На Падляшшы пачаўся фестываль беларускай аўтарскай песні «Бардаўская восень» — фотафакт

Фестываль беларускай аўтарскай песні «Бардаўская восень» адбываецца ў 28-мы раз. У 2022 годзе, пасля двухгадовага перапынку, фестываль вярнуўся ў абноўленым фармаце. Цяпер на ім гучыць не толькі музыка, але адбываюцца літаратурныя і тэатральныя выступленні. Арганізатарам фестывалю цяпер з’яўляецца фундацыя TUTAKA.

«Фестываль адбываецца напрыканцы кастрычніка. Гэта час, калі згадваюць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. І ўсё злучаецца: і музыка, і Ноч (не)расстраляных паэтаў, і восень, якая спрыяе развагам. У нас атрымалася музычна-літаратурная імпрэза, якая спадабалася і нам, і гледачам«, — распавядаў reform.by сябра праграмнай Рады TUTAKA Зміцер Косцін.

Фотасправаздачу з фестывалю дало «Беларускае Радыё Рацыя».

Фестываль беларускай аўтарскай песні «Бардаўская восень». Фота: racyja.com

27 кастрычніка фестываль распачаўся ў Бельскім Доме культуры — для слухачоў з праектам «Край» выступіла музыка і спявачка Кацярына Ваданосава.

У наступныя дні «Бардаўская восень» пакрочыць далей — у суботу свята пройдзе ў гмінным асяродку культуры ў Орлі, а скончыцца ў нядзелю ў Беластоку.

Фестываль беларускай аўтарскай песні «Бардаўская восень». Фота: racyja.com

Сярод гасцей «Бардаўскай восені» — бард Алег Кабзар, гурты Relikt, WZ Trio, B:N, а таксама акцёр Міхаіл Зуй.

Сёлетні фестываль прысвечаны памяці паэткі Надзеі Артымовіч, размова-ўспаміна пра яе адбылася ў першы дзень фестывалю. Музыка Алег Кабзар паспеў стварыць з Надзеяй супольны праект «Бераг», апрацаваўшы вершы паэткі і паклаўшы іх на музыку. Канцэрт Алега Кабзара пройдзе сёння ў Орлі.

Фестываль беларускай аўтарскай песні «Бардаўская восень». Фота: racyja.com

Сёння таксама чакаецца дыскусія „Беларуская літаратура Падляшша” і выступленне Змітра Вайцюшкевіча і WZ-Orkiestra.

У трэці дзень ў Беластоку адбудзецца паказ спектакля „Святло ў цемры” Тутэйшага тэатра.

Увесь расклад мерапрыемстваў тут.

Уваход на ўсе мерапрыемствы фестывалю вольны.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!