«Несціхаючыя галасы»: ролі жанчын у беларускім дэмакратычным руху прысвечана новая выстава ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве

Сёння, 6 верасня, у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адкрыецца выстава «Несціхаючыя галасы», прысвечаная ролі жанчын у беларускім дэмакратычным руху. Гэтая выстава з’яўляецца часткай шырокага праекта «Несціхаючыя галасы. Пашырэнне правоў і магчымасцяў жанчын у беларускай дэмакратыі», які накіраваны на глыбокае даследаванне, ацэнку і прасоўванне жаночай палітычнай актыўнасці ў сучаснай Беларусі.

«Несціхаючыя галасы» — выстава-нарыс і выстава-расповед аб тым, як жанчыны, якія масава далучыліся да пратэстаў супраць несправядлівых выбараў у 2020 годзе, пачалі свядома адстойваць сваё права на ўдзел у фармаванні будучыні сваёй краіны. Іх палітычная трываласць, паслядоўнасць у выбары і мужнасць перад рэпрэсіямі раскрываюцца шляхам спалучэння мастацкага падыходу з дакументальным аналізам. У выніку атрымліваецца глыбокі і комплексны партрэт жанчын, якія няспынна і паслядоўна працуюць на будучую дэмакратычную Беларусь.

У экспазіцыі «Несціхаючых галасоў» — фотаздымкі і экспанаты з фонду Музея Вольнай Беларусі, а таксама арыгінальныя рэчы жанчын-удзельніц беларускіх падзей 2020–2024 гадоў, перададзеныя імі з прыватных калекцый.

Арганізатары выставы — Музей Вольнай Беларусі і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. Партнёр — ініцыятыва «Палітвязынка». Фінансавая падтрымка — Амбасада Канады ў Рэспубліцы Польшча і Канадскі фонд мясцовых ініцыятыў.

На афіцыйнай частцы адкрыцця выставы плануецца відэазварот нацыянальнай лідаркі Святланы Ціханоўскай, а таксама выступы спадарыні Кэтрын Годзін — Амбасадаркі Канады ў Польшчы і спадара Паўла Латушкі — намесніка Кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Вядучая цырымоніі — Народная артыстка Беларусі, актрыса групы «Вольныя Купалаўцы» Зоя Белахвосцік.

Час і месца выставы — 6 верасня а 19:00, Музей Вольнай Беларусі, вул. Foksal, 11.

Праект будзе працаваць да 22 верасня 2024 года; падчас яго працы адбудзецца шэраг тэматычных мерапрыемстваў — лекцый, сустрэч і дыскусій. Першая сустрэча — куратарская экскурсія па выставе — пройдзе 7 верасня, пачатак а 13-й.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!