Спектакль «Сабакі Эўропы» Belarus Free Theatre ў сакавіку прыме ўдзел у найбуйнейшым аўстралійскім фестывалі мастацтваў у Адэлаідзе.
Гэты спектакль, пастаўлены рэжысёрам Мікалаем Халезіным, увайшоў у дзясятку лепшых брытанскіх спектакляў года. Яго сусветная прэм’ера адбылася ў Лондане ў сакавіку 2022-га.
З нагоды прыезду тэатральнага калектыва ў Аўстралію часопіс The Advertiser апублікаваў артыкул пад назвай «З выгнання: унутры самай мужнай тэатральнай групы на планеце». Артыкулам падзяліўся Мікалай Халезін на сваім тэлеграм-канале.
Патэнцыйнага гледача спектакля ўводзяць у беларускі кантэкст і апісваюць гісторыю Свабоднага тэатра, які змушаны шмат гадоў працаваць у эміграцыі. Тэатральная прадусарка тэатра Наталля Каляда расказвае, як на працягу 18 гадоў тэатр заўсёды прамаўляў пра пагрозы, якія ідуць з гэтага «геапалітычнага вузла»: «Вайна ва Украіне пачалася не 24 лютага 2022 года – вайна пачалася ў 2014 годзе, а да гэтага была анексія Грузіі Расіяй. Да гэтага ў нас у Беларусі 28 гадоў была дыктатура…
Заходняя дэмакратыя не змагла зразумець, што адбываецца, і рабіла выгляд, што ўсё абсалютна нармальна».
Спектакль «Сабакі Эўропы» быў выпушчаны ў лютым 2020-га, у маі яго планавалі паставіць у Лондане, аднак з-за ковіду паказ быў адменены. Тады гэты спектакль успрымаўся як папярэджанне. «Цяпер, — кажа Наталля Каляда, — мы не гаворым аб папераджальным стрэле. Цяпер мы кажам, што павінны спыніць гэта, каб стабілізаваць рэгіён, каб стабілізаваць Еўропу, каб вайна не выйшла за межы еўрапейскага кантыненту».
Беларускі Свабодны тэатр выкарыстоўвае сумесь абсурдысцкага гумару і перформенсу, каб перадаць складаныя праблемы і абвергнуць прапаганду. У спектаклях ужываюцца асабістыя гісторыі, а таксама метад, які называецца поўным пагружэннем, калі акцёры цалкам пагружаюцца ў перажыванні.
Расія стварае новы рэйх, а ў Беларусі адбываецца татальная русіфікацыя, «таму каб выжыць, — тлумачыць Каляда, — мы будзем выкарыстоўваць шмат чорнага гумару, шмат іроніі, мы будзем дзіка танцаваць і мы будзем гучна спяваць — таму што прырода дыктатуры ў тым, каб сцерці нас з твару зямлі, і адзіны спосаб для нас – гэта смяяцца ім у твар — і гучна, прыгожа спяваць. Наша зброя вельмі простая – гэта тэатр».
У спектаклі даводзіцца, што ўсе людзі з’яўляюцца саўдзельнікамі сваіх урадаў. «Мы вывучаем прыроду чалавечага абыякавасці, калі чалавек думае, што нехта іншы вырашыць праблему за яго або за яе. Але рэальнасць такая, што, пакуль вы стаіце і назіраеце, як парушаюцца чыесьці правы, у гэты момант вы становіцеся саўдзельнікам», — завяршае свае разважанні Наталля Каляда.
Спектакль «Сабакі Эўропы» пакажуць у тэатры Dunstan з 2 па 6 сакавіка, падчас фестывалю мастацтваў у аўстралійскім горадзе Адэлаіда.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram