Камунальнае прадпрыемства «Мінская спадчына», якая адказвае за рэканструкцыю і рэстаўрацыю гістарычнай забудовы, рыхтуе рэстаўрацыі і мадэрнізацыі мінскіх Кальварыйскіх могілкаў, — заўважыла «Наша Ніва».
Плануецца абследаванне тэхнічнага стану будаўнічых канструкцый і інжынерных сістэм перад пачаткам капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй і рэстаўрацыяй касцёла Узвіжання Святога Крыжа, шасці капліц-пахавальняў і ўваходнай брамы.
Аднак тэлеграм-канал «Спадчына» піша, што капліц на могілках не 6, а 8: «На руініраваныя капліцы забыліся? Ці забыліся прызнаць іх каштоўнасцямі, і цяпер яны ў статусе «будаўнічнага друзу»?«.
Выданне «Наша Ніва» з падазрэннем зрэагавала на навіну пра капітальны рамонт касцёла: «Як і ў выпадку з Чырвоным касцёлам, тут ізноў фігуруе «Мінская спадчына». Таму ўзнікае справядлівае пытанне, ці не стануць работы на мінскай Кальварыі афіцыйнай нагодай для закрыцця касцёла Узвіжання Святога Крыжа, то-бок чарговай рэпрэсіўнай мерай супраць беларускіх каталікоў?«. Нагадаем, што восенню мінулага года «Мінская спадчына» скасавала дамову аб бязвыплатным карыстанні памяшканнямі Чырвонага касцёла з Рымска-каталіцкай парафіяй святога Сымона і святой Алены.
Касцёл Узвіжання Святога Крыжа быў узведзены ў 1839-1841 гадах (на месцы старога, які згарэў) у стылі псеўдаготыкі. У 1980-м ён стаў першым у паваенны час дзейсным каталіцкім храмам у горадзе, тады ж і быў адрэстаўраваны.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram