Не менш за 127 дзеячаў культуры ў няволі — Беларускі ПЭН

Культура
Экспанаты выставы Магдалены Абакановіч. Фота: Reform.by.

Беларускі ПЭН апублікаваў Хроніку парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры за перыяд 15–31 ліпеня 2023 года.

На 31 ліпеня 2023 года: людзей слова ў няволі – не менш за 32, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 127.

Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. У Мінску затрымалі Ігара Карнея, у яго доме правялі ператрус. Паводле першапачатковай інфармацыі, ён быў арыштаваны на 10 сутак. Ігар Карней – журналіст, эсэіст, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі, трэвэл-блогер. 28 ліпеня 2023 года Ігара Карнея перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску, у дачыненні да яго распачата крымінальная справа (пакуль няма інфармацыі, на падставе якога артыкула). 15 лістапада 2020 года Ігара Карнея затрымлівалі падчас Маршу смелых – адной з мірных акцый пратэсту ў Мінску. Паводле арт. 23.34 Адміністрацыйнага кодэкса (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) ён быў асуджаны на 10 сутак арышту, які адбываў у ізалятары часовага ўтрымання ў Жодзіне. Пасля вызвалення зрабіў рэпартаж «”Следующая остановка – ад”. Як я правёў 10 содняў у жодзінскім ізалятары», у якім распавёў пра бесчалавечныя ўмовы ўтрымання за кратамі.

2. Суд Ленінскага раёна Мінска вынес рашэнне ў крымінальнай справе паэта і музыкі Мікіты Найдзёнава: 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Мікіта Найдзёнаў быў затрыманы ў Мінску 25 сакавіка 2023 года, асуджаны паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Мікіта Найдзёнаў – паэт, музыка, перакладчык, аўтар зборніка паэзіі «Развітанцы» (2016), былы фронтмен гурта «Hurma», аўтар шэрагу песень для розных выканаўцаў. Пераклаў на беларускую мову 16 песняў «The Beatles».

3. Суд Ленінскага раёна Мінска вынес рашэнне ў крымінальнай справе Змітра Баяровіча і Валерыі Баяровіч – па 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Зміцер Баяровіч – фатограф, журналіст, літаратар, аўтар вершаў і празаічнага зборніка «Шалі» (2012). 14 сакавіка 2023 года Змітра Баяровіча і яго жонку Валерыю Баяровіч затрымалі ў Мінску каля пад’езда іх дома.

4. 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму прысудзілі культурнаму менеджару, журналісту і выдаўцу Паўлу Мажэйку; адвакатцы Юліі Юргілевіч, якая была абаронцай мастака-палітзняволенага Алеся Пушкіна, – 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Паўла Мажэйку і Юлію Юргілевіч судзілі паводле ч. 2 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненае паўторна групай асоб па папярэдняй змове). Іх абвінавацілі ў перадачы звестак тэлеканалу «Белсат», з 3 лістапада 2021 года прызнанага ўладамі «экстрэмісцкім фармаваннем». Паводле матэрыялаў справы, Павел Мажэйка, «па папярэдняй змове з Юліяй Юргілевіч», з лютага па сакавік 2022 года перадаў для «Белсата» інфармацыю ад Юліі Юргілевіч пра пазбаўленне яе ліцэнзіі адваката і выключэнне з Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў і пра разгляд Мінскім гарадскім судом крымінальнай справы мастака Алеся Пушкіна.

5. 27 ліпеня ў Гомелі ў закрытым рэжыме пачаўся суд над папулярызатаркай беларускай культуры і гісторыі Ларысай Шчыраковай, якую абвінавачваюць паводле арт. 369.1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Паводле версіі следства, Ларыса Шчыракова, «выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, прадставіла для размяшчэння і размясціла ў сетцы Інтэрнэт, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь», «ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу інфармацыі для “Вясны” і “Белсата”». Ларыса Шчыракова – рэжысёрка-дакументалістка, папулярызатарка гісторыі і культуры, выканаўца народных песень, рэканструктарка народных абрадаў, каардынатарка праекта ўшанавання памяці рэпрэсаваных «Забітыя і забытыя», выканаўца ролі рэпрэсаванай і расстралянай беларускай палітычнай дзяячкі Палуты Бадуновай у фільме «Палута Бадунова: успомніць і не забыць».

6. Зняволенага дзіцячага пісьменніка Дзмітрыя Юртаева ўнеслі ў так званы пералік асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. 29 красавіка 2023 года Дзмітрыю Юртаеву быў вынесены прысуд: 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. У Дзяржынску супрацоўнікі АМАПа затрымалі мастака Сяргея Кулеша. Прычыны затрымання пакуль невядомыя.

2. У Мінску затрыманыя выкладчыца беларускай мовы, кандыдатка філалагічных навук і дацэнтка кафедры беларускай і рускай моў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта ( БДЭУ) Надзея Старавойтава і былая выкладчыца рускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры (БДУФК) Наталля Сівіцкая.

3. У Мінску затрымалі Максіма Васільева – студэнта спецыяльнасці «акцёр драматычнага тэатра і кіно» Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Яго абвінавацілі ў распаўсюджванні «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

4. У Магілёве быў затрыманы гісторык, былы дырэктар Музея гісторыі горада Аляксей Бацюкоў.

5. У Верхнядзвінску супрацоўнікі міліцыі забралі з дому Валянціну Болбат – папулярызатарку беларускай культуры, арганізатарку культурніцкіх імпрэз. Яе павезлі ў Віцебск, дзе яны мусіць адбыць адміністрацыйны арышт – 30 сутак, прысуджаных 19 чэрвеня ў Наваполацку паводле ч. 2. арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыі) і ч. 3 арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). На старонцы Валянціны Болбат у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» супрацоўнікі міліцыі знайшлі відэа з інтэрнэт-рэсурсу, прызнанага ўладамі экстрэмісцкім, што было кваліфікавана як распаўсюджванне экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі; таксама была знойдзена выява нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга, што кваліфікавалі як правядзенне несанкцыянаванага пікетавання. У 2023 годзе Валянціну Болбат судзілі паводле арт. 19.11 і 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях 6 разоў. Знаходжанне за кратамі нанесла значную школу яе здароўю. Валянціна Болбат перанесла гіпертанічны крыз падчас знаходжання ў Наваполацкім цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

1. 23 ліпеня ў Мінску за тату з гербам «Пагоня» затрыманы Віктар Нарэйка.

2. Затрыманы і арыштаваны на 10 сутак актывіст, распаўсюднік беларускай літаратуры Барыс Хамайда. Ён ехаў з Віцебска, каб далучыцца да пілігрымкі ў вёску Росіца, якая знаходзіцца каля латвійскай мяжы. У Росіцы адбывалася ўшанаванне памяці пакутнікаў Другой сусветнай вайны, ксяндзоў-марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча. Барыса Хамайду затрымалі пасля таго, як памежнікі праверылі пашпарты і пабачылі вокладку з гербам «Пагоня». Калі Барыс Хамайда выйшаў з цягніка на перон, яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі і павезлі ў Верхнядзвінск.

Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных

1. 16 ліпеня стала вядома, што ў палітвязня Рыгора Кастусёва ў калоніі ў Івацэвічах прадстаўнікі адміністрацыі забралі чарнавік кнігі, якую ён пачаў пісаць у зняволенні, і адрасы для ліставання.

2. Аляксандру Францкевічу, аўтару турэмнай прозы, у калоніі ў Івацэвічах працягнулі тэрмін знаходжання ў штрафным ізалятары (ШІЗА) да 5 жніўня, яго бесперапынна ўтрымліваюць у ШІЗА чацвёрты месяц.

3. Ад першага дня прыбыцця ў СІЗА ў Жодзіне аўтар турэмнай прозы Зміцер Дашкевіч знаходзіцца ў карцары.

Знішчэнне мясцін памяці

З будынка гродзенскага чыгуначнага вакзала знік памятны знак паўстанцам 1863 года. Замест яго з’явілася дошка, прысвечаная савецкім падпольшчыкам часоў Другой сусветнай вайны. Памятны знак з дубу, прысвечаны паўстанцам 1863 года, быў усталяваны згодна з рашэннем № 284 ад 28 чэрвеня 1993 года выканкама Гродзенскага гарадскога савета народных дэпутатаў. Аўтар памятнага знака – гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў.

Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

24 ліпеня ў Беларусі заблакавана інтэрнэт-бібліятэка беларускай літаратуры Kamunikat.org, дзе размешчаныя тысячы газет, кніг, часопісаў, аўдыякніг, відэа з беларускімі пісьменнікамі. Доступ да рэсурсу абмежаваны паводле рашэння Міністэрства інфармацыі.

Дыскрымінацыя на падставе мовы

17 ліпеня ўнесеныя змены ў закон «Аб мовах», які з 1990 года рэгламентуе моўную палітыку дзяржавы: скасоўваецца права на атрыманне адукацыі на мове нацыянальнай меншасці ў школах, таксама прыбралі патрабаванне для кіраўнікоў сістэмы адукацыі валодаць беларускай мовай.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news (ранее REFORM.by)


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: