Заўтра, 12 лютага, трэці (і апошні) дзень Міжнароднага паэтычнага фестывалю імя Міхася Стральцова «Вершы на асфальце» завяршыцца вечарынай Андрэя Хадановіча.
Пра гэта паэт і перакладчык напісаў у сваім фэйсбуку:
«Дарагія віленчукі, запрашаю на сваю вечарыну ў нядзелю. 18.00, музэй Луцкевіча. Будзе прыкладна так:
— Кароткая справаздача пра першыя 50 год жыцьця, палова зь якіх прайшла бестурботна, а другая ў беларускай літаратуры.
— Чытаньне вершаў, добрых і розных, добрыя зь якіх – пераклаў, а розныя – напісаў сам.
— Сьпяваньне песень, частка зь якіх – класіка, другая – хуліганства, а трэцяя – класіка хуліганства.
— Вашыя пытаньні, адказаў на якія аўтар ня ведае, але спадзяецца прыдумаць разам з вамі«.
Месца сустрэчы: Віленскі беларускі музей імя Луцкевіча, Цэнтр беларускай супольнасці ў Вільні (Vilniaus gatve, 20)
Паэтычны фестываль імя Міхася Стральцова «Вершы на асфальце» сёлета (як і мінулым годам) адбываецца ў Вільні.
У першы дзень быў вызначаны лаўрэат фестывалю. Ім стаў паэт і літаратуразнаўца Юрась Пацюпа.
Падчас цырымоніі абвяшчэння прэміі ў Доме літаратара ў Вільні паэты са Швецыі, Нарвегіі, Літвы, Беларусі і Польшчы чыталі свае вершы.
Сёння праходзіць асноўны дзень Стральцоўскага фестывалю. Плануецца прэзентацыя праекта аўдыякніг «Кнігі без літар», юбілейная імпрэза серыі «Паэты планеты» з нагоды 100-га выпуску, прэзентацыі кнігі «Алесь» (пра лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага), дзесяці кніг паэзіі і анталогіі беларускай паэзіі на літоўскай мове «Baltaі — Raudonaі — Baltaі».
Увечары пройдзе вялікая паэтычная імпрэза „Ноч паэзіі”.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram