Брытанская акадэмія тэлебачання і кінамастацтва (BAFTA) вызначыла лепшыя кінастужкі 2022 года.
19 лютага на цырымоніі ўзнагароджання абвясцілі пераможцаў.
Ваенная драма «На Заходнім фронце без пераменаў» («All Quiet on the Western Front») Эдварда Бергера атрымала перамогу ў сямі катэгорыях: «найлепшы фільм»; «найлепшы рэжысёр»; «найлепшы фільм не на англійскай мове»; «найлепшая аператарская праца»; «найлепшы адаптаваны сцэнарый»; «найлепшая музыка да фільма»; «найлепшы гук».
«На Заходнім фронце без пераменаў» – стужка, заснаваная на аднайменным рамане нямецкага пісьменніка Эрыха Марыі Рэмарка. Фільм таксама прадстаўлены ў 5 намінацыях на прэмію «Оскар», вынікі якой абвесцяць 12 сакавіка.
Найлепшым акцёрам Брытанская кінаакадэмія назвала Осціна Батлера, які сыграў караля рок-н-рола ў фільме «Элвіс», а актрысай – Кейт Бланшэт за ролю ў фільме Тода Філда «Тар».
Прэмію за найлепшы дакументальны фільм атрымаў «Навальны» Дэніэла Роера. Стужка распавядае пра атручванне расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага, яго лячэнне і вяртанне ў Расію.
Узнагароду за найлепшы арыгінальны сцэнарый атрымала стужка «Баншы Інішэрына» Марціна МакДонаха. Акцёры гэтага фільма перамаглі таксама ў мужчынскай і жаночай намінацыі «другога плана».
Статуэтку за лепшы мантаж атрымаў «Усё ўсюды і адразу» Дэна Квана і Дэніэла Шайнерта, а за лепшыя спецэфекты – «Аватар: шлях вады» Джэймса Кэмерана.
Найлепшым анімацыйным фільмам стаў «Пінокіа» Гільерма дэль Тора.
Спіс усіх пераможцаў можна паглядзець тут.
Акадэмія тэлебачання і кінамастацтва (BAFTA) штогод уручае прэмію ў галіне кінематаграфіі, тэлебачання, камп’ютарных гульняў, анімацыі і г. д.
Прэмію BAFTA называюць брытанскім аналагам амерыканскага «Оскара», якому яна папярэднічае ў вызначэнні найлепшых кінастужак.