У Познані ў Галерэі фатаграфіі адкрылася выстава беларускага мастака Андрэя Логінава пад назвай «Чаромушкаўская Адысея 1930-2023» («Charomushki Odyssey 1930-2023»).
Мастак родам з Мінска, цяпер жыве ў Берліне, ён застаўся ў Германіі пасля заканчэння Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Дзюсельдорфе. Аўтар працуе з фатаграфіяй, скульптурай і відэа.
У сваім новым праекце, паказаным у Познані, Андрэй Логінаў даследуе гісторыю адной беларускай вёскі праз макра- і мікравымярэнне. З аднаго боку, вёска патрапіла ў 1930-я — 1950-я ў вялікія жорны гісторыі, з іншага, мастак знайшоў здымкі яе ранейшых жыхароў, а самае цікавае, што вяскоўцы захавалі памяць пра фатографа, які некалі здымаў мясцовых людзей.
Праект фіксуе тры часавыя пласты, якія ўвасоблены ў старых шкляных негатывах, пейзажным фатаграфічным фоне і нядаўна зробленых чорна-белых фотаздымках.
Паразмаўлялі з аўтарам выставы Андрэем Логінавым пра падарожжа ўглыб лесу і вандроўкі ў пластах мінулага.
— Гэта не першы сюжэт, які я сустракаю ў беларускім мастацтве, калі творцы, што даўно не жывуць у Беларусі, вяртаюцца туды на кароткі час і знаходзяць нейкія ўнікальныя гісторыі, звязаныя са спадчынай роду ці памяццю месца.
Я разумею, што вы выпадкова патрапілі ў вёску з назвай Чаромушкі? Ці не выпадкова? Раскажыце, як вы знайшлі гэтыя незвычайныя рэчы — некалькі скрынак шкляных негатываў і пейзажны фон для фатаграфій.
— Дзесяць гадоў таму мая мама здымала ў гэтый вёсцы кіно (яна кінааператарка), і ёй так спадабаліся мясціны, што яна вырашыла набыць хату. Я з сям’ёй стаў туды перыядычна прыязджаць, і мы пачалі знаёміцца з мясцовымі жыхарамі. Яны расказалі, што ў наваколлі былі хутары, насельнікаў якіх перасялілі ў вёску. Але дамы засталіся, хоць і ў паўразбураным стане. У адной хаце, расказалі вяскоўцы, жыў фатограф, які здымаў на старую камеру са шклянымі негатывамі мясцовых жыхароў. «Там за лесам, за полем», — сказалі мясцовыя людзі, і я пайшоў шукаць гэтую хату. І нейкім цудоўным чынам яе рэшткі знайшліся. А ўнутры была каробка са шклянымі негатывамі. І з гэтага пачалася мая гісторыя.
Дом быў разбураны, але я знайшоў фрагменты фоталабараторыі. Я ўбачыў лямпу чырвонага святла, паміж пакоямі вісела палатно з выявай, фон, на якім фатограф здымаў людзей. Ужо пазней, калі разглядаў негатывы, зразумеў, што гэта фатаграфічны фон. Тады я вярнуўся і забраў яго, і ён стаў часткай маёй гісторыі.
Тады ў мяне з’явілася канцэпцыя працягнуць вандроўку ў часе, якую распачаў гэты фатограф, верагодна, яшчэ ў 1930-я. І яго фатаграфічная гісторыя доўжылася дзесьці да 1950-х. Ніякіх дат, праўда, няма, толькі ўскосныя сведчанні.
Я ўзяў на сябе яго ролю і стаў вясковым фатографам. І цягам пяці-шасці гадоў фатаграфаваў мясцовых жыхароў.
— Як добра мясцовыя жыхары памяталі таго фатографа?
— Не надта добра, ніхто не мог згадаць дэталяў.
— Можа, вам удалося зняць аднаго і таго чалавека: той фатограф — у дзяцінстве, а вы — у старасці?
— Не, я паказваў старыя здымкі мясцовым, але ніхто не мог нікога пазнаць. Хіба што некалькіх асобаў няпэўна ўзгадалі. Амаль нічога не вядома пра тых людзей, якія ўвасоблены на тых старых фатаграфіях.
— Часам бывае, што такія гісторыі перарастаюць у цэлае даследаванне. Мне згадваецца праект Сяргея Лескеця, які фатаграфаваў старых шаптух. З серыі здымкаў вырасла кніга, выстава і спектакль, настолькі багатым і шматслойным быў матэрыял. Не было ў вас жадання пакорпацца ў гэтай гісторыі, правесці нейкае даследаванне? Ці ваша выстава і ёсць даследаванне?
— Для мяне гэты праект — візуальная гісторыя гэтага месца. Аднак гісторыя кожнай фатаграфіі страчана — ні імёнаў, ні датаў. Мы бачым толькі абліччы людзей. Яны — нібы люстэрка часу. Тых часоў і нашага.
Ніхто нічога не мог сказаць пра гэтых людзей. І я падумаў, што, магчыма, той страшны час, у які яны жылі, тая аўтарытарная сістэма, што прыйшла на гэтыя землі, не спрыялі таму, каб нейкая асабістая гісторыя складалася, таму што макрагісторыя — гэта заўсёды аб’ект для маніпуляцый. Прыватная памяць тады нівелюецца, знікае. Таму я нават пра сям’ю фатографа нічога не даведаўся. Толькі фатаграфіі. Толькі гэтыя творы.
Усё, што нам застаецца, параўноўваць нашых сучаснікаў і тых людзей, якія жылі пры Польшчы, пад немцамі і ў СССР. Мы толькі з падручнікаў ведаем, што здаралася з імі.
— І гэта прачытваецца ў гэтых візуальных выявах — гэтая макрагісторыя? Калі вы рабілі экспазіцыю, вы нейкія адмысловыя акцэнты ставілі пры яе стварэнні?
— Я проста дакументаваў — як вясковы фатограф. Дакладна гэтак жа, як той фатограф тады. Хто хацеў, той да мяне прыходзіў, і здымаў я так, як яны хацелі.
Усе мае фатаграфіі — чорна-белыя. Фон канцэнтруе ўвагу гледача на тварах, таму што на кожным здымку — адзін і той жа фон. Нічога не адцягвае ўвагу, усё мінімалістычна. Мы глядзім на твары, у вочы, на позы, калі параўноўваць старыя і новыя здымкі, то даволі шмат можна прачытаць без ніякіх каментароў.
У экспазіцыі я зрабіў акцэнт на сучасных здымках. Было не так шмат старых фатаграфій, але выдадзены каталог, у якім можна ўбачыць больш.
На выставе быў выстаўлены фатаграфічны фон, гэта алейны жывапіс, 2 на 2 метры, і гледачы маглі фатаграфавацца на гэтым фоне.
— Чаму выстава была зладжана ў Познані?
— З куратаркай Мартай Смаліньскай мы ўжо працавалі раней, я паказаў ёй свой праект, і яна прапанавала выставіць яго ў Познаньскім замку, у якім знаходзіцца фатаграфічная галерэя. Замак вельмі падыходзіў да майго праекта, бо ён пастаянна пераходзіў ад адной улады да іншай. Яго будаваў нямецкі кайзер, пасля ён зноў перайшоў да Польшы, пасля Гітлер зрабіў тут адну са сваіх рэзідэнцый. Гісторыя падобная да таго, што адбывалася з Заходняй Беларуссю. І Чаромушкі да яе маюць непасрэднае дачыненне. І калі паглядзець на тыя старыя здымкі на выставе, то гэтая гісторыя чытаецца.
— Што вы зрабілі са шклянымі негатывамі?
— Яны выстаўлены ў дзвюх вітрынах — нібы археалагічныя знаходкі. Побач з той скрыначкай, у якіх яны захоўваліся. Мне было важна, каб людзі ўбачылі праўдзівасць гэтай гісторыі.
— Усё ж мне здаецца, што вы працавалі не як вясковы фатограф, а як сучасны мастак. У вашай творчай біяграфіі напісана, што вы часта спалучаеце скульптуру і фатаграфію. Ці гэты праект быў у канве вашай творчасці, ці ён быў нейкім выключэннем?
— Гэта новая для мяне роля, але я заўсёды працую як мастак-канцэптуаліст. Калі сфармавалася канцэпцыя, то я яе развіваю і рэалізую, пры гэтым выбіраю самыя розныя матэрыялы і тэхнікі, якія дапамогуць мне раскрыць маю канцэпцыю.
У гэтым праекце жанр і форма былі навязаны самімі матэрыяламі. Негатывы, фон, сюжэт, іншага выбару ў мяне проста не было.
— Чаму ў назве з’яўляецца слова «Адысея»?
— Таму што для мяне гэта вандроўка — найперш у часе. І ў прасторы таксама. Яна адбываецца з паўзамі, прабеламі. Мы дакладна не можам сказаць, дзе, у які час і што адбывалася з героямі здымкаў. І гэта ўсё ператвараецца ў нейкую легенду. Таму — Адысея.
— То-бок гэта вандроўка не дадому, а ў такі метафізічны туман…
— Часткова так.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: