Ала Савашэвіч — беларуская мастачка, якая дзевяць гадоў жыве ў эміграцыі. У 2013 годзе яна прыехала на пленэр у Польшчу, а далей праз нейкі час паступіла ва Eugeniusz Geppert Academy of Fine Arts. Скончыла Акадэмію і працягнула навучанне ў аспірантуры ў Кракаве. А потым — пачаўся 2020 год.
Зараз у Алы Савашэвіч ладзіцца персанальная выстава ва ўроцлаўскім культурным цэнтры Piekarnia Żywa Kultura — і гэта несумненны поспех для беларускай аўтаркі. Праект, які мае назву «Broń i chroń» (што можна перакласці як «Барані і захоўвай») прысвечаны жанчынам, іх нябачнай працы і трансфармацыі ролі жанчын у грамадстве. А таксама мастацкае выказванне аўтаркі ўтрымлівае і рэха падзей 2020 года.
Як удалося беларускай мастачцы ўвайсці ў польскі мастацкі асяродак? Чым для яе стаўся 2020 год? Ды ў які момант жаночы фартушок пераўтвараецца ў даспехі? Reform.by удалося паразмаўляць з Алай Савашэвіч пра яе шлях і мастацтва.
Даведка: Ала Савашэвіч нарадзілася ў 1989 годзе ў Століне. Скончыла Глебаўскае вучылішча, вывучала скульптуру ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у Мінску і ў Акадэміі мастацтва і дызайну імя Эўгеніюша Гепэрта ва Уроцлаве, зараз вучыцца ў дактарантуры Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Кракаве. Стварае скульптуры, інсталяцыі і відэаработы. Яе працы даследуюць тэмы калектыўнай памяці і фарміравання ідэнтычнасці ў грамадствах з вопытам аўтарытарызму і патрыярхату. Працы мастачкі паказваліся на выставах у Беларусі, Польшчы, Украіне, Германіі, Аўстрыі. Імя творцы згадваецца ў праекце пра жанчын-мастачак Усходняй Еўропы — Secondary Archive.
Як усё пачалося
— Яшчэ пасля сканчэнння Глебаўкі (Глебаўскае вучылішча ў Мінску — Reform.by) я хацела паехаць кудысьці вучыцца за мяжу. Спрабавала паступіць у Акадэмію мастацтваў у Парыжы, але не атрымалася. Далей пайшла вучыцца ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Аднойчы ў час вучобы я выпадкова трапіла на пленэр пад Уроцлавам, які арганізоўваў польскі куратар, падзвіжнік беларускай культуры і прафесар Акадэміі мастацтваў ва Уроцлаве Марэк Станелевіч. І на ім спадар Марэк прапанаваў мне працягнуць вучобу. Тады Акадэмія мастацтваў у Мінску мела дамоўленасць з Уроцлаўскай акадэміяй (Eugeniusz Geppert Academy of Fine Art) аб супрацоўніцтве — абмене студэнтамі: я была шчыра здзіўлена, што такая магчымасць ёсць. Але была радая ёй скарыстацца. Спачатку мне далі дазвол бясплатна вучыцца толькі год. Аднак у мяне былі добрыя адзнакі, і па сканчэнні першага года я звярнуліся да рэктара з просьбай працягнуць вучобу. Мне пайшлі насустрач. І так, год за годам, я працягвала навучанне і ў выніку скончыла тут Акадэмію бясплатна.
Я з падзякай стаўлюся тут да сваёй адукацыі. Лічу, што тое, што атрымалася зрабіць, я бы не стварыла ў Беларусі. У Польшчы ёсць вялікія магчымасці — і тэхнічныя, і маральныя, і гэта вельмі крута. Вядома, з пазіцыі мяне сённяшняй пэўныя працэсы вучобы ва Уроцлаўскай акадэміі я ўжо ўспрымаю крытычна — інстытуцыя мае патрэбу у рэформах. Аднак я не буду адмаўляць, што Акадэмія дала мне вельмі шмат.
«Увесь час намагаюся знайсці сваё цела»
— Мая дыпломная праца была звязана з горадам. І яго разуменнем у сувязі з эміграцыяй. Памятаю, як я вярнулся ў Мінск і заўважыла, як у мяне змяніўся фокус на горад. Змянілася ўспрыняцце сябе і прасторы.
А далей я зразумела, што мяне цікавяць тэмы памяці, спадчыны, ідэнтычнасці.
Я бы сказала, што я ўвесь час намагаюся знайсці сваё цела — у прасторы, часе, грамадстве.
Скажам, падчас вучобы я ўспрымала сябе студэнткай. Пасля вучобы — стала асэнсоўваць эмігранткай. У прыватнасці, маёй першай працай у Польшчы было — прыбіраць дом. Спачатку я саромелася распавядаць пра гэта, а потым зразумела, што праз падобны досвед прайшлі многія людзі ў розных краінах.
Зараз у галерэі адкрылася мая выстава — і там я падымаю тэму нябачнай працы жанчын. Якую ролю жанчыны былі вымушаны і выконваюць да гэтай пары, ці змяняецца гэта роля? Палітыка? Безумоўна, яна тут ёсць, як і шмат іншых праблемных тэм, але я кажу пра палітычныя рэчы не наўпрост, а больш складанай мастацкай мовай.
«У 2020 годзе беларусы сказалі: «Досыць!»
— Падзеі 2020 года ў Беларусі мяне ўзрушылі каласальна. Я не была ў гэты час у краіне, але ездзіла да Пасольства Беларусі ў Варшаву, і гэта было неверагоднае адчуванне — быць тут у натоўпе беларусаў, якія нязгодныя з вынікамі выбараў! Падчас вучобы ў Глебаўцы, прызнаюся, я не хадзіла на Плошчу ў Мінску. У мяне не было адчування, што штосьці можна змяніць. Але тут гэта надзея з’явілася. Ды і час нас таксама змяніў.
Вядома, падзеі 2020 года моцна паўплывалі на мяне як мастачку. Адной з першых работаў па тэме 2020 года стала відэа «Аддам рамку для фатаграфіі». Гэта кароткі відэаролік, у якім жанчына ў спадніцы і туфлях на абцасах становіцца на стул і здымае партрэт Лукашэнкі са сцяны. Усе мы памятаем пра гэты рытуал — калі ў кожнай дзяржаўнай інстытуцыі вісіць партрэт Лукашэнкі. Так вось, у 2020 годзе маёй гераіні захацелася яго зняць. А рамку — аддаць камусьці. «Аддам рамку для фатаграфіі» — маўляў, аб’ява ў газеце. Чыйсьці тэрмін скончыўся. У 2020 годзе беларусы сказалі «Досыць!» — і мне хацелася гэты момант зафіксаваць.
Што далей? Я ўважліва сачыла ўвогуле за тым, што адбываецца ў краіне. І, вядома, мяне ўразіў парад на 9 мая, які ў той каронавірусны год зладзіў Лукашэнка. Ён падштурхнуў мяне да наступнай працы — відэперформансу «Вясна святая».
Гэты перформанс — танец, які я выконваю ў ваенным мундзіры, на камеру. Тут адзін з галоўных элементаў — мундзір. Ён пашыты адмыслова з ляўцу. У гэтым матэрыяле цікава тое, што ён прымае тваю форму: адзенне нібыта «падцягваецца» пад твае локці, калені, і гэта важная рэч. У «Вясне святой» я разважала над тым, як праз кантроль нашага цела дзяржава ажыццяўляе кантроль асобы. Мундзір — гэта сацыяльныя рамкі, устаноўкі, выхаванне, у якія мы «ўціснуты», і ў якіх жывем. Мундзір цёплы, але душны, нязручны — літаральна як наша Беларусь.
Прызнацца, перш, чым пашыць гэты мундзір, я перагледзела ўсе парады, якія знайшла на YouTube. Мне было цікава зразумець, як змяняецца гэта, так скажам, шоў. І калі ў 2000-х акцэнт быў на тэатралізацыі, апошнім часам парады станавіліся ўсё больш мілітарысцкімі.
Мне падаецца, наша мірная рэвалюцыя ў 2020-м не ўдалася па той прычыне, што ўсе гэтыя гады мы дазвалялі сістэме вельмі шмат. Паслухмяна апраналі гэтыя сукенкі, мундзіры, формы… У выніку рэжым стаў настолькі моцным, што разбурыць яго ў адзін момант не атрымалася.
«Матэрыял можа кардынальна змяніць прызначэнне рэчы»
— Мае бабуля і мама любілі шыць. Мая сястра ўвогуле абрала кар’еру мадэльера. І мне таксама падабаецца працаваць з адзеннем, вопраткай — але ўжо як мастачцы. У залежнасці ад матэрыялу адзенне можна пераўтварыць у мастацкія аб’екты, знакі, які ўтрымліваюць шмат культурных кодаў, сэнсаў.
Скажам, для выставы я зрабіла з металічных петляў некалькі сашэ — шалікаў. Памятаеце, стужкі з тканіны, якія апранаюцца на «міс прыгажосць», «найлепшых працоўнікаў сяла», «найлепшых працоўнікаў месяца»? Так вось, гэтыя повязі зроблены ў мяне з металічных завесаў. Атрымаліся такія шалікі з кальчугі. Матэрыял можа кардынальна змяніць прызначэнне рэчы.
З кальчугі я таксама зрабіла і дзявочы фартушок, узор школьнага фартушка — адзенне, якое мы прызвычаіліся бачыць на жанчынах. Цяпер гэта не звычайная рэч, якая ўпрыгожвае ці абараняе ад пылу, бруду, а ў пэўным сэнсе даспехі. Умоўна кажучы, гэта адсылка да пэўнай бітвы, якую вядзе жанчына за свае правы. Фартушок, які пераўтваецца сёння для жанчын і ў цяжар, і ў сродак абароны.
Пра «Broń i chroń»
— Апошнім часам я пачала працаваць з саломкай. Гэта матэрыял крохкі, далікатны, але ў ім столькі магчымасцей — гульня святла, уласна, фактура. Калі разгладжваеш саломку — адбываецца штосьці неверагоднае.
Для выставы я зрабіла адмысловую серыю са шчыткоў. На шчытах на фоне камуфляжных патэрнаў выяўлены кветкі — ружы, ліліі, касачы… Гэта ўсё зроблена з саломкі.
З аднаго боку, тут ёсць адсылка да тэмы традыцыйнага беларускага мастацтва, калі нашы бабулі, матулі ўпрыгожвалі адзенне ўзорамі кветак. Сёння «лічбавыя» кветкі, кітчавыя гіфкі з арнаментамі, выявы ружаў, рамонак, васількоў — людзі адпраўляюцца адзін адному на дзень народзінаў, святы ў сацсетках — і гэта таксама, на мой погляд, вельмі кранальна.
З іншага боку, гледзячы на мае шчыткі, можна ўзгадаць і акцыю жанчын з кветкамі ў белым ў 2020 годзе. Калі супраць гвалту на вуліцы выйшлі жонкі, дзяўчыны, сёстры, матулі — і яны трымалі ў руках адзіную зброю — кветкі.
Вядома, у гэтых працах ёсць адсылка да мужчынскага — a la ваеннага, таму што мы прызвычаіліся так успрымаць рэальнасць. Але я спрабую паказаць праз сімвалы, што ў прасторы дому, кухні, куды жанчын пастаянна адсылаюць, таксама адбываецца бітва. Я намагаюся звярнуць увагу на тое, колькі робяць жанчыны. У мірны час, і асабліва ў часы вайны. Колькі сёння прыходзіцца трымаць украінкам, і як яны даюць рады у той час, калі іх мужчыны на фронце. Я хачу паказаць цяжкую, але часам нябачную працу жанчын, якую яны прызвычаіліся браць на сябе і несці праз усё жыццё. І ўчора, і сёння.
«Польшча змяняецца праз жанчын»
— З кожным разам я заўсёды сябе параўноўваю — якой была ў Мінску, і якой стала тут. І магу прызнаць, што Польшча мяне выхавала — выхавалі мае сяброўкі-полькі, якіх знайшла пасля пяці гадоў навучання. Мне вельмі радасна зараз бачыць, як змяняецца Польшча дзякуючы высілкам жанчын.
«Эміграцыя падзяліла беларускі мастацкі свет»
— Сёння шмат мастакоў, музыкантаў, літаратараў выязджаюць з Беларусі і сутыкаюцца з рэальнасцю эміграцыі. Трэба шукаць працу, вучыць мову, і гэта ўсё займае час, патрабуе высілкаў. Творцы сутыкаюцца з жорсткай канкурэнцыяй: з аднаго боку, мы канкуруем паміж сабой, з іншага, з тымі, хто тут жыве — гэта вельмі складна і цяжка, выклікае розныя эмоцыі. У цэлым, мне падаецца, што наша арт-супольнасць падзелена: на тых, хто застаўся, і тых, хто з’ехаў. Але, на маю думку, гэта штучны падзел.
Для беларускіх мастакоў, у прынцыпе, калі мы кажам пра міжнароднае прызнанне, іншага шляху няма — трэба рабіць якасныя работы і выходзіць на еўрапейскій рынак.
«Мы абавязкова вернемся»
— Калі я думаю пра дом, то прыгадваю балоты. Я родам са Століна, з Палесся. Мы з бацькамі хадзілі па журавіны на балоты, і гэта неверагодны досвед, якія я мару паўтарыць, калі вярнуся. Нашы балоты — касмічныя месцы! Вельмі сумую па бацьках, па родных мясцінах, і прагну ўбачыць іх усёй душой.
Сёння я шпацыравала ў парку і думала пра восень. Успомніліся школьныя гады, калі я вачыма праводзіла птушак, якія ляцелі ў вырай. Памятаю, што я тады адчувала — гэта быў сум і адначасова надзея — яны ж мусяць вярнуцца. Зараз калі я думаю пра беларусаў, вымушаных эміграваць у розныя краіны, я таксама сумую, што ўсё так здарылася. Пакуль наша вясна затрымалася, але надзея ёсць — мы абавязкова вернемся.
Ёанна Сакалоўска, куратарка выставы «Broń i chroń» Алы Савашэвіч, адмыслова для Reform.by падзялілася сваім меркаваннем пра творчасць беларускай мастачкі:
— Выказванне Алы Савашэвіч для мяне — гэта пра моц мастацтва. Калі ты можаш прапрацаваць сваю ўласную гісторыю, штосьці вельмі асабістае, унікальнае, звязанае з тваёй лакальнасцю, і трансфармаваць гэта ў пасланне жаночай салідарнасці. Я з вялікай павагай стаўлюся да каранёў Алы, я неабыякавая да тэорыі фемінізму, якая тут задзейнічана, але больш за ўсё выклікае маю павагу тое, што мастачка, не адмаўляючы цяжар сваёй спадчыны, трансфармуе яго. Ала Савашэвіч мяркуе, што вызваленне — гэта не тэорыя, канцэпты, яно «заземлена» ў целе, памяці, тваёй працы. І гэта пасланне зразумела жанчынам у кожнай краіне — шмат хто з нас была прызвычаіўшыся несці цяжар чаканняў «быць жанчынай». І ў сучасным свеце жанчыны хочуць пабудаваць кар’еру, мы прагнем гэтых здзяйсненняў, — і гэты таксама цяжкі шлях. Гэта не значыць, што мы павінны адмаўляцца ад нашых памкненняў, але жанчыны мусяць разумець, якую моц яны маюць, і выкарыстоўваць яе так, як лічаць яны самі, а не хтосьці іншы.
6 снежня а 18.00 адбудзецца экскурсія па выставе Алы Савашэвіч «Broń i chroń» у 66P Subiektywna Instytucja Kultury (PIEKARNIA Żywa Kultura) ва Уроцлаве. Адрас: Księcia Witolda, 66.
Паглядзець выставу можна будзе да 13 студзеня 2024 года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: