Падчас прэстыжнага міжнароднага фотафестывалю ў Лодзі абмяркуюць беларускую фатаграфію і пакажуць фотакнігі

Фотафестываль у Лодзі – адна з галоўных фатаграфічных падзеяў Польшчы, на якую прывозяць свае праекты фатографы з усяго свету. Галоўная выстава фестывалю штогод мае новую тэму і вялізную колькасць суправаджальных мерапрыемстваў.

Напрыклад, сёлета куратарская частка фестывалю прысвечана тэме разняволення. Мастакі, запрошаныя на выставу, прадставяць работы, якія вырашаюць задачу вырвацца з састарэлых сацыяльна-палітычных структур, вызваліцца ад траўматычнага мінулага і ўнутранага ціску, а таксама пазбыцца візуальнага кантэксту і межаў, якія абмяжоўваюць наша ўспрыманне.

Менавіта Fotofestiwal Lodz тры разы дапамог арганізаваць «Месяц фатаграфіі ў Мінску». Парадаксальны геаграфічны мікс узнік са зразумелых прычын: ніякія фатаграфічныя фестывалі з актуальнай павесткай у Беларусі цяпер немагчымыя. Дарэчы, апошні «Месяц фатаграфіі», праведзены ў Мінску ў 2020 годзе, называўся «Выжыванне».

А «Месяц», праведзены ў Лодзі ў 2023-м, — фактычна адна вялікая выстава — меў тэму «Паміжжа», і гэта слова фіксавала наяўны стан рэчаў.

Цяпер беларусы прымаюць удзел некалькімі невялікімі праектамі — «Сустрэчай па iнфраструктурных пытаннях для фатаграфічнай супольнасці за межамі Беларусі» і выставай беларускіх фотакніг і зінаў, выдадзеных за апошнія некалькі гадоў у розных краінах Еўропы. Іх аўтараў яднае цікавасць да калектыўнай і індывідуальнай памяці.

Таксама будуць зладжаны фатаграфічна-інтэграцыйныя заняткі «Новы дом #Лодзь» для украінскіх, беларускіх і польскіх падлеткаў і моладзі ад 16 да 20 гадоў. А беларуская аўтарка Кацярына Кузьмічова прыме ўдзел у Photo Match: дэмакратычным і інклюзіўным партфоліа-рэв’ю.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.