Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне», які пройдзе сёлета з 13 па 26 лістапада, пахваліўся колькасцю дасланых заявак на конкурс Беларускага кіно, што адбудзецца ў праграме форуму. Так, каманда фэсту агулам атрымала 59 стужак ад беларускіх фільммейкераў, і 28 з іх — ігравыя кароткаметражныя працы. «Сучаснае беларускае кіно існуе», — канстатуюць арганізатары.
«Беларускі кінематограф вядомы збольшага дакументальнымі фільмамі, але ж сёлета большасць заявак — ігравыя! Усяго 28 прац. Акрамя іх, заявілі 18 дакументальных, 10 эксперыментальных і 3 анімацыйныя», — інфармуе каманда «Ззяння».
Таксама на конкурс пададзены і адзін поўнаметражны фільм.
Сёлета Беларускі конкурс можна будзе пабачыць як у анлайн, так і ў афлайн-рэжыме. Праграмным дырэктарам Беларускай праграмы – адной з дзвюх галоўных секцый агляду — выступае кінааналітык і экс-праграмны дырэктар кінафестывалю «Лістапад» Ігар Сукманаў.
Назвы фільмаў, якія пройдуць адбор і возьмуць удзел у кінафестывалі, будуць абвешчаны ў кастрычніку-лістападзе.
У цэлым дзявятая эдыцыя форум скандынаўскага, балтыйскага і беларускага кіно пройдзе ў гібрыдным фармаце: анлайн фільмы «Паўночнага ззяння» можна будзе глядзець на сайце фестывалю; афлайн – у кінатэатрах некалькіх краін свету — у Таліне, Вільне і Стакгольме, анансавала падзею дырэктарка форуму Воля Чайкоўская.
Нагадаем, што ў падборцы фільмаў фестываля рабіўся акцэнт на кіно розных жанраў і настрояў, эксперыментальных карцін, аўтарскіх, вострасацыяльных, – чакаем такога ж узроўню ад новага фэсту.
Заўважым, што «Паўночнае ззяне», які ў мінулым годзе падтрымаў Украіну адмысловай праграмай фільмаў «Ukraine mon amour», сёлета сам мае патрэбу ў дапамозе.
Даведацца больш пра яскравы фэст можна тут.