У галерэі «CO³» у Кёльне адкрылася выстава Надзі Саяпінай — падагульняючы паказ праекта «Ліст да маці», над якім аўтарка працавала тры гады. Экспазіцыя ўключыла і працы з розных серый і цыклаў.
«Ліст да маці» — праект, прысвечаны даследаванню вымушанай эміграцыі, які разгортваўся цыкламі, раскрываючы розныя грані гэтага складанага вопыту. Мастачка выкарыстоўвала метады анкетавання, збору, архівавання і ўзаемадзеяння з супольнасцю, вынік яе працы быў прадстаўлены на розных групавых выставах у выглядзе мультымедыйных інсталяцый, перформансаў, малюнкаў. Цяпер праект дэманструецца ў рамках індывідуальнай выставы.
Да праекта далучылася больш за дзвесце рэспандэнтаў. Мастачка шукала іх праз сацсеткі, таму большасць удзельнікаў — гэта беларусы і ўкраінцы з досведам вымушанай эміграцыі.
Галерэя «CO³» невялікая па памерах, але мае вітрыну. Таму даводзілася зрабіць адбор пры экспанаванні, і паўстала яшчэ адна складаная задача: як паказваць працы, якія будуць бачны звонку. Аўтарка прадставіла інсталяцыі, напрыклад «Зашмат папераў», якая суправаджалася перформансам на адкрыцці. Таксама былі выстаўлены лісты, зробленыя падчас варштатаў і першай выставы праекта ў Малой галерэі «Містэцкага Арсеналу» ў Кіеве — іх пісалі мясцовыя жыхары ад імя беларускіх мігрантаў, прачытаўшы вытрымкі іх інтэрв’ю. Праз вітрыну можна ўбачыць калекцыю з 70 фатаграфій валізак, з якімі людзі пакідалі свае дамы — частка цыклу «Часовасць». Паабапал — серыя «Postcard Nowhere» і цыкл відэа «X Letters», астатні з усяго даследавання.
Выстава Надзі Саяпінай з’яўляецца часткай групавога праекта «Крохкасць дому» (плануюцца 4 індывідуальныя і адна групавая выстава), ідэя якога — даследаваць пачуццё дому праз вельмі розныя перспектывы і асабісты досвед людзей. То-бок не ўсе мастакі-ўдзельнікі размаўляюць пра міграцыю, але ўсе разглядаюць дом і яго крохкасць.
«Цікава назіраць, — расказала reform.news Надзя Саяпіна, — як людзі ўспрымаюць мой праект, калі яны не маюць эмігранцкага досведу, але ў іх краіне прысутнічае вялікая колькасць мігрантаў, як, напрыклад, у Германіі. Я нават спытала ў гледачоў і глядачак, якія жывуць у Кёльне і нарадзіліся там, як яны ўспрымаюць працы, створаныя на іншых мовах — на беларускай, рускай ці ўкраінскай. І ці разумеюць яны гэты праект без наяўнасці эмігранцкага досведу.
І маё мастацкае шчасце ў тым, што так, гэта можна адчуць — праз візуальныя вырашэнні, праз музычную частку відэа прац, якую стварыў Яўген Булдык / Mufer пра вакальным удзеле Neue Vocalsolisten Stuttgart. То-бок нават без ведання мовы праект успрымаецца эмацыйна глыбока. Праз мастацтва можна перадаць гэты досвед, можа, не цалкам дакладна, але звярнуць увагу і даць людзям адчуць тое, што мы адчуваем, цалкам магчыма. Яшчэ цікавая думка адной маладой немкі, якая, гледзячы на лісты, напісаныя па-ўкраінску і па-руску, але з малюнкамі, падзялілася думкай, што, можа, у няведанні мовы ёсць добры бок, бо дапамагае зразумець, як адчуваюць сябе мігранты, якія знаходзяцца ў сітуацыі, калі не разумеюць значэнні словаў.
Я адчула на сваёй выставе, што наша мастацтва цікавае еўрапейскаму гледачу найперш сваёй экзотыкай, бо мы — рэгіён East Europe, які развіваецца ў зусім іншай парадыгме. З аднаго боку, добра, што ёсць такая цікаўнасць і магчымасць паказваць сваё мастацтва, а з іншага, гэта дэманстрацыя таго, што ў Еўропе ўжо не існуе.
Але я лічу, што важна выкарыстоўваюць гэтую сітуацыю цікаўнасці, бо дагэтуль у Еўропе няшмат ведаюць пра Беларусь і наша мастацтва. Беларуская сацыяльна-палітычная сітуацыя за мяжой больш не абмяркоўваецца ў СМІ. І шмат хто мне казаў, што яны апошнія гады не ведаюць, што ў нас адбываецца. Таму нам ёсць пра што казаць і важна, як паказваць тое, што з’яўляецца істотным для нас. Не толькі як сваю асабістую траўму: трэба глядзець шырэй і не засяроджвацца на сваім вельмі лакальным досведзе. Гэта зробіць такія праекты і даследаванні больш зразумелымі для рознай публікі».
**
Надзя Саяпіна — міждысцыплінарная мастачка, якая працуе ў сферы сацыяльна-арыентаванага мастацтва, пазіцыянуючы сябе ў якасці медыятаркі, каб раскрыць галасы «іншых» — выключаных, траўмаваных, тых хто знаходзіцца ва ўразлівым стане. Надзя працуе з мультымедыя, перформансам, інсталяцыяй, тэкстам, малюнкам і выкарыстоўвае метады інтэрв’ю, апытанак, архівавання, партысіпацыі і арт-тэрапіі. З дапамогай гэтых метадаў мастачка імкнецца вылучыць важныя праблемы, адкрыць шляхі для самарэфлексіі, эмпатыі і пераадолення траўматычных перажыванняў.
Мастачка з’ехала з Беларусі ў 2020 годзе па палітычных абставінах, цяпер жыве ў Варшаве. Летам у польскай сталіцы працавала яе выстава «Покуць».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram