На раскопках гарадзішча на Менцы адшукалі ўнікальную знаходку з галавой неапазнанай істоты… Разабраліся з яе функцыяй

На раскопках гарадзішча на рацэ Менка, на месцы, дзе паўстаў старажытны Менск, сярод канструкцый драўляных клецей спецыялісты па кансервацыі дрэва гомельскага прадпрыемства «Трансцэнтр» на адным з бярвёнаў выявілі выразаную скульптуру — галаву нейкай істоты.

Цмок ці баран?

Археолаг Андрэй Вайцяховіч лічыць, што гэта можа быць цмок або іншая жывёла, у якой ёсць дзюба. Гісторык Яўген Малікаў мае сваё меркаванне, ён ідэнтыфікуе скульптуру як галаву барана з характэрнай выцягнутай мордай і закручанымі рагамі.

Малікаў прыводзіць у прыклад Мірскі замак, дзе на знешняй паверхні паўднёвай сцяны выступае камень, форма якога нагадвае галаву барана. Той факт, што нашы продкі ўбудоўвалі скульптурныя выявы галавы барана ў знешнюю абарончую драўляна-земляную сцяну — вал гарадзішча на Менцы Х – першай паловы ХІ стагоддзя і ў каменную сцяну замка ў Міры пачатку ХVI стагоддзя, магчыма, з’яўляецца сведчаннем нейкіх вельмі старажытных уяўленняў нашых продкаў аб дадатковых магічна-рытуальных спосабах умацаваць свае абарончыя збудаванні.

На жаль, захаванасць скульптуры не дае магчымасці бясспрэчна ідэнтыфікаваць увасобленую істоту, асабліва пры адсутнасці аналагаў у гэтым гістарычным перыядзе старажытных княстваў. Таму мы звярнуліся да адмыслоўца з просьбай патлумачыць функцыю гэтай скульптуры.

Бервяно са скульптурай з’яўлялася важнай часткай канструкцыі абарончай сцяны гарадзішча

— Вала, які захаваўся да нашых часоў, напачатку не было, а была драўляная сцяна на вышыню гэтага вала. Вал узнік тады, калі тая драўляная сцяна праз 200-300 год ад узвядзення пачала гніць і разбурацца. Тады яе проста прывалілі зямлёй, зрабіўшы з яе высокі вал, які абапіраецца на рэшткі старой драўлянай сцяны.

Абарончая сцяна старажытнага гарадзішча на рацэ Менка. Від зверху. Чырвоным пазначана размяшчэнне бервяна са скульптурай.

Пачатковая ахоўная сцяна гарадзішча ўтваралася з клецяў, плошчай па 4 квадратныя метры і вышынёй 6 метраў. Гэтыя клеці без дзвярэй і вокнаў былі запоўненыя глеем і вельмі шчыльна пастаўленыя. Такім чынам гэтыя драўляныя зрубы ўтваралі старажытнюю сцяну.

Знойдзеная скульптура была на кутнім бервяне гэтай сцяны.

Разрэз старажытнай сцяны гарадзішча. Злева ў насыпным вале — берме — паказана размяшчэнне бервяна са скульптурай.

На момант раскопак бервяно знаходзілася пад бермай — пад маленечкім вале ў аснове сцяны. Яно мела канкрэтную функцыю: як крук утрымлівала верхнія венцы сцяны з вонкавага боку. Такіх канструкцый было некалькі.

Чаму скульптура была закапана ў зямлі, схавана ад вачэй?

— Мастацтва ў тыя часы, — тлумачыць адмысловец, — мела зусім іншае прызначэнне, чым цяпер. Яно было звязана з магіяй і выконвала функцыю магічнага абярэгу. Таму скульптура была схавана ад варожых вачэй, каб выконваць свае непасрэдныя функцыі — аберагаць гарадзішча.

Аналагаў знаходцы пакуль не вядома, таму яе з поўным правам можна назваць сенсацыйнай. Акрамя таго, яна ўскосна пацвярджае некалькі гіпотэз. Першая з іх: Менск дакладна першапачаткова паўстаў на гарадзішчы ля ракі Менка. І другая: Менск быў даволі развітым горадам, не горшым за Полацак. Першынства Полацка абумоўлівалася ў тыя часы яго лепшым геаграфічным становішчам.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!