«Балотная казка» беларускай пісьменніцы Евы Вежнавец (Святланы Курс) «Па што ідзеш, воўча?» трапіла ў трыццатку найлепшых кніг за 2023 год па версіі чэшскага літаратурнага часопіса Iliteratura.cz. Твор у перакладзе на чэшскую мову ад беларускага паэта і літаратара Максіма Шчура выйшаў у 2023 годзе ў выдавецтве горада Чырвоны Костелец — Nakladatelství Pavel Mervart.
«Яркі аповед вясковай жанчыны пра дваццатае стагоддзе круціцца, як раз’юшаная цэнтрыфуга. Гісторыя не пакіне ў спакоі тых, хто адчувае, што іх нічым ужо ў еўрапейскай гісторыі не здзівіць. Як хто-небудзь здолеў выжыць? Вядучая беларуская пісьменніца, якая цяпер жыве ў Польшчы, гаворыць ня толькі пра пакуты, але перадусім пра стойкасць і нязломную непакору. Для сапраўдных дрэнных хлопцаў і шалапутных дзяўчат», — так прадстаўляе кнігу пісьменніцы літаратурны партал.
Нагадаем, што лаўрэат Прэміі Ежы Гедройця, раман-сенсацыя «Па што ідзеш, воўча?» працягвае свае падарожжа па краінах. У 2022 годзе яго пераклалі на нямецкую мову — кніга выйшла ў аўстрыйскім выдавецтве Paul Zsolnay. Сёлета героі беларускага бэстсэлера загаварылі на чэшскай мове.
У Беларусі, на жаль, з-за нядаўняга паклёпа вядомай прапагандысткі Вольгі Бондаравай кнігу складана знайсці ў крамах. Але ў сеціве дасяжная аўдыяверсія твора.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram