2400 рублёў – сума, якую застаецца сабраць на надмагільны помнік пісьменніку, класіку беларускай літаратуры Змітраку Бядулю.
3 лістапада 1941 года ён памёр у эвакуацыі ў Казахстане, дзе быў пахаваны на гарадскіх могілках. У 2020-м парэшткі Бядулі былі перапахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
Напрыканцы вясны 2023 года Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ініцыяваў збор сродкаў на вытворчасць і ўстаноўку надмагільнага помніка Змітраку Бядулю (аўтар эскіза – скульптар Сяргей Гумілеўскі).
Музею неабходна было сабраць 12,5 тысяч беларускіх рублёў. На дадзены момант, дзякуючы неабыякавасці ўсіх, хто адгукнуўся на заклік аб дапамозе, на дабрачынным рахунку назбіралася 10,1 тыс. руб. Такім чынам, 2400 рублёў – сума, якую застаецца сабраць. Збор працягваецца.
З гэтай нагоды музей «Беларуская хатка» ладзіць дабрачынныя экскурсіі – заробленыя грошы будуць пералічаны на спецыяльны рахунак, дзе акумулююцца сродкі на стварэнне надмагільнага манумента класіку.
Дом-музей «Беларуская хатка» названы ў гонар клуба мінскай інтэлігенцыі, сябрамі якога былі Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля і іншыя дзеячы беларускай культуры. Разам з сёстрамі Рэняй і Геняй Змітрок Бядуля пражыў у гэтым доме з 1915 па 1918 гады. Тут у кастрычніку 1916 года Бядуля даў прытулак ужо хвораму Максіму Багдановічу, саступіўшы яму самы вялікі пакой. Гэта адзіны ацалелы будынак у Мінску, па-сапраўднаму звязаны з Максімам Багдановічам.
На экскурсіі вы больш даведаецеся пра Змітрака Бядулю як таленавітага пісьменніка, чые творы былі ўзгадаваныя на беларускай глебе, напітаныя фальклорна-міфалагічнымі крыніцамі, напоўненыя любоўю да роднай зямлі і беларускага народа. Вы адкрыеце для сябе Змітрака Бядулю як актыўнага ўдзельніка літаратурна-грамадскага руху пачатку XX стагоддзя ў Мінску.
Кошт: 20 руб.
Дата і час: 2 сакавіка, 15.00; 6 красавіка, 15:00.
Месца: Мінск, Рабкораўская, 19 (філіял «Беларуская хатка»).
Запіс па тэл. +375 (17) 363 94 65 або праз паведамленні ў сацыяльных сетках.
Зрабіць свой унёсак на дабрачынны рахунак для ўстаноўкі надмагільнага помніка Змітраку Бядулю можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram