Дзень Святога Валянціна, ці Дзень усіх закаханых, адзначаецца 14 лютага.
У гэты дзень людзі дораць сваім каханым кветкі і паштоўкі ў форме сардэчка — валянцінкі.
Гэтым годам падзея крыху азмрочваецца ці наадварот – набывае азартнае і камічнае адценне — забаронай святкаваць гэты дзень у сценах БДУ. Відаць, негалосна, і па ўсёй Беларусі. Таму на радзіме святочных мерапрыемстваў значна паменшала.
Вялікае святкаванне адбываецца сёння, 12 лютага, у Дукорскім маёнтку ў Мінскай вобласці. Там праходзяць інтэрактыўная імпрэза «Закаханая нявеста», квіз, цір і майстар-класы, а таксама прагучыць рамантычная музыка ў скрыпічным выкананні.
Прыватна і вузкім колам гэты дзень адзначаецца ў клубах і рэстаранах, напрыклад, у мінскім клубе-рэстаране «ТУСЭ» абяцаюць выступ музыкі з Грузіі Рэваза Піпія.
Для ўсіх беларусаў, а значыць – анлайн, J:Морс ладзіць канцэрт 14 лютага ў 19:00 (Варшава)/21:00 (Мінск). Квіткі каштуюць ад 8 да 25 еўра: вы самі выбіраеце, колькі заплаціць. На якасць трансляцыі кошт не ўплывае.
У нядзелю, 12 лютага, у 18.30 у Беларускім Моладзевым Хабе адбудзецца паэтычна-музычная імпрэза ў стылі нуар з рамантычнай назвай «Zakahanyja u… Любоў у часы Апакаліпсы». Спявачкі і акторкі беларускіх і польскіх тэатраў — Ана Мацкевіч, Дар’я Новік і Маша Пятровіч — будуць разважаць пра каханне падчас вайны, тугу па доме і агульны «заход» свету праз джазавую класіку і паэзію і беларускіх і польскіх аўтараў ды аўтарак. Пастаноўка будзе на некалькіх мовах.
Таксама ў нядзелю ў Быдгашчы адбудзецца канцэрт спявачкі Tori Dea, прысвечаны Дню Святога Валянціна «Miłość. Каханне. Любов». Разам з Tori Dea – спявачкай, аўтаркай песень і выкладчыцай вакала – у канцэрце возьмуць удзел яе вучні і запрошаныя выканаўцы.
Непасрэдна ў сам Дзень усіх закаханых, які прыпадае сёлета на аўторак, пройдзе некалькі гучных канцэртаў у розных краінах свету.
У Дзень Святога Валянціна, 14 лютага, NaviBand і Юры Стыльскі граюць у Вільні ў бары «Pahonia» супольны канцэрт для ўсіх закаханых і для тых, хто шукае сваё каханне.
14 лютага ў Будве (Palazzo Night Club, Будва, Mediteranska, 55, Чарнагорыя) выступіць ЛЯПІС ТРУБЯЦКОЙ з акустычным канцэртам. Абяцае старыя і новыя хіты, сярод якіх, магчыма, знойдзецца крыху і пра каханне.
Ну і ў якасці горкай разыначкі… Паслявалянцінкавы канцэрт разбітых сэрцаў Аляксандра Памідорава адбудзецца ў Беластоку 15 лютага ў 18:00 у Кавярні Беластоцкага Тэатра лялек.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: