілі талент паэтэсы. Святлана Яўсеева была ў свой час прынятая Ганнай Ахматавай. Не раз выступала на вечарах з Булатам Акуджавам, сябравала з Белай Ахмадулінай.
У Беларусі творчасць паэткі цёпла прынялі Максім Танк, Пімен Панчанка, Янка Брыль, Аркадзь Куляшоў.
Уладзімір Някляеў казаў пра паэтэсу: «Святлана Яўсеева, якая прыехала з Масквы ў Мінск, даволі хутка стала не столькі рускім, колькі беларускім паэтам, які піша на рускай мове».
Перакладала на рускую мову вершы беларускіх паэтаў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка, А. Вярцінскага, Н. Тулупавай і іншых.
З 1962 года — член Саюза пісьменнікаў СССР. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram