Пахавальны рытуал як метафара пераходу. У Быдгашчы адкрываецца выстава беларускай мастачкі пра працэс эміграцыі

«Жыццё ў падвешаным стане» — такую назву мае выстава беларускай мастачкі Разаліны Бусел, што адкрыецца ў Цэнтры мастацтва ў Быдгашчы 26 чэрвеня. У экспазіцыі творца прапануе паглядзець на складаны працэс эміграцыі з нечаканага боку — як на пахавальны рытуал. «Мы бачым сімвалічную мову мастачкі, дзе трансфер — гэта труна, кветкі — праязныя квіткі, а свечка — памежны столб. Ніхто не хоча вымушана пакідаць радзіму, нікто не хоча паміраць», — адзначаецца ў анатацыі да праекта.

«Для людзей працэс эміграцыі дастаткова складаны, нават калі выбар змяніць краіну пражывання з’яўляецца свядомым. Для тых, для каго эміграцыя з’яўляецца вымушаным дзеяннем, яна даецца ў разы цяжэй, — падкрэслівае куратарка выставы. — Момант прыняцця культуры, паўсядзённасці, рэальнасці іншай краіны і ўсведамленне немагчымасці застацца на радзіме расцягваецца ў вялікі прамежак часу, які доўжыцца гадамі і пераўтвараецца ў стан «паміж» («in between», «suspense»). У гэтым стане людзі вымушаны жыць і кожны/ая па-рознаму дае рады са сваімі цяжкасцямі».

Беларуская мастачка Разаліна Бусел жыве ў Польшчы з 2022 года, і ўжо каля трох гадоў працуе з тэмай межаў і эміграцыі. То-бок аўтарка на сваім досведзе ведае, што значыць быць эмігрантам, і яе праект — гэта спроба пераасэнсаваць тое, што адбываецца не толькі з беларусамі.

«У сваім праекце Suspended Life / Życie w Zawieszeniu Роза намагаецца зафіксаваць момант эмігранцкага перамяшчэння, а менавіта стан нявызначанасці, завісання/«suspense». Сродкамі прасторавых і відэа інсталяцый яна канструюе прастору-стан пераходу з аднога месца ў іншае, — адзначаецца ў анатацыі. — Для яго рэпрэзентацыі мастачка абрала пахавальны рытуал як метафару пераходу чалавека з адной рэальнасці (жыцця) у іншую; і рытуальныя прадметы, якія яго суправаджаюць.

Перасячэнне жыцця і смерці, фізічнай мяжы краін… Мы бачым сімвалічную мову мастачкі, дзе трансфер — гэта труна, кветкі — праязныя квіткі, а свечка — памежны слуп. Ніхто не хоча вымушана пакідаць радзіму, нікто не хоча паміраць. Але нам прыходзіцца пераадольваць гэтыя межы, і тады ўсё, што мы можам зрабіць, гэта здзейсніць рытуальны пераход. У гэтым сэнсе экспазіцыя і з’яўляецца сімвалам персанальнага перажывання перамяшчэння».

Напярэдадні адкрыцця выставы Разаліна Бусел запрашае на майстар-клас «Жалобны ранак» па вырабе папяровых гваздзікаў.

«Ствараючы кветкі, мастачка раскажа пра сімволіку кветак у розных культурах, а таксама будзе прастора для агульнай размовы, — звяртаецца да публікі галерэя.— Кветкі стануць часткай выставы Suspended Life, якую мы адкрыем у гэты ж дзень а 18-й гадзіне».

Месца сустрэчы: Bydgoskie Centrum Sztuki (Jagiellońska, 47).

Праект створаны ў межах арт-рэзідэнцыі PerspAKTIV, якая рэалізуецца ініцыятывамі RAZAM, Амбасадай культуры і муніцыпальнай галерэяй Arsenał у Познані пры фінансавай падтрымцы Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!