Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымала паўднёвакарэйская пісьменніца Хан Ган

Нобелеўская прэмія па літаратуры 2024 года прысуджана Хан Ган (Han Kang) «за яе напружаную паэтычную прозу, якая супрацьстаіць гістарычным траўмам і агаляе далікатнасць чалавечага жыцця», — паведамляецца ў прэс-рэлізе Нобелеўскага камітэта.

Прысуджэнне Нобелеўскай прэміі па літаратуры адбылося 10 кастрычніка ў Шведскай Каралеўскай акадэміі навук у Стакгольме.

Рашэнне Нобелеўскага камітэта стала нечаканасцю: імя Хан Ган не фігуравала на першых месцах у спісах букмекераў, аднак усе літаратурныя крытыкі прадказвалі, што перамогу павінен атрымаць аўтар не з Еўропы і хутчэй за ўсё — жанчына.

Нобелеўская прэмія прысуджаецца за ўсю творчасць пісьменніцы. Хан Ган нарадзілася ў 1970 годзе, вывучала карэйскую філалогію. Яна заявіла пра сябе як паэтка ў 1993 годзе. У наступным годзе пачала пісьменніцкую кар’еру. Першы зборнік апавяданняў апублікавала ў 1995 годзе. Хан Ган — лаўрэатка Міжнароднай Букераўскай прэміі за мастацкую літаратуру за раман «Вегетарыянка» (2007), пра жанчыну, якая прыняла рашэнне перастаць есці мяса. Гэты раман — адна з першых яе кніг, якія былі перакладзены на англійскую мову.

Нагадаем, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі ў літаратуры за 2023 год стаў нарвежскі празаік, паэт і драматург Юн Фосэ«за яго наватарскія п’есы і прозу, якія выказваюць невымоўнае».

Узнагароджанне лаўрэатаў адбываецца 10 снежня, у дзень смерці шведскага вучонага Альфрэда Нобеля, па ініцыятыве якога прэміі былі заснаваны ў 1895 годзе. Цырымонія праходзіць у сталіцах Швецыі і Нарвегіі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!