Падляшскі вайб, жорсткія біты, мова і sexy-вакал: дуэт Niczos x Sw@da выдалі першы альбом і адкрылі інтэрнэт-краму

Падляшска-калумбійскі дуэт Niczos x Sw@da выдалі свой першы поўнафарматны альбом #ІНДАВУДЗ. Танцавальныя біты, падляшскі вайб, беларуская мова і sexy-вакал Нікі Юрчук — усё ўлюбёныя складнікі гурта на месцы. Але музыкі крыху змянілі гучанне на плытцы (у дадзеным выпадку — на касеце): невыпадкова на вокладцы альбома стаіць падзагаловак Podlasie bounche, што можна перакласці як «падляшскі адрыў», ці вельмі агульна кажучы «падляшскі хіп-хоп». Музыкі прапануюць «пругкі» гук і сплаў падляшскай магіі і разнастайных варыяцый хіп-хопа: ад амерыканскага — да бразільскага. Адным словам — усім на танцы!

У альбоме можна пачуць ужо вядомыя хіты — «Трава Мурава», «На бяседзе», «Узоры вышываць», «Гукі ночы»; у новай версіі з’яўляецца феміністычная «Хаджу Я». Але на касеце (дуэт прапаноўвае свой альбом не толькі ў анлайн- фармаце, а на касетным носьбіце) канцэптуалізуюць агульнае выказванне «Прадмова», «Люстэрка» і асабліва апошняя кампазіцыія — «Одэ дом» — прыгожая рэп-элегія, адрасаваная, у тым ліку, і беларусам. У песні гучаць такія радкі : «Ваюйце за свабоду, верыце ў перамогу».

«[Альбом] утварае канцэптуальнае апавяданне пра сучаснага героя беларуска-польскага памежжа, падляшскага бунтара, які шануе сваю культуру — хай сабе іншыя называюць яе «вясковай» — і адначасова паўстае супраць ціску нормаў свайго асяроддзя, прагне знайсці ўласную аўтэнтыку», — адзначаецца ў прэс-рэлізе #ІНДАВУДЗ.

Niczosx x Sw@da, сапраўды, спалучаюць лакальную культуру з глабальнай — і робяць гэта вынаходліва і стыльна. Калі ў рэп-сесіі Niczos пазнаюцца радкі падляшскіх песень — гэта, на наш погляд, толькі дадае балаў падляшскай культуры, якую аўтары лічаць сваёй і жывой. У той жа час гульня, эксперыменты з паджанрамі хіп-хопу розных павеваў дэманструюць нам патэнцыял дуэта, які, як бачым, не збіраецца спыняцца.

Цікавыя факты: Ніка Юрчук (Niczos) вучылася народным спевам у легендарным гурце падляшскіх беларусаў «Жэмэрва», і па-за дуэтам удзельнічае ў іншых эмбіент і фольк-праектах.

Польска-калумбійскі прадзюсар і музыка Sw@da з’яўляецца намінантам на галоўную музычную прэмію Польшчы — прэмію Fryderyk-2023.

Варта дадаць, што выпуск альбома суправаджаецца рэлізам некалькіх медыяпрадуктаў, даступных для пакупнікоў альбому на флэшках і касетах — бэкстэйджных і канцэртных відэа, архіўных запісаў і рэміксаў. Усё гэта стала магчымым дзякуючы калабарацыям з рознымі творцамі, сярод якіх беларуская спявачка Анастасія Рыдлеўская, відэамастакі Алекс Скідан і Аляксандр Патканян.

Дуэт вырашыў не адзначаць рэліз канцэртнай прэзентацыяй з-за шчыльнага графіка іншых выступаў, але прымеркаваў да гэтай нагоды адкрыццё ўласнай інтэрнэт-крамы з атмасферным падляшскім мерчам, у якой неўзабаве павінна з’явіцца беларускамоўная версія.

Слухаць першы альбом калумбійска-падляшскага дуэта можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!