З 22 кастрычніка па 19 лістапада ў канцэртнай зале Сафійскага сабора пройдзе XXVIII Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі». Фестывальная праграма абяцае аматарам класічнай музыкі прэм’еры твораў, новыя імёны кампазітараў, яркія выступы творчых ансамблей.
На сёлетнім фестывалі будуць адзначаны такія значныя для Сафійскага сабора юбілейныя даты, як 35 гадоў творчай дзейнасці заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ксеніі Пагарэлай і 15 гадоў з дня заснавання камернага аркестра «Еўропа-Цэнтр» пад кіраўніцтвам Раіля Садыкава. Яны адкрыюць XXVIII Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі» 22 кастрычніка вялікім канцэртам.
Расійская арганістка Кацярына Мельнікава, майстар імправізацыі, кампазітар, аўтар транскрыпцый і перакладанняў для аргана, прадставіць сольную праграму «Музычныя калекцыі» 29 кастрычніка.
5 лістапада Ксенія Пагарэлая, аўтарка ідэі правядзення фестывалю «Званы Сафіі», які стаў візітнай карткай горада Полацка, а Сафійскі сабор ― цэнтрам сусветнага арганнага выканальніцтва, выканае шэдэўры сусветнай арганнай музыкі.
Ансамбль салістаў архікафедральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Панны Марыі горада Мінска і арганіста Уладзіміра Неўдаха выканае выканае духоўную музыку кампазітараў XIX—XX стст. Праграма пад назвай «Вечная прыгажосць» пройдзе 12 лістапада ў Сафійскім саборы.
Завершыцца свята музыкі выступленнем міжнароднага арганна-вакальнага дуэта ― Кацярыны Івановай (Беларусь) і Таццяны Сучковай-Гаўрыілавай (Расія). 19 лістапада ў праграме канцэрта прагучыць музыка розных эпох і стыляў.
Квіткі на канцэрты фестывалю прадаюцца ў касах Сафійскага сабора, Музея беларускага кнігадрукавання і Прыродна-экалагічнага музея. Можна набыць квіток анлайн.
Уся праграма тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram