У Беларусі набліжаецца Ноч музеяў — традыцыйная міжнародная акцыя, у час якой музеі адкрываюць свае дзверы ў пазаўрочны час і прапануюць наведвальнікам самыя розныя праграмы. У сёлетняй падборцы Reform.by вырашыў выйсці за межы сталіцы і паглядзець на тыя цікавосткі, якія падрыхтавалі беларусам музеі ў замкавых і палацавых комплексах. Як кажуць культурныя заўсёднікі, вось дзе сапраўды можна казаць пра адметную атмасферу. Нагадаем, што сёлета Ноч музеяў ладзіцца пераважна з 20 на 21 траўня.
Музей-заказнік «Нясвіж»
Так, вядомы Нацыянальны гісторыка-культурны музей-заказнік у Нясвіжы запрашае гасцей на таямнічае пагружэнне ў «Містэрыю Нясвіжскага палаца».
У праграме «начнога» мерапрыемства — эксклюзіўная містычная экскурсія з нечаканым з’яўленнем гістарычных персанажаў і музычная частка.
«На сваім шляху вы сустрэнеце цікавых асоб, сярод якіх і гаспадары палаца. Будзьце гатовыя да таго, што ім спатрэбіцца ваша дапамога…», — інтрыгуюць будучых наведвальнікаў дзеі арганізатары.
Акрамя экскурсіі, абяцаецца таксама і канцэрт творчых калектываў з жывым выкананнем музычных твораў. Так, музей анансуе выступленні ансамбля «Харошкі» і фартэпіяннага трыа «ТрыаТайм».
Праграма распачнецца 20 траўня а 19.00. Кошт квіткоў — 24 рублі (дарослы).
Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей
Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей назваў сваю імпрэзу «Ноч у музеі. Меламанія».
У Старым замку пачынаючы з 21.00 у адным з самых знаных помнікаў культуры і архітэктуры будзе ладзіцца квэст па экспазіцыі — “Таямніцы Старога замка”. А «пару» квэсту складзе квіз-гульня з цікавай назвай “Пачынаем з антычнасці, а далей – як пойдзе…”.
Што да Новага замку, які, нагадаем, знаходзіцца насупраць Старога, то тут стаўку зрабілі не толькі на квэст па экспазіцыі, але і на майстар-класы. Яны будуць даволі разнастайнымі: па вырабе ўпрыгажэнняў з бісеру, скуры, лялек ручной работы, кіраванні лялькамі; анансуюцца таксама настольныя гульні, а таксама канцэрты. У прыватнасці, а 23.00 у Новым замку чакаецца выступ кавер-бэнда «Hit Hunter».
Увесь час праграмы будзе працаваць выстава «Гродна тэатральны».
Экспазіцыі Новага і Старога замкаў у час правядзення мерапрыемства будуць адчынены для наведвання, нагадвае каманда музея.
Пачатак «Ночы музеяў» у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі: 20 траўня, 20.00. Кошт квітка — 15 рублёў (дарослы).
Гальшанскі замак
Гальшанскі замак заўжды славіўся крэатыўным падыходам да стварэння культурных імпрэзаў. І гэтым разам каманда філіяла Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча, што называецца, «не падвяла» — «На тэрыторыі прывідаў» — так назвала яна «начны» музейны праект.
Гасцей замка ўвечары 20 траўня чакае канцэрт класічнай музыкі ў выкананні выкладчыкаў Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў.
Ці з’яўляецца сёння ў мурах Гальшанаў Белая Панна, супрацоўнікі музея распавядуць ужо падчас інтэрактыўнай экскурсіі «з элементамі містыкі» «Тэрыторыя прывідаў».
А завяршыць атмасферны вечар прапануецца кінапраглядам «Чорнага замка Гальшанскага» — слыннай карціны Міхаіла Пташука па рамане Уладзіміра Караткевіча.
Праграма зроблена проста, але з густам.
Пачатак дзеі, нагадаем, 20 траўня, 19.00. Кошт квіткоў — усяго 6 рублёў (дарослы).
Крэўскі замак
Сектар гісторыі Крэўскага замка УК «Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей» выбудаваў праграму акцыі на тэрыторыі Крэўскага замка, што называецца, на трох кітах: экскурсія, квэст-гульня, фотазона. «Паравозікам» да гэтых актыўнасцей далучаецца яшчэ выстава. На жаль, арганізатары аказаліся зусім сквапнымі на дадатковую інфармацыю.
Пры гэтым з’ездзіць у Крэва, на нашу думку, усё ж варта. Акурат цяпер замак знаходзіцца ў працэсе аднаўлення, і можна на ўласныя вочы пабачыць апошнія працы па яго рэстаўрацыі.
Дадамо яшчэ тое, што на пачатку траўня ва ўстанове культуры «Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей» адкрылася выстава «Крэўскія артэфакты», на якой дэманструюцца ўнікальныя знаходкі, выяўленыя падчас археалагічных даследаванняў старажытнага Крэва. Калі падсумаваць гэтыя дзве актыўнасці, то падарожжа дакладна не варта спісваць з рахунку.
Урэшце, інтэрактыўная праграма «Вялікае Княства Крэўскае» распачнецца 20 траўня а 17 гадзіне. Уваход на падзею — вольны.
Лідскі замак
І, бадай, адну з самых відовішчных праграм, нават шоу, падрыхтаваў на Ноч музеяў Лідскі гісторыка-мастацкі музей.
Падзея «Магія агню і святла» адбудзецца не 20 траўня, як большасць культурніцкіх мерапрыемстваў у Беларусі, а 27 траўня.
Гасцям Лідскага замка анансуюць наступныя цікавосткі:
- Па-першае, выставу-ралі экзатычных і рэдкіх аўтамабіляў «Экзоцік «Нясвіж-Ліда».
- Па-другое, выступленні тэатраў агню. «Разнастайны агністы рэквізіт — агністыя шары, тычкі, вяроўкі, вееры і мноства самых неймаверных сродкаў утаймавання агню — будуць задзейнічаны ў агністых пастаноўках і неверагодных перформансах», — апісваюць будучае прадстаўленне арганізатары.
У фаершчыкаў, што прыедуць на шоу, можна будзе ўзяць майстар-клас.
«Гарачае і відовішчнае шоу, напоўненае святлом, мільёнамі іскраў і апантанай энергіяй!» — Лідскі замак у сваёй «начы» зрабіў стаўку на агонь.
«На працягу вечара будуць працаваць інтэрактыўныя пляцоўкі ў вежах Лідскага замка, якія дапамогуць акунуцца ў атмасферу сярэднявечча», — дадаецца інфармацыя і пра дадатковыя актыўнасці ў час мерапрыемства.
Музейны трыпціх «Магія агню і святла» адбудзецца ў трох лакацыях: 26 траўня — у Лідскім музеі, 27 траўня — у Лідскім замку і 20 траўня — у Доме Валянціна Таўлая.
Час дзеі ў Лідскім замку: 27 траўня.
Кошт квіткоў — 20 рублёў (дарослы).
Падабраць праграму па сваіх цікаўнасцях на Ноч музея ў Беларусі можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: