Выкрадзеная ў 1984 годзе з Нацыянальнага музея ў Варшаве акварэль Васіля Кандзінскага была прададзеная ў Берліне на таргах аўкцыённага дома Grisebach.
Акварэль была выяўленая супрацоўнікамі Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы ў выніку маніторынгу замежнага рынку твораў мастацтва. Пасля чаго польскі консул у Берліне Марцін Круль праінфармаваў як нямецкія ўлады, так і ўлады аўкцыённага дома пра паходжанне твора: «Ад імя польскай дзяржавы я хацеў бы паведаміць, што карціна Васіля Кандзінскага «Без назвы» — лот 31, прапанаваная сёння аўкцыённым домам Grisebach, з’яўляецца творам мастацтва, скрадзеным у 1984 годзе з Нацыянальнага музея ў Варшаве… Паходжанне / гісторыя карціны, паказаная аўкцыённым домам Grisebach, ясна паказвае на тое, што карціна знаходзілася ў польскіх публічных калекцыях і, што больш важна, карціна мае маркіроўку ўласнасці, якая адназначна паказвае на яе паходжанне з Нацыянальнага музея ў Варшаве».
Ён таксама патлумачыў, што любы продаж пасля крадзяжу не можа лічыцца добрасумленным дзеяннем. Польскае Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны папрасіла аўкцыённы дом Grisebach зняць карціну з аўкцыёну, што з’яўлялася б адзіным правільным і маральным дзеяннем у той сітуацыі, якая склалася.
Аўкцыяністы заявілі, што вывучылі інфармацыю міністэрства культуры Польшчы аб тым, што карціна была скрадзеная, і прыйшлі да высновы, што ніякіх юрыдычных перашкод для правядзення аўкцыёну няма.
Польскі консул у Берліне Марцін Круль прысутнічаў на аўкцыёне ў Берліне, але не змог прадухіліць продаж карціны. Акрамя таго, што на адваротным баку карціны Кандзінскага стаіць штамп музея, адкуль яна першапачаткова паступіла, праца знаходзіцца ў базе даных выкрадзеных твораў мастацтва Інтэрпола.
Карціна была прададзеная за 310 тыс. еўра пры стартавым кошце 100 тыс. еўра.
Аднак пасля гнеўнай рэакцыі Польшчы Берлінскі аўкцыённы дом Grisebach вырашыў прыпыніць завяршэнне здзелкі.
«Нямецкі аўкцыённы дом дзейнічаў як скупшчык крадзенага, — напісаў у сваім твітары міністр культуры Польшчы Пётр Гліньскі. – Яны прадалі карціну Кандзінскага, ведаючы, што яна скрадзеная з польскага музея». Міністэрства таксама заявіла, што распачне юрыдычныя крокі, каб паспрабаваць вярнуць карціну, назваўшы аўкцыён «вельмі неэтычным і супярэчным стандартам, якія павінны прымяняцца на міжнародным рынку мастацтва».
Польскі бок збіраецца ажыццяўляць грамадзянскі пазоў у рамках еўрапейскага заканадаўства.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram