Падчас раскопак гарадзішча на Менцы археолагі знайшлі пахаванні XI стагоддзя

Падчас раскопак гарадзішча на Менцы археолагі знайшлі два поўныя пахаванні і фрагмент яшчэ аднаго. Яны знаходзяцца ў магільных ямах і перакрытыя культурным пластом старажытнарускай эпохі. «Мы можам з упэўненасцю казаць пра тое, што гэтыя пахаванні XI-XII стагоддзяў», – распавеў карэспандэнту Sputnik загадчык аддзела археалогіі Сярэднявечча і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Андрэй Вайцяховіч.

Пахаванне на гарадзішчы на рацэ Менка. Фота: sputnik.by

Пахаванне ўнутры гарадскіх сцен — рэдкая з’ява. Гэта можа азначаць, што недалёка ад уезду ў гарадзішча быў храм, а вакол яго маглі быць пахаваныя толькі прадстаўнікі мясцовай эліты.

Гэта пакуль толькі здагадка, таму што ўсе пахаванні ідуць без інвентара. Аднак у XI-XII стагоддзях хрысціянства яшчэ не было масавым і простых людзей працягвалі хаваць у курганах.

Андрэй Вайцяховіч мяркуе, што на гарадзішчы знаходзілася самая старажытная хрысціянская царква ў рэгіёне. Дакладна лакалізаваць яе будзе складана, па ўсёй верагоднасці яна была драўлянай.

Сёлетнія археалагічныя даследаванні пацьвердзілі, што Менск быў заснаваны на рацэ Менка ў Мінскім раёне. На месцы раскопак плануецца стварыць музейны комплекс, для гэтага збіраюцца ўзнавіць уваходную групу — вароты з вежай, драўлянымі пераходамі і  абарончыя канструкцыі. Унутры гарадзішча пабудуюць некалькі жылых і гаспадарчых дамоў і з дапамогай знойдзеных артэфактаў пакажуць побыт старажытных людзей.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.