На Усходніх могілках Мінска прайшло пахаванне праху беларускага фатографа Уладзіміра Парфянка — фотафакт

Сёння на Усходніх (Маскоўскіх) могілках Мінска прайшла цырымонія пахавання праху беларускага фатографа Уладзіміра Парфянка. Развітацца з адной з выбітных постацяў беларускай фатаграфіі і культуры прыйшлі блізкія, сябры, калегі творцы. Сёння, 28 верасня, заснавальніку галерэі візуальных мастацтваў Nova, фатографу, куратару, архівісту, аналітыку фатаграфіі споўнілася б 66 гадоў.

Уладзімір Парфянок пайшоў з жыцця ў студзені 2024 года ў Мінску. Прычынай смерці вядомага дзеяча культуры стаў разрыў аорты. Па рашэнні блізкіх цела нябожчыка было крыміравана. Сёння на Усходніх могілках з’явілася месца, куды можна прыйсці і ўшанаваць памяць беларускага творцы.

Фота: ДК.
Фота: ДК.
Фота: ДК.

 

Фота: ДК.

Вядома, што з архівам фатографа зараз працуюць яго сябры.

Для гісторыі беларускай фатаграфіі постаць Уладзіміра Парфянка (1958-2024) з’яўляецца адной з ключавых. Прадстаўнік Мінскай школы фатаграфіі, выпускнік культавых «Студый» Валерыя Лабко пры Народным фотаклубе «Мінск», Уладзімір Парфянок увайшоў у генерацыю «новай хвалі» беларускай фатаграфіі. У 1990-я гады фатаграфіі Уладзіміра Парфянка сумесна з працамі яго калег выстаўляліся ў прэстыжных галерэях Еўропы і свету — гэта было прызнанне мінскай фатаграфіі на міжнароднай арт-сцэне. У 1990-я і 2000-я фатограф займаў пасаду рэдактара аддзела мастацкай фатаграфіі часопіса «Мастацтва» (1991-2002), стаў адным з заснавальнікаў першай фатаграфічнай галерэі ў Мінску — галерэі візуальных мастацтваў NOVA (1996-2009, 2011-2013). Складальнік кнігі «Творческая фотография в Беларуси» (2015). Рэдактар вэб-альманаха Photoscope.by. Куратар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў і Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура.

Працы Уладзіміра Парфянка знаходзяцца ў калекцыях Museet for Fotokunst «Brandts Klaedefabrik» (Данія), Det Kongelige Bibliotek (Данія), Інстытута імя Гёте (Балгарыя), ef-Galeria (Польшча), Дзяржаўнага музейна-выставачнага цэнтра Росфота (Расія), Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея РБ, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў РБ ды ў іншых прыватных зборах Беларусі, Расіі, Даніі, Фінляндыі, Германіі, Бельгіі, Францыі.

Пад яго ўплывам было сфарміравана не адно пакаленне фатографаў і крытыкаў фатаграфіі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!