На «Беларусьфільме» запусцілі ў вытворчасць ігравы фільм пра дзяржаўныя сімвалы

«Культурны код» — такую рабочую назву мае новая ігравая карціна Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», здымкі якой на гэтым тыдні праходзілі ў Мінску. Маладзёжны фільм, які будзе спалучаць прыёмы ігравога і дакументальнага кіно, распавядае пра дзяржаўныя сімвалы, падзяліўся тэлеграм-канал Міністэрства культуры, а рэжысёрам праекта выступае малады аўтар кампраміснай камедыі «Кіношнікі» Кірыл Халецкі.

«Калі падчас прагулкі па Верхнім горадзе ці Траецкім прадмесці да вас падыдзе малады чалавек з пытаннем: «Як пачынаецца Дзяржаўны гімн Беларусі?» ці «Колькі пялёсткаў на кветкі лёну на дзяржаўным гербе?» — не здзіўляйцеся. Гэта не жарт і не розыгрыш. «Беларусьфільм» запусціў новы маладзёжны фільм пра дзяржаўныя сімвалы Беларусі пад працоўнай назвай «Культурны код», — так прадстаўляе ведамства новы праект.

Кадры з праекта «Культурны код». Фота: тэлеграм-канал Міністэрства культуры.

Сюжэт карціны падаецца наступны чынам: «Студэнты-дыпломнікі Акадэміі мастацтваў — мэтанакіраваная выдатніца і абаяльны троечнік-шалапай — атрымліваюць няпростае заданне: зняць фільм пра дзяржаўныя сімвалы краіны. Ім трэба будзе ўзяць інтэрв’ю ў многіх людзей, пабываць у Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці, прыняць удзел у аўтапрабегу і нават засняць акцыю «Праспяваем гімн разам!». Гісторыя пачынаецца з гарачай творчай спрэчкі…».

Адзначаецца, што стужка будзе спалучаць прыёмы ігравога і дакументальнага кіно.

«Аказваецца, на сур’ёзную тэму можна гаварыць нестандартна і цікава», — падкрэслівае ведамства, і хваліць і як ідэю праекта, так і яго выканаўцу — «залатога хлопчыка» «Беларусьфільма» Кірыла Халецкага.

Кадры з праекта «Культурны код». Фота: тэлеграм-канал Міністэрства культуры.

Пры гэтым і прыём з выкарыстаннем ігравога і дакументальнага кіно, і выхад на вуліцы горада з апытанкай мінчукоў, гарачыя творчыя спрэчкі, здымкі фільма ў фільме — усе гэтыя творчыя захады былі аднойчы выкарыстаны ў адной з нядаўніх кінастужак «Беларусьфільма» — «Гэта я, Мінск» Дзмітрыя Дзядка і Андрэя Грынько. Карціна, якую ў 2022 годзе «паклалі на паліцу», распавядала пра горад Мінск, а не пра дзяржаўныя сімвалы, і мела на мэце, скажам шчыра, цалкам іншыя творчыя задачы. І пры тым, што праект у 2021 годзе быў ухвалены ўладамі да паказу ў кінатэатрах, «Гэта я, Мінск» па невядомых прычынах так і не прадэманстравалі шырокаму гледачу, а зусім нядаўна дык увогуле інфармацыя пра кіно знікла з афіцыйнага сайта кінастудыі. Ці з’яўляецца гэта супадзеннем? Складана сказаць, але тое, што «Культурны код» у выбары прыёмаў знаходзіцца «пад уплывам» «Гэта я, Мінск» — не будзе перабольшаннем.

Паказаць новую карціну Кірыла Халецкага гледачу плануюць ужо ў верасні.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.