Не менш за 153 дзеячы культуры ў няволі – Беларускі ПЭН

Культура
Фота ілюстрацыйнае. Экспазіцыя выставы Магдалены Абакановіч.

Беларускі ПЭН апублікаваў чарговую хроніку парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (за перыяд 1–15 студзеня 2024 года)

Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 5 студзеня стала вядома, што ў дачыненні да мастачкі Ганны Крук распачата крымінальная справа. Ганну Крук затрымалі ўвечары 29 лістапада 2023 года ў кавярні «Маркс» у Мінску, судзілі паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (несанкцыянаванае пікетаванне) Паводле пратакола, Ганна Крук «дэманстравала карціну з БЧБ-сцягам, што стала даступна неабмежаванаму колу асобаў». Яе арыштавалі на 13 сутак. Цяпер Ганна Крук утрымліваецца пад вартай у следчай турме № 8 у Жодзіне.

2. У Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме працягнуўся разгляд крымінальнай справы літаратара і грамадскага актывіста Алега Кацапава. Яго затрымалі 21 сакавіка 2023 года і абвінавацілі ў вырабе, распаўсюдзе або захоўванні экстрэмісцкіх матэрыялаў паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях. Цяпер яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці або разладу), ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта), ч. 1 і ч. 2 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Алег Кацапаў скончыў філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, займаўся папулярызацыяй беларускай гісторыі і культуры, у пачатку 1990-х кіраваў гомельскім моладзевым гістарычна-культурным аб’яднаннем «Талака». Вершы Алега Кацапава друкаваліся ў газеце «Літаратура і мастацтва», часопісах «Крыніца», «Маладосць», у зборніку «Ягамосьць: вершы-прысьвячэньні Анатолю Сысу».

3. 12 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе распачаўся суд паводле крымінальнай справы Аляксандра Зянкова – фатографа, кінадакументаліста, якога абвінавачваюць на падставе ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Аляксандра Зянкова затрымалі 22 чэрвеня 2023 года ў яго доме ў Барысаве, павезлі ў Мінск, дзе змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна, а потым перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Аляксандр Зянкоў – аўтар дакументальных фільмаў пра культуру і гісторыю Беларусі.

4. 15 студзеня стала вядома, што затрыманага ў Магілёве YouTube-блогера Алеся Сабалеўскага перавялі ў следчы ізалятар турмы № 4 у Магілёве, што ўскосна сведчыць пра заведзеную на яго крымінальную справу. 6 студзеня ён не выйшаў на волю пасля чарговага адміністрацыйнага арышту. Дакладных звестак пра характар новага арышту няма. Папярэдні арышт у яго завяршаўся 24 снежня 2023 года, але быў складзены новы адміністрацыйны пратакол паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў, так суды інтэрпрэтуюць падпіскі на незалежныя СМІ) і прысуджаны чарговы адміністрацыйны арышт. Затрыманы ён быў 12 снежня 2023 года на працы. Алесь Сабалеўскі вядомы сваім відэаблогам  пра падзеі культурніцкага і грамадскага жыцця ў Магілёве.

Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры

1. У Магілёве арыштаваны і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання фатограф і кінадакументаліст Яўген Глушакоў, які здымаў сюжэты пра культуру, беларускую гісторыю, рок-гурты, правы чалавека, быў актыўным удзельнікам інтэрнэт-супольнасці «Ліштва», прысвечанай драўлянай архітэктурнай спадчыне Магілёва. Дакладных звестак пра характар арышту няма.

2. 6 студзеня стала вядома пра затрыманне ў Магілёве трох удзельнікаў гурта «Nizkiz»: вакаліста і аўтара песень Аляксандра Ільіна, бас-гітарыста Сяргея Кульшы і бубнача Змітра Халяўкіна. 8 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Магілёва над музыкамі адбыўся суд паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Вынік судовага пасяджэння пакуль невядомы. 10 студзеня ў Магілёве другі раз запар асудзілі саліста гурта «Nizkiz» Аляксандра Ільіна, яго зноў судзілі паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях. Вынік судовага пасяджэння пакуль невядомы.

3. 11 студзеня затрыманы народны майстар Беларусі, разьбяр па дрэве Юры Камандзірчык.

Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

Суд Шчучынскага раёна ў выязным судовым пасяджэнні ў будынку мясцовага РАУСу разгледзеў адміністрацыйныя справы супрацоўніка і супрацоўніцы кампаніі «Шчучынскі раён газазабеспячэння» за фота бел-чырвона-белага сцяга на іх старонках у «Аднакласніках». Суд палічыў, што гэта ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні і вынес рашэнне на падставе ч. 1 арт. 24.23 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях – штраф кожнаму 20 базавых адзінак (740 рублёў, або каля 226 долараў).

Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных

Краязнаўца Уладзімір Гундар, асуджаны на 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, да верасня 2024 года пазбаўлены прадуктовых перадач.

Рэпрэсіі ў дачыненні сваякоў людзей слова

9 студзеня затрымана за падпіскі на незалежныя інфармацыйныя рэсурсы Таццяна Севярынец – філолаг, педагог, маці палітзняволенага грамадскага дзеяча і літаратара Паўла Севярынца. Пасля затрымання Таццяна Севярынец трапіла ў шпіталь. Суд над ёй прызначаны на 25 студзеня.

Рэпрэсіі ў сферы кнігавыдавецтва

«Экстрэмісцкай» прызналі кнігу Віктара Суворава «Беру свои слова обратно: Вторая часть трилогии “Тень Победы”», прысвечаная першым дням Другой сусветнай вайны на тэрыторыі СССР.

Звальненні дзеячаў мастацтва з устаноў культуры

У Браславе з Музея традыцыйнай культуры звольнілі 7 чалавек, сярод іх – загадчыца музея Элеанора Зінкевіч, узнагароджаная за сваю працу граматай Міністэрства культуры, і яе муж Валерый Зінкевіч – ганчар са званнем народнага майстра Рэспублікі Беларусь.

Цэнзура

15 студзеня ў Мінску на этапе мантажу забаранілі выставу мастака Уладзіміра Кандрусевіча, якая мелася адкрыцца ў Тэатры беларускай драматургіі 16 студзеня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news (ранее REFORM.by)


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: