«NO EXIT» — так называецца новы спектакль Беларускага Свабоднага тэатра ў пастаноўцы рэжысёркі і актрысы Юліі Шаўчук. Тэатральная дзея паводле п’есы Вольгі Варанковай «Lucky» распавядае пра вайну ва Украіне і пра тое, як яна ўплывае на жыцці людзей. Сёння, 13 красавіка, а 18.00 у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве — адбудзецца адзін з прэм’ерных паказаў спектакля.
«Гэтая гісторыя пра тое, што ад вайны не ўцячы і не схавацца, нават калі моцна заплюшчыць вочы, альбо апынуцца ў цэнтры Лондана. Гэтая гісторыя магла б скончыцца інакш, а хутчэй за ўсё і не адбылася б увогуле. Але вайна карэктуе жыццё на свой лад, і іншага выйсця, як прыняць рэальнасць яе існавання і паглядзець ёй у вочы — няма», — адзначаецца ў анатацыі да пастаноўкі.
У спектаклі задзейнічаны два артыста: Раман Шлыкаў і Таісія Пятрова.
Музыку да «NO EXIT» напісала славутая беларуская кампазітарка Вольга Падгайская.
«П’еса складаная ў тым сэнсе, што гэтая п’еса Волі [Варанковай], і там вельмі мала дзеяння, — распавяла пра складанасці пастаноўкі рэжысёрка Юлія Шаўчук. — З аднаго боку, гэта добра, таму што ў цябе фантазія добра працуе, ты можаш рабіць што хочаш. З іншага — вельмі складана, калі няма прапісанага дзеяння, то-бок там адбываюцца падзеі паміж сцэнамі. Яны іх абмяркоўваюць і часам па інтэрнэце. У гэтым была складанасць і цікавасць, бо трэба было напружанна думаць».
Прэм’ера «NO EXIT» адбылася на мінулым тыдні, публіка прыняла дзею, і зараз паказы ідуць пры поўных залах.
«Я не ведала, якая рэакцыя будзе, бо мы варыліся ў гэтым «соусе» самі і нам было цікава, ці зразумела будзе іншым, ці штосьці яны там адчуюць, бо я хацела ў тым ліку сыграць на пачуццях, на тым, каб штосьці ў чалавеку адгукнулася, — прызналася Юлія Шаўчук. — Але шчыра кажучы, я была ў шоку, калі гледачу спабалася, гэта іх кранула».
Пастаноўка бліжэйшым часам — 17 красавіка — прыме ўдзел у тэатральным фестывалі ў Славеніі. Далей паказы «NO EXIT», верагодна, будуць працягнуты ў Музеі Вольнай Беларусі.
Сёння ўваход на спектакль вольны. Але папярэдне патрабуецца рэгістрацыя.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram