«Класная дама» — такую назву мае сцэнар за аўтарствам Андрэя Курса да будучай ігравой карціны пра беларускую школу і настаўнікаў. Вынікам адмысловага сцэнарнага конкурсу па тэме падзялілася ў сваім тг-канале Міністэрства культуры.
Аўтар сцэнара-пераможцы Андрэй Курс — па адукацыі настаўнік біялогіі, магістр педагогікі, але мае досвед сцэнарнай працы. Ён з’яўляецца суатарам сцэнарыя да расійскага серыяла «Каралева прыгажосці» і сцэнарыстам беларускага сіткома «Ілюзіі», што быў пастаўлены на «Беларусьфільме» рэжысёрам Іванам Паўлавым у 2019 годзе. Удзел у апошнім, прызнацца, не дадае балаў адмыслоўцу — «Ілюзіі» сталіся адным з самых правальных праектаў «Беларусьфільма». Праўда, па чыёй віне — тут складана сказаць.
Пра што будзе актуальная праца літаратара?
Па інфармацыі ведамства, сцэнар распавядае «пра шлях прафесійнага станаўлення выпускніцы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Таццяны».
Дзяўчына прыехала працаваць па размеркаванні ў сельскую школу Лідскага раёна і сутыкнулася з 11А — класам, «у якога ёсць свае таемныя правілы жыцця». Драматычнае развіццё ўзаемастасункаў «класнай дамы» і вучняў 11А і будзе адлюстравана ў стужцы.
Вядома, што Андрэй Курс сам заканчваў БДПУ імя М.Танка, ён з’яўляецца аўтарам артыкулаў і навукова-папулярных кніг. Акрамя ўдзелу ў серыяльных праектах «Каралева прыгажосці» і «Ілюзіі» ён займаўся напісаннем сцэнароў да тэлепраграмы «Фартыфікацыя».
Плануецца, што прэм’ера будучай карціны адбудзецца да Дня Настаўніка ў 2025 годзе.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: