Міжнародны фестываль фатаграфіі «ФотоКрок» імя Сігізмунда Юркоўскага ладзіцца ў Віцебску ўжо ў восьмы раз. Сёлета ў яго разнастайнай праграме, якая адбудзецца з 21 па 25 чэрвеня, заяўлены праект, прысвечаны Данбасу, і выстава «Мариуполь-2022. Послесловие».
Сярод пятнаццаці выстаў праграмы толькі тры праекты беларускіх аўтараў. Астатнія — фатографаў з Расіі.
Асобны блок фестывалю — фатаграфія прапаганды расійскай вайны ва Украіне.
Так, аўтарам выставы і фотаальбома пра Марыупаль з’яўляецца фатограф з Растова-на-Доне Сяргей Вяняўскі. «[Фатограф] праехаў усе вызваленныя тэрыторыі ад Данецка да Запарожжа і Херсона. Вяняўскі падрыхтаваў першую ў Расіі фотавыставу, прысвечаную вызваленаму Марыупалю», — анансуецца падзея на сайце фестываля.
Яшчэ адна імпрэза — «Донбасс. Война и люди» Дзяніса Грыгарука з Данецка. «Гэта выстава ваенкара аб вайне і свеце, родным Данбасе, аб праклятай вайне і надзеі на доўгачаканы мір», — тлумачыцца ў апісанні. «Мы на пороге важных событий. Впереди нас ждут испытания, но верим, что Победа близка! До неё стоит дожить!» — піша пра свае фотавыказванне Грыгарук.
«Вянчаць» падборку прарасійскіх выстаў будзе ўласна праект «Донбасс. От дней беды до Дня победы», куратарам якога з’яўляецца фатограф і дырэктар фестываля «ФотоКрок» Васіль Пруднікаў.
«Гэта фатаграфічнае рэтраспектыўнае сведчанне ад завязкі на Майдане, праз дзевяцігадовы перманентны стан вайны жыхароў Данбаса да сённяшніх падзей, якія актыўна развіваюцца ў рэгіёне. Выстава складаецца з асобных міні-праектаў розных аўтараў: як прафесійных фотарэпарцёраў, так і мясцовых жыхароў Данбаса ў рэтраспектыўнай падачы ад 2014 да 2023 года», — распавядае пра адмысловую падборку фота па тэме Пруднікаў.
Фатограф, журналіст, выдавец, куратар фотавыстаў, аўтар і кіраўнік праекта «РУСС ПРЕСС ФОТО» Васіль Пруднікаў вядомы сваёй прарасійскай і праваеннай пазіцыяй. Ён ладзіць фотафестываль у Віцебску ўжо на працягу васьмі гадоў: сярод партнёраў форуму — мясцовыя ўлады і ўстановы культуры. Сёлета «міжнародная падзея», мэтай якой — «стварыць пляцоўку адлюстравання разнастайнасці навакольнага рэчаіснасці з дапамогай фатаграфіі», адкрыта пераўтварылася ў пракрамлёўскае мерапрыемства.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram